Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
А як настала раніца, усе архісьвятары і старшыя народу склікалі раду супроць Езуса, каб выдаць яго на сьмерць.
Калі ж настала раніца, усе першасвятары́ і старэйшыны народа зрабілі нара́ду су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;
І звязаўшы, завялі й аддалі яго Понцыю Пілату, намесьніку.
і, звяза́ўшы Яго, павялі і перадалí Яго Понцію Пілату, правíцелю.
Тады Юдаш, які выдаў яго, бачачы засуджанага, раскаяўся ды аднёс трыццаць сярэбранікаў вышэйшым сьвятаром і старшым,
Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што асудзілі Яго, і раска́яўшыся, аддаў трыццаць срэ́бранікаў першасвятара́м і старэйшынам,
кажучы: Саграшыў я, выдаючы нявінную кроў. Яны-ж сказалі: А што нам? Ты сябе глядзі.
ка́жучы: саграшыў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што́ нам да таго? глядзі сам.
І, кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў ды пайшоў павесіўся.
І, кінуўшы срэ́бранікі ў храме, ён выйшаў; і, пайшоўшы, павесіўся.
А вышаўшыя сьвятары, ўзяўшы срэбнікі, гаварылі: Нельга іх класьці ў скарбону, бо гэта заплата за кроў.
Першасвятары́, узяўшы срэ́бранікі, сказалі: не дазваляецца кла́сці іх у храмавую ска́рбніцу, бо гэта цана́ крывí.
І парадзіўшыся, купілі за іх ганчарова поле для хавання падарожных.
І, зрабіўшы нара́ду, яны купілі на іх поле ганчара для пахава́ння чужы́нцаў.
Таму поле тое й завецца Гацэльдама, гэта знача: Поле крыві, аж па сянняшні дзень.
Таму і называецца поле тое «полем крывí» па сённяшні дзень.
Тады споўнілася што было сказана праз Ерэмію прарока (38 8), гаварыўшага: «І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,
Тады збыло́ся ска́занае праз прарока Іерамíю, які кажа: «і ўзялí трыццаць срэ́бранікаў, цану́ Ацэ́ненага, Якога ацанíлі сыны́ Ізра́ілевы,
ды далі іх за ганчарова поле, як пастанавіў мне Госпад».
і далí іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь».
Езус-жа стаў перад намесьнікам; і спытаўся ў яго намесьнік, кажучы: Ты кароль Юдэйскі? Гавора яму Езус: Ты кажаш.
Іісус жа стаў перад правíцелем. І запыта́ў у Яго правíцель, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
І калі вінавацілі яго вышэйшыя сьвятары ды старшыны, нічога не адказваў.
І калі абвінава́чвалі Яго першасвятары́ і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
Тады кажа яму Пілат: Ня чуеш, колькі сьветчаць супроць цябе?
Тады кажа Яму Пілат: хіба́ не чуеш, колькі све́дчаць су́праць Цябе?
І не адказаў яму на ніводнае слова, так што начальнік моцна дзівіўся.
І Ён не адказваў яму ні на адно слова, так што правíцель вельмі здзіўляўся.
На дзень-жа сьвяточны намесьнік абыдна выпускаў народу аднаго вязня, якогаб хацелі.
А на свята правíцель меў звы́чай адпуска́ць народу аднаго вя́зня, якога пажада́юць.
І меў ён тады ведамага вастрожніка, што зваўся Барабаш.
Быў тады ў іх вядомы вя́зень, званы Вара́вва.
І вось, калі яны зыйшліся, сказаў Пілат: Каго жадаеце, каб вам выпусьціў: Барабаша, ці Езуса, якога завуць Хрыстусам?
І вось, калі сабра́ліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам — Вара́вву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
Ведаў бо, што выдалі яго праз завісьць.
Бо ведаў, што з за́йдрасці вы́далі Яго.
А як сядзеў ён у судовішчы, жонка ягона паслала яму сказаць: Не рабі нічога справядліўцу гэтаму, бо я праз сон сягоння шмат цярпела дзеля яго.
Тым часам, як сядзеў ён на судзейскім узвышэ́нні, яго жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат паку́тавала з-за Яго.
Але архісьвятары й старшыны набухторылі народ, каб дамагаліся Барабаша, а Езуса загубілі.
Але першасвятары́ і старэйшыны падбухто́рылі натоўп прасіць за Вара́вву, а Іісуса загубíць.
Тады намесьнік, адазваўшыся, сказаў ім: Каго з двух жадаеце, каб вам выпусьціць? Яны-ж сказалі: Барабаша.
Тады правíцель сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вара́вву.
Гавора ім Пілат: Што-ж я зраблю з Езусам, называным Хрыстом? Сказалі ўсе: Хай будзе ўкрыжаваны.
Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распя́ты!
Гавора намесьнік: Што-ж ён зрабіў благога? Адыж яны яшчэ болей крычалі: Хай будзе ўкрыжаваны!
Правíцель жа сказаў: якое ж Ён зло ўчынíў? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распя́ты!
Пілат-жа, бачачы, што нічога ня здее, а забурэнне ўзмагутняецца, ўзяўшы вады, абмыў рукі перад народам, кажучы: Нявінаваты я ў крыві гэтага справядліўца; пабачыце самы.
Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамага́е, а неспакой нараста́е, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, ка́жучы: невінава́ты я ў крывí Праведніка Гэтага; глядзіце самі.
А ўвесь народ у вадказ крычаў: Кроў яго на нас і на дзяцей нашых!
І, адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
Тады выпусьціў ім Барабаша, а Езуса ўбічаванага выдаў ім на ўкрыжаванне.
Тады адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
Узяла тады міліцыя намесьнікава Езуса на дворышча суду, прыставілі яму цэлую дружыну.
Тады воіны правíцелевы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабра́лі на Яго цэлы полк,
І раздзеўшы яго, накінулі яму чырвоны плашч;
і, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго багранíцу;
і сплёўшы вянок з церняў, уздзелі яму на голаў, а трысьціну далі ў правую руку яго. І згінаючы перад ім калені, насьміхаліся з яго, кажучы: Прывет табе, кароль Юдэйскі!
і, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, усклалі на галаву Яго і далí Яму ў правую руку́ кій, і, стаўшы перад Ім на калені, глумíліся з Яго, ка́жучы: радуйся, Цар Іудзейскі!
Ды плюючы на яго, бралі трысьціну й білі па галаве.
І плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі Яго па галаве.
І калі ўжо наздзекаваліся з яго, знялі з яго плашч і адзелі ў ягонае адзенне ды павялі яго на ўкрыжаванне.
І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго баграніцу і апранулі Яго ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на распя́цце.
А выходзячы спаткалі чалавека Цырынэйца, па йменню Сымона; гэтага прымусілі, каб нёс крыж ягоны.
Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірыне́яніна, па імені Сíман; таго і прыму́сілі не́сці крыж Яго.
І прыйшлі на месца, званае Гтльгота, гэта знача: Чэраповішча.
І, прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чэ́рапа»,
І далі яму віна, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
далí Яму піць воцат, змяша́ны з жоўцю; і, пакаштава́ўшы, Ён не захацеў піць.
А калі яго ўкрыжавалі, падзялілі ягона адзенне, варажбою, каб споўнілася сказанае прарокам, гаварыўшым: «Падзялілі сабе адзенне маё, і аб сукню маю кідалі варажбу (Пс. 21:19).
Тыя, што распя́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя;
І седзячы, пільнавалі яго.
і, се́дзячы, вартава́лі Яго там.
Ды прыладзілі над ягонай галавою напіс пра яго віну: ГЭТА ЕЗУС, КАРОЛЬ ЮДЭЙСКІ.
І змясцíлі над галавою Яго надпіс з указаннем віны́ Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
Тады былі ўкрыжаваны з ім два разбойнікі: адзін па правай руцэ, а другі па левай.
Тады распя́лі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
А праходзячыя міма блюзнілі яму, ківаючы галавамі сваімі
А тыя, што прахо́дзілі міма, зневажа́лі Яго, ківаючы гало́вамі сваімі
й гаворачы: Ты, што разбураеш Божу сьвятыню ды ў тры дні яе адбудоўваеш, выратуй сам сябе; калі ты Сын Божы, дык сыдзі з крыжа!
і ка́жучы: Ты, Які разбураеш храм і за тры дні будуеш! урату́й Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа́.
Таксама й вышэйшыя сьвятары з кніжнікамі ды старшынамі, насьмяхаючыся, казалі:
Гэтаксама і першасвятары́ з кніжнікамі, і старэйшынамі, і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:
Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа выратаваць! Калі ён кароль Ізраэльскі, хай-жа цяпер сыдзе з крыжа і мы ўверым яму.
іншых ратава́ў, а Самога Сябе не можа ўратава́ць. Калі Ён Цар Ізра́ілеў, няхай цяпер сы́дзе з крыжа́, і ўверуем у Яго;
Спадзяваўся на Бога; няхай цяпер выбавіць яго, калі яму мілы; казаў бо: «Я Сын Божы».
спадзяваўся на Бога: няхай цяпер збавіць Яго, калі Ён уго́дны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
Таксама й злыдні, што былі ўкрыжаваны з ім, кпілі з яго.
Таксама і разбойнікі, распя́тыя з Ім, га́ньбілі Яго.
