2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Гэта ўжо вось другі ліст пішу вам, умілаваныя; у вадным і другім жадаю падбадзёрыць чыстыя думкі вашыя, прыпамінайчы,
Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, улюбёныя, у якім нагадваньнем пабуджаю чыстае разуменьне вашае,
каб вы не зацерлі ў сваёй памяці раней сказаныя словы Прарокаў ды пераданую вашымі Апосталамі запавесьць. Ўсеспадара й Збавіцеля нашага.
каб вы ўзгадалі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і прыказаньне Госпада і Збаўцы, [перададзенае] апосталамі нашымі,
Тое перадусім ведайце, што ў вапошніх днях выступяць з кпінамі насьмявальнікі, ведзеныя сваёю похатнаю трасцаю,
разумеючы спачатку, што ў апошнія дні прыйдуць ла́яльнікі, якія ходзяць паводле сваіх уласных пажаданьняў,
і пытацімуць: Дзеж тое запавешчанне й прыйсьцё яго? Адкалі бо сталі ўміраць айцы, ўсё гэтак застаецца, як ад пачатку стварэння.
і кажуць: «Дзе абяцаньне прыйсьця Ягонага? Бо ад [часу], як сталі паміраць бацькі́, усё гэтак застаецца ад пачатку стварэньня».
Так гадаючыя ня ведаюць таго, што словам Божым неба і зямля калісь з вады і праз воду паўсталі,
Бо ад тых, якія хочуць гэтак [думаць], утоена, што нябёсы былі здаўна́, і зямля з вады і праз ваду паўстала праз Слова Божае.
таму і загінуў тагдышні сьвет, затоплены вадою.
Дзеля гэтага тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,
А сянняшнія нябёсы й зямля, тымжа словам (Божым) утрымліваныя, захоўваюцца для вагню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.
а цяперашнія неба і зямля, якія Ягонае слова ўтрымлівае, захоўваюцца для агню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.
Ды тое не павінна быць тайнае вам, умілаваныя, што ў Бога адзін дзень, як тысяча гадоў, а тысяча гадоў дзень адзін (Пс. 89:5).
І тое ня можа быць утоена ад вас, улюбёныя, што ў Госпада адзін дзень — як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
Не марудзіць Бог у зьдзейсьнені свайго абяцаньня, як некаторым марудзтвам здаецца, калі абходзіцца з вамі доўгацярпліва, ня хочучы каго загубіць, але давясьці да каяння.
Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубі́ць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня.
Дзень-жа Госпадаў прыйдзе, як злодзей ноччу, прамінуць тады нябёсы з гвалтоўным шумам, стыхіі ад жары растопяцца, згарыць і зямля з усімі творамі на ёй.
Прыйдзе ж дзень Госпадаў, як злодзей уначы, і тады нябёсы з вялікім шумам прамінуць, а распаленыя стыхіі будуць разбура́цца, і зямля, і справы, што на ёй, будуць спаленыя.
Калі вось гэтак усёчыста мае рухнуць, то якіміж павінны быць у сьвятым сужывецтве й пабожнасьці вы,
Калі так усё гэтае разбу́рыцца, якімі мусіце быць у сьвятым ладзе жыцьця і пабожнасьці вы,
прагна чакаючыя прыйсьця дня Божага, ў якім пламянеючае неба разрухнецца, а стыхіі разжараныя счануць?
якія чакаеце і сьпяшаецеся [бачыць] прыйсьце дня Божага, калі нябёсы, палымне́ючы, разбу́рацца, і распа́леныя стыхіі растопяцца?
Мы-ж водле ягонага абяцання — чакаем новага неба й новае зямлі, на якіх зажыве праўда.
А мы, паводле Ягонага абяцаньня, чакаем новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасьць жыве.
Таму, найдаражэйшыя, чакаючы гэтага, старайцеся зьявіцца прад ім неапаганенымі й бязьвіннымі ды ў згодзе,
Дзеля гэтага, улюбёныя, чакаючы гэтага, намагайцеся, каб Ён знайшоў вас у супакоі, неапаганенымі і беззаганнымі.
а паўстрымнасьць Божу уважайце за збаўленне, як і найдаражэйшы брат наш Павал, дзякуючы атрыманай мудрасьці пісаў вам (Рым. 2:4),
І доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўлюбёны брат наш Павал, паводле дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам,
ды як і ў ва ўсіх лістох аб гэтым гавора, ў якіх ёсьць дзе-што й цяжказразумелае і людзі недавучаныя ці неастоістыя выкрыўляюць гэта, як і другія Пісанні, на сваю загубу.
як ён кажа пра гэта ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта складанае да разуменьня, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.
Вы-ж, дарагіе, аб гэтым ужо спапярэджаныя, сьцеражэцеся, каб не апанадзіцца маною самадураў ды не адпасьці ад свае стойкасьці,
Дык вы, улюбёныя, ведаючы [гэта] раней, сьцеражыцеся, каб, захапіўшыся падманам беззаконьнікаў, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня,
але ўзрастаць у ласцы й пазнані Усеспадара і Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса. Яму хвала і цяпер і ў дзень вечнасьці. Амэн.
і ўзрастайце ў ласцы і веданьні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны. Амэн.