2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Былі хвальш-прарокі ў народзе, як і ў вас будуць вучыцялі-лгуны, якія ўвядуць гэрэтыцкія сэкты і, адцураўшыся Збавіцеля іх адкупіўшага, натрочаць на сябе хуткую загубу.
Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя герэзіі і адракуцца Ўладара, Які адкупіў іх, сьцягваючы на сябе хуткую загубу.
І многія пойдуць сьлядамі іхняй распушчанасьці, празь іх і шлях праўды будзе абэшчаны.
І многія пойдуць сьледам за імі на загубу, і праз іх будуць блю́зьніць на шлях праўды,
Ў сваёй заграбучасьці яны лавіцьмуць вас лісьлівымі славамі, але прысуд ім даўно гатовы і загуба іх не абміне.
і яны ў хцівасьці будуць падкупляць вас лісьлівымі словамі; суд для гэтакіх здаўна не бязьдзейнічае, і загуба іхняя ня дрэмле.
Бо калі зграшыўшых анелаў Бог не пашчадзіў, а зьвязаўшы путамі пякельнае цемры каральнае, аддаў захаваць іх на суд;
Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, кінуўшы [іх] у апраметную ў ковах змроку, аддаў пільнаваць дзеля суду;
калі не пашкадаваў першабытнага сьвету, а ўхаваў толькі самавосьмага Ноя, спавесьніка праўды, наводзячы патоп на бязбоязны Бога сьвет;
і калі не пашкадаваў старадаўнага сьвету, але васьмёх з Ноем, весьнікам праведнасьці, захаваў, як навёў быў патоп на сьвет бязбожнікаў;
ды калі гарады Садомцаў і Гоморцаў, асудзіўшы на разбурэнне, абярнуў у попел на показ будучым бязбожнікам;
і калі гарады Садом і Гамору, зрабіўшы попелам, асудзіў на зруйнаваньне, даючы прыклад для будучых бязбожнікаў,
а справядліўца Лёта, прыгнечанага сужыцьцём з людзьмі разбуянае распусты, выбавіў,
а праведнага Лота, крыўджанага бессаромным ла́дам жыцьця беззаконьнікаў, выбавіў,
(гэты бо праведнік, жывучы між імі й штодня відзячы ды чуючы нягодныя паступкі, мучыўся ў сваёй справядлівай душы),
бо гэты праведнік, жывучы́ між імі, з дня ў дзень мучыў праведную душу́ [сваю], бачачы і чуючы справы беззаконныя,
дык знача ведае Бог, як выбаўляць пабожных ад спакушання, а нягоднікаў захоўваць да суднага дня на кару;
дык ведае Госпад, як выбаўляць пабожных ад спакусы, а нягоднікаў захоўваць на дзень суду дзеля пакараньня,
асабліва тых, якія ў нячыстай пажадлівасьці служаць целу, а верхаўладай пагарджаюць, самахвальскіх нахабнікаў, што адважваюцца ганьбячыя анелаў сэкты ўводзіць;
а найбольш тых, якія ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць панаваньнем, якія дзёрзкія, самалюбныя і не баяцца блю́зьніць супраць славы,
тады як анелы, хоць большыя магуцтвам і сілай, не ппадымаюць на іх прад Богам дакараючага суду.
тады як анёлы, большыя [за іх] магутнасьцю і сілай, не выносяць на іх перад Госпадам блюзьнерчага суду.
Яны, як неразумныя жывёла, празначаная з натуры свае на ўлоў ды на ўбой, бэсьцяць тое, чаго не разумеюць і ў бэстыяльсьцьве сваім выгінуць,
Яны, як неразумныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы і зьнішчэньне, блюзьняць на тое, чаго ня ведаюць, і ў сапсутасьці сваёй зьнішчаны будуць.
дастануць адплату за буянства. Бясстыднікі й паскуднікі — штодзенную насалоду адураючаю роскашшу яны ўважаюць за шчасьце, банкетуючы з вамі;
Яны атрымаюць нагароду няправеднасьці, за асалоду лічачы штодзённыя раскошы. Плюгаўцы і паскуднікі, яны насалоджваюцца падманамі сваімі, банкетуючы з вамі,
вочы іхнія заўсёды поўныя грэшнай похаці й прывабы для падатных душ, а сэрцы гатовыя да нажывы — гэта сыны пракляцьця.
вочы маюць поўныя чужалоства і нясупыннага грэху, яны прывабліваюць ду́шы неўгрунтаваныя; дзеці праклёну, яны маюць сэрцы, спрактыкаваныя ў хцівасьці.
Зыйшоўшы з простага шляху, яны зблудзілі, падаўшыся ў сьляды Балаама, сына Босора, які пагнаўся на неправедны подкуп,
Пакінуўшы просты шлях, яны заблукалі, ідучы па шляху Білеа́ма Басоравага, які палюбіў нагароду няправеднасьці,
але быў зганены за свой праступак: бязмовая асьліца ў ярме, прагаварыўшы, людзкім голасам, утамавала дур прарока (Ліч. 22:23−24).
але меў дакараньне за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалавечым голасам, затрымала шаленства прарока.
Гэта крыніцы бязводныя, аблокі бурай ганяныя: іх чакае чорная хмара вечнай цемрадзі.
Яны — крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганя́ныя, для якіх змрок цемры на вякі захоўваецца.
Прамаўляючы бо надутымі й пустымі славамі, яны вабяць у распусную похатнасьць цела тых, што недаўна толькі адхінуліся ад занураных у блудзе;
Бо гаворачы пыхліва марнасьць, яны прывабліваюць пажаданьнямі цела і бессаромнасьцю тых, якія ледзь пазьбеглі тых, што зьвяртаюцца да падма́ну.
суляць ім свабоду, самы будучы рабамі гнілля; хто бо кім пераможаны, той таму й раб.
Яны абяцаюць ім свабоду, а самі яны — слу́гі сапсутасьці, бо хто кім пераможаны, той таму і стаўся слугою.
Бо-ж калі, ўцёкшы ад брыды сьвету праз пазнане Ўсеспадара й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, зноў уцялёпкваюцца ў яе, дык апошнія рэчы іх горшыя за першыя.
Бо калі яны, уцёкшы ад апаганьваньня сьвету праз пазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, ізноў даўшы зьвязаць сябе, пераможаныя ім, апошняе для іх горш за першае.
Лепш былоб ім не пазнаваць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшыць адвярнуцца назад ад пераданага ім сьвятога прыказання.
Бо лепш ім было не пазнаць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенага ім сьвятога прыказаньня.
Але на іх спраўджаецца надта дарэчная прыказка: сабака вяртаецца да сваіх рыготаў, а вымытая сьвіньня — да свайго балота.
Але з імі здарылася паводле праўдзівае прыказкі: «Сабака варочаецца да вані́таў сваіх, а вымытая сьвіньня́ — качацца ў лужыне».