Мацьвея 14 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
У той час пачуў тэтрарха Гэрад аб славе Езуса
У той час пачуў Ірад тэтра́рх по́галас пра Іісуса
і сказаў да сваіх слуг: Гэта Ян Хрысьціцель; ён згробуўстаў і таму цуды дзеюцца праз яго.
і сказаў слу́гам сваім: гэта Іаан Хрысцíцель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды дзе́юцца праз яго.
Гэрад бо схапіў быў Яна і закаваў яго ды пасадзіў у вастрог дзеля Гэрэдыяды, жонкі брата свайго.
Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямнíцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;
Бо Ян дакараў яму: Ня можна табе трымаць яе.
таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.
І хацеў яго забіць, але баяўся народу, бо яго мелі за прарока.
І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго лічылі прарокам.
У дзень-жа народзін Гэрада дачка Гэрэдыяды скакала пасярод іх і дагадзіла Гэраду.
А ў дзень нараджэ́ння Ірада танцавала дачка Ірадыяды перад гасцямі і дагадзíла Іраду.
Затым пад прысягай абяцаўся ёй даць чаго толькі яна зажадае ад яго.
Таму ён з кля́тваю абяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.
Яна-ж, навучаная сваёй маткай, сказала: Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.
А яна, падбухто́раная маці сваёю, сказала: дай мне тут на блю́дзе галаву́ Іаана Хрысцíцеля.
І засмуціўся кароль, але дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.
І засмуцíўся цар; але дзе́ля кля́твы і тых, што ўзляжа́лі з ім, загадаў даць.
І паслаўшы адсек галаву Яну ў вастрозе.
І паслаў адсе́кчы Іаану галаву́ ў цямнíцы.
І прынясьлі галаву яго на талерцы ды падалі дзяўчыне, а яна занясла сваёй матцы.
І прыне́слі галаву́ яго на блю́дзе, і далí дзяўчыне; а яна зане́сла маці сваёй.
Вучні-ж ягоныя прыйшоўшы, ўзялі яго цела й пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Езуса.
А вучні яго, прыйшоўшы, узялí яго цела і пахавалі яго; ды пайшлі паве́дамілі Іісусу.
Пачуўшы аб гэтым, Езус, падаўся адтуль чоўнам на месца бязлюднае на адзіне; калі-ж даведаўся народ, пайшоў следам за ім з гарадоў пехатою.
І, пачуўшы, Іісус адплыў адтуль на лодцы ў пустэ́льнае ме́сца адзін; а люд, прачуўшы, пайшоў за Ім пе́шшу з гарадоў.
І выйшаўшы, ўбачыў вялізную грамаду, і зжаліўся над імі ды аздаравіў хворых іхніх.
І, выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацалíў іхніх хворых.
Калі-ж настаў вечар, падыйшлі да яго вучні ягоны, кажучы: Пустыннае месца дый пара ўжо позная, пусьці народ, каб яны пайшоўшы ў сёлы купілі сабе еміны.
Калі ж настаў вечар, прыступíлі да Яго вучні Яго і сказалі: пустэ́льная тут мясціна, і час ужо позні; адпусцí людзей, каб яны пайшлі ў пасе́лішчы і купілі сабе е́жы.
Адыж сказаў ім: Не канечне маюць ісьці, вы дайце ім есьці.
Але Іісус сказаў ім: яны не маюць патрэ́бы ісці; вы дайце ім есці.
Адказалі яму: мы маем тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы.
Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.
Кажа ім: Прынясеце мне іх сюды.
Ён сказаў: прынясíце Мне іх сюды.
І загадаўшы народу пасесьці на траве, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, ўзглянуў у неба, пабагаславіў, і ламаў ды даваў вучням хлябы, а вучні народу.
І загадаў народу ўзле́гчы на траву, і, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёў вочы на неба, благаславіў, пераламíў і даў хлябы́ вучням, а вучні — народу.
І елі ўсе і наеліся. І назбіралі што асталося кускоў дванаццаць поўных кошыкаў.
І елі ўсе, і насы́ціліся; і набра́лі рэ́шты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных.
А тых што елі, было на лік пяць тысяч мужчын, апрача дзяцей і жанчын.
А тых, што елі, было́ каля пяці тысяч чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.
І зараз прымусіў Езус вучняў увайсьці ў лодку ды плысьці перад ім на другі бок мора, пакуль ён адпусьціць народ,
І адразу прыму́сіў Іісус вучняў Сваіх увайсцí ў лодку і вы́правіцца ране́й за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сціць народ.
І адпусьціўшы грамаду, выйшаў на гару памаліцца на самоце; і як настаў вечар, быў там сам адзін.
І, адпусцíўшы народ, Ён узышо́ў на гару́ ў адзіно́це памаліцца; і калі звечарэ́ла, застава́ўся там адзін.
А лодка пасярод мора была кідана хвалямі, бо быў супроцьны вецер.
А лодка была́ ўжо пасяро́д мора, і яе бíла хва́лямі, бо вецер быў супрацíўны.
У чацьвёртую-ж варту ночы прыйшоў да іх па моры.
У чацвёртую ж ва́рту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы́ па моры.
І ўгледзеўшы яго ідучага па моры, стрывожыліся й казалі: Гэта здань; ды аж закрычалі ад жаху.
І вучні, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, жахну́ліся і казалі: гэта пры́від; і ад страху закрычалі.
Але Езус зараз адазваўся да іх, кажучы: Надзейцеся, гэта я, ня бойцеся.
Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.
А Пётр сказаў яму ў адказ: Усеспадару, калі гэта ты, загадай мне прыйсьці да цябе па вадзе.
Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! калі гэта Ты, загадай мне прыйсцí да Цябе па вадзе.
Ён-жа сказаў: Прыйдзі. І Пётр, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Езуса.
І Ён сказаў: ідзі. І, вы́йшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысцí да Іісуса.
Адыж бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, крычма кажа: Усеспадару ратуй мяне!
Але, ба́чачы моцны вецер, ён спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзі! рату́й мяне.
Езус зараз-жа, працягуўшы руку, падхапіў яго й кажа яму: Малаверны, чаго асумніўся?
І адразу Іісус, працягнуўшы руку, падхапíў яго і кажа яму: малаве́рны! навошта ты засумнява́ўся?
І як увайшлі ў лодку, аціх вецер.
І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер суня́ўся.
А тыя, што былі ў лодцы, падышлі й пакланіліся яму, кажучы: Ты сапраўды ёсьць Сын Божы.
А тыя, што былі ў лодцы, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды́ Сын Божы.
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнэзарэцкую.
І, пераправіўшыся, прыбылí яны ў зямлю Генісарэ́цкую.
Людзі тамашняе ваколіцы, пазнаўшы яго, далі знаць па ўсёй той краіне й прынясьлі да яго ўсіх хворых
І, пазнаўшы Яго, жыхары́ той мясціны абвясцілі па ўсім навако́ллі тым, і прыне́слі да Яго ўсіх хворых,
ды прасілі яго, каб хоць дакрануцца да краю адзежы ягонай. І каторыя дакрануліся, аздаравелі.
і прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да кра́ю адзе́ння Яго; і тыя, што дакрану́ліся, ацалíліся.