Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі й прыйшоў у граніцы Юдэі на той бок Ёрдану.
І ста́лася, калі Іісус закончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў у ме́жы Іудзейскія, на той бок Іардана.
І пайшлі за ім вялікія грамады, а ён іх аздаравіў тамака.
За Ім следам пайшло шмат людзей, і Ён ацалíў іх там.
І прыступілі да яго фарызэі й, спакушаючы яго, казалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-небудзь прычыны пакінуць сваю жонку?
І прыступíлі да Яго фарысеі і, спакуша́ючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазво́лена чалавеку разво́дзіцца з жонкай сваёю?
Ён-жа ў адказ ім гавора: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай?
Ён сказаў ім у адказ: хіба́ не чыталі вы, што Тварэц ад пачатку мужчынам і жанчынаю стварыў іх?
І сказаў: «Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку й матку ды злучыцца з жонкай сваёю і будуць двое ў вадным целе» (Гэн. 2:24).
І сказаў: таму пакíне чалавек бацьку і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною,
І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
так што яны ўжо не двое, а адна плоць. Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.
Кажуць яму: А чаму-ж Майзей загадаў даць разводны ліст і пакінуць?
Яны кажуць Яму: чаму тады Маісей запаве́даў даваць разво́дны ліст і разво́дзіцца з ёю?
Сказаў ім: Майзей дзеля закамянеласьці сэрца вашага дазволіў вам кідаць вашы жонкі, але ад пачатку ня было гэтак.
Ён кажа ім: Маісей з-за жорсткасці сэрца вашага дазволіў вам разво́дзіцца з жонкамі вашымі; але спачатку не было так.
А я вам кажу, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, ды ўзяў-бы другую, чужаложыць. І хто-б узяў пакіненую, чужаложыць.
А Я кажу вам: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю не з-за блу́ду і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.
Кажуць яму вучні ягоны: Калі гэтак стаіць справа чалавека з жонкаю, дык няварта жаніцца.
Ка́жуць Яму вучні Яго: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, то лепш не жаніцца.
Ён-жа сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена.
Ён жа сказаў ім: не ўсе разумеюць слова гэтае, а тыя, каму да́дзена,
Ёсьць бо еўнухі, якія гэткімі з лона маці радзіліся, і ёсьць еўнухі, якіх людзі гэтак абладзілі, і ёсьць еўнухі, што самы сябе ачысьцілі дзеля валадарства нябеснага. Хто можа ўцеець, хай уцее.
Бо ёсць скапцы́, якія з уло́ння ма́тчынага нарадзíліся так; і ёсць скапцы́, якія аско́плены людзьмí; і ёсць скапцы́, якія аскапíлі самі сябе дзе́ля Царства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай зразумее.
Тады прынясьлі да яго дзетак. каб узлажыў на іх рукі й памаліўся, а вучні сварыліся на іх.
Тады прыве́дзены былí да Яго дзеці, каб Ён ускла́ў на іх ру́кі і памаліўся; а вучні забараня́лі ім.
Але Езус сказаў ім: Пусьцеце дзетак, не перашкаджайце ім прыйходзіць ка мне, бо гэтакіх ёсьць валадарства нябеснае.
Іісус жа сказаў: пусцíце дзяцей і не перашкаджа́йце ім прыхо́дзіць да Мяне, бо такім нале́жыць Царства Нябеснае.
І, ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.
І, ускла́ўшы на іх ру́кі, пайшоў адтуль.
І вось нехта, прыступіўшы, кажа яму: Вучыцель добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
І вось, нехта, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што́ добрае зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?
Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне добрага? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказанні.
А Ён сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсці ў жыццё, выконвай за́паведзі.
Кажа яму: Які я? А Езус гавора: Не забівай, ня чужалож, не крадзі, ня сьветч хвальшыва.
Кажа Яму: якія? Іісус сказаў: не забівай; не пралюбадзе́йнічай; не крадзь; не све́дчы лжы́ва;
паважай бацьку твайго й матку тваю, ды любі бліжняга свайго, як сябе самога.
шануй бацьку і маці; і: любí бліжняга твайго, як само́га сябе.
Кажа яму юнак: Гэтага ўсяго я пільнаваўся ад маладосьці мае, чаго мне яшчэ не стае?
Кажа Яму юнак: усё гэта захава́ў я з юнацтва майго; чаго яшчэ не хапа́е мне?
Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі прадай што маеш ды дай убогім, а будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі за мною.
Сказаў яму Іісус: калі хочаш даскана́лым быць, ідзі, прада́й маёмасць тваю і разда́й убо́гім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною.
Калі-ж пачуў дзяцюк гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікую маемасьць.
Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў засму́чаны, бо ў яго была́ вялікая ўла́снасць.
А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, багатаму трудна ўвайсьці ў валадарства нябеснае.
Іісус жа сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсцí ў Царства Нябеснае.
І ячшэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
І яшчэ кажу вам: лягчэ́й вярблюду прайсцí праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсцí ў Царства Божае.
Пачуўшы гэта, вучні моцна дзівіліся й гаварылі: Дык хто-ж можа быць збаўлёны?
Пачу́ўшы гэта, вучні Яго вельмі здзівíліся і сказалі: хто ж тады можа спасцíся?
А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
А Іісус паглядзе́ў і сказаў ім: лю́дзям гэта немагчы́ма, а Богу ўсё магчы́ма.
Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за табою, што-ж будзе нам?
Тады Пётр, адка́зваючы, сказаў Яму: вось, мы пакíнулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам?
Езуз-жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, вы, што пайшлі за мною, ў новабыцьці, як Сын чалавечы засядзе на троне славы свае, засядзеце такжа на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
Іісус жа сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, якія пайшлí ўслед за Мною, — у новым жыццí, калі ся́дзе Сын Чалавечы на прастоле сла́вы Сваёй, ся́дзеце і вы на двана́ццаці прастолах судзíць двана́ццаць кале́н Ізра́ілевых.
І кожны, хто-б пакінуў дом, ці братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля майго імяні, ўстораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
І кожны, хто пакíне дамы́, альбо братоў, альбо сясцёр, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо палí дзеля імя́ Майго, атрыма́е ў сто разоў больш і ўнасле́дуе жыццё вечнае.
Многія-ж першыя будуць апошнімі, й апошнія першымі.
Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.