Ад шостае-ж гадзіны настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
Ад шостай жа гадзíны цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.
А каля гадзіны дзявятай загаласіў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лямма сабахтані!?» гэта знача: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў?
А каля дзевятай гадзíны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: Ілí, Ілí! лама́ савахфанí? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
Некаторыя, што стаялі там ды чулі, казалі: Гальяша бач кліча.
Некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію́ кліча Ён.
І зараз-жа адзін з іх пабег узяў губку ды, намачыўшы ў воцат і насадзіўшы на трысьціну даў яму піць.
І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе воцатам і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць.
А іншыя гаварылі: Чакай, паглядзімт, ці прыйдзе Гальяш ратаваць яго.
Астатнія ж казалі: чакай, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ ратава́ць Яго.
Езус-жа йзноў, загаласіўшы вялікім голасам, аддаў душу.
Іісус жа, зноў ускры́кнуўшы моцным голасам, спусцíў дух.
І вось заслона сьвятыні раздзерлася на дзве часткі ад верху да нізу; а зямля затраслася й параспадаліся скалы.
І вось, заве́са храма разадра́лася напала́м, зверху данíзу; і зямля страсяну́лася; і ска́лы раскало́ліся;
І адчыніліся гробы ды шмат целаў сьвятых, што паснулі, ўстала;
і магілы адкрыліся; і многія це́лы спачы́лых святых уваскрэ́слі;
і выйшаўшы з магілаў пасьля змяртвыхустання ягонага, ўвайшлі ў сьвяты горад ды паказаліся многім.
і, выйшаўшы з магіл пасля ўваскрасе́ння Яго, ўвайшлі ў святы́ горад і явíліся многім.
Сотнік-жа й тыя, што з ім старажылі Езуса, ўгледзеўшы землятрасеньне ды ўсё, што сталася, моцна спалохаліся й гаварылі: Сапраўды ён быў Сынам Божым.
Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, ба́чачы землетрасе́нне і ўсё, што адбыло́ся, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды́ Ён быў Сын Божы.
Было-ж там шмат жанчын здалёк, якія йшлі за Езусам з Галілеі, прыслугоўваючы яму;
Былí там і глядзелі здалёк многія жанчыны, тыя, што пайшлі за Іісусам з Галілеі і служы́лі Яму;
між якімі была Марыя Магдалена, і Марыя маці Якубава й Язэпава, ды маці сыноў Зэбэдэевых.
сярод іх былí Марыя Магдалíна і Марыя, маці Іакава і Іасíі, і маці сыноў Зевядзе́евых.
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, па іменню Язэп, які таксама быў вучням Изусавым.
Калі ж звечарэ́ла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафе́і, па імені Іосіф, які і сам быў вучнем Іісуса;
Ён прыйшоў да Пілата й прасіў Езусавага цела. Тады Пілат загадаў цела аддаць.
ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў це́ла Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць це́ла.
І ўзяўшы цела, Язэп увінуў яго ў чыстае палатно
І, ўзяўшы це́ла, Іосіф абгарну́ў яго чыстаю плашчанíцаю
і палажыў яго ў сваім новым гробе, высечаным у скале; ды прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў гроб, адыйшоў.
і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую вы́сек у скале́; і, прывалíўшы вялікі ка́мень да дзвярэй магілы, адышоў.
Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, сядзячыя насупроць гробу.
Была́ ж там Марыя Магдалíна і другая Марыя, якія сядзелі насу́праць магілы.
А на заўтрашні дзень, наступны пасьля Прыгатавання, зыйшліся вышэйшыя сьвятары й фарызэі да Пілата,
На другі дзень, насту́пны пасля пятніцы, сабра́ліся першасвятары́ і фарысеі да Пілата
дый кажуць: Спадару, прыпомнілі мы, што гэны зводнік, як быў шчэ пры жыцьці, сказаў: «Цераз тры дні я згробуўстану».
і казалі: спада́р! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы́, сказаў: «праз тры дні ўваскрэ́сну».
Дык загадай магілу пільнаваць аж да трэцяга дня, каб часам ня прыйшлі вучні ягоны ды ня ўкралі й не сказалі народу: Устаў з мяртвых. І будзе апошняя памылка горшая за першую.
Дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы́, не ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс з мёртвых». І будзе апошняе ашуканства горшым за першае.
Сказаў ім Пілат: Вось вам стража, ідзеце, пільнуйце, як умееце.
Пілат жа сказаў ім: маеце ва́рту; ідзіце, ахоўвайце, як знаеце.
І яны пайшлі, абясьпечылі гроб стражай ды апячатаўшы камень.
Яны пайшлі і сталі ахоўваць магілу, прыклаўшы да ка́меня пячаць і паставіўшы ва́рту.