Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі й прыйшоў у граніцы Юдэі на той бок Ёрдану.
І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану.
І пайшлі за ім вялікія грамады, а ён іх аздаравіў тамака.
І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там.
І прыступілі да яго фарызэі й, спакушаючы яго, казалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-небудзь прычыны пакінуць сваю жонку?
І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: «Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?»
Ён-жа ў адказ ім гавора: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай?
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх?
І сказаў: «Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку й матку ды злучыцца з жонкай сваёю і будуць двое ў вадным целе» (Гэн. 2:24).
І Ён сказаў: “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам”.
І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае».
Кажуць яму: А чаму-ж Майзей загадаў даць разводны ліст і пакінуць?
Яны кажуць Яму: «Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?»
Сказаў ім: Майзей дзеля закамянеласьці сэрца вашага дазволіў вам кідаць вашы жонкі, але ад пачатку ня было гэтак.
Ён кажа ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак.
А я вам кажу, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, ды ўзяў-бы другую, чужаложыць. І хто-б узяў пакіненую, чужаложыць.
А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць».
Кажуць яму вучні ягоны: Калі гэтак стаіць справа чалавека з жонкаю, дык няварта жаніцца.
Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца».
Ён-жа сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена.
Ён жа сказаў ім: «Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена.
Ёсьць бо еўнухі, якія гэткімі з лона маці радзіліся, і ёсьць еўнухі, якіх людзі гэтак абладзілі, і ёсьць еўнухі, што самы сябе ачысьцілі дзеля валадарства нябеснага. Хто можа ўцеець, хай уцее.
Бо ёсьць скапцы́, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы́, якія вы́пакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы́, якія самі сябе вы́пакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць».
Тады прынясьлі да яго дзетак. каб узлажыў на іх рукі й памаліўся, а вучні сварыліся на іх.
Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
Але Езус сказаў ім: Пусьцеце дзетак, не перашкаджайце ім прыйходзіць ка мне, бо гэтакіх ёсьць валадарства нябеснае.
А Ісус сказаў: «Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае».
І, ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.
І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
І вось нехта, прыступіўшы, кажа яму: Вучыцель добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?»
Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне добрага? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказанні.
Ён жа сказаў яму: «Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні».
Кажа яму: Які я? А Езус гавора: Не забівай, ня чужалож, не крадзі, ня сьветч хвальшыва.
Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва;
паважай бацьку твайго й матку тваю, ды любі бліжняга свайго, як сябе самога.
шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе».
Кажа яму юнак: Гэтага ўсяго я пільнаваўся ад маладосьці мае, чаго мне яшчэ не стае?
Кажа Яму юнак: «Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?»
Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі прадай што маеш ды дай убогім, а будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі за мною.
Ісус мовіў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною».
Калі-ж пачуў дзяцюк гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікую маемасьць.
Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць.
А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, багатаму трудна ўвайсьці ў валадарства нябеснае.
А Ісус сказаў вучням Сваім: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае.
І ячшэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
Пачуўшы гэта, вучні моцна дзівіліся й гаварылі: Дык хто-ж можа быць збаўлёны?
Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: «Хто ж тады можа быць збаўленым?»
А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».
Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за табою, што-ж будзе нам?
Тады Пётар, адказваючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?»
Езуз-жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, вы, што пайшлі за мною, ў новабыцьці, як Сын чалавечы засядзе на троне славы свае, засядзеце такжа на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным [сьвеце], калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля.
І кожны, хто-б пакінуў дом, ці братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля майго імяні, ўстораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі́ дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае.
Многія-ж першыя будуць апошнімі, й апошнія першымі.
Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.