Мацьвея 16 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прыступілі да яго фарызэі і садуцэі ды, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба.
 
І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.

Але ён сказаў ім у адказ: Калі настане вечар, вы кажаце: «Пагода будзе, бо неба чырвонае»,
 
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”.

а раніцай: «Сягоння непагадзь, бо неба хмарна чырванее». Дык воблік неба вы пазнаваць умееце, а знакаў часу пазнаць ня можаце?
 
І раніцаю: “Сёньня не́пагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце?

Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.
 
Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.

Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба.
 
І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба.

Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў.
 
А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кі́сьлі фарысэйскай і садукейскай».

Яны-ж думалі сабе, кажучы: Гэта таму, што мы не ўзялі хлеба.
 
Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі».

А Езус, ведаючы тое, кажа: Чаму-ж вы думаеце сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба?
 
Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі?

Няўжэ яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч асоб і колькі кашоў вы набралі?
 
Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі?

Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы людзей і колькі кашоў вы назбіралі?
 
Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі?

Якжа-ж вы не цяміце, што не аб хлебе я вам гаварыў: Сцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў?
 
Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кі́сьлі фарысэйскай і садукейскай?»

Тады зразумелі, што ён казаў сьцерагчыся не закісі хлебнае, але навукі фарызэяў і садуцэяў.
 
Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кі́сьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і садукейскае.

Прыйшоўшы-ж у землі Цэзарэі Філіпавай, пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы. За каго людзі маюць Сына чалавечага?
 
А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?»

Яны-ж кажуць: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмію, або за аднаго з прарокаў.
 
А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў».

Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце?
 
Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?»

Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты Хрыстус, Сын Бога жывога.
 
Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».

А Езус адзываецца, кажучы яму: Багаслаўлёны ты, Сымоне, сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец мой, які ёсьць у небе.
 
І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе.

І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую эклезію маю і брамы пекла не перамогуць яе.
 
І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе.

І табе дам ключы валадарства нябеснага і што толькі звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе, а што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе.
 
І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе».

Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус.
 
Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.

Ад таго часу пачаў Езус выяўляць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і шмат цярпець ад старшых і кніжнікаў і першасьвятараў ды быць забітым, а на трэці дзень згробуўстаці.
 
Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.

Пётр-жа, ўзяўшы яго, пачаў пярэчыць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Усеспадару, ня будзе з табою гэтага!
 
І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!»

Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатан! Ты для мяне спакуса, бо ня думаеш аб тым, што Божае, але што чалавечае.
 
Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шата́н! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».

Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, хай адрачэцца ад самога сябе, і возме крыж свой ды йдзе за мною.
 
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.

Бо хто-б хацеў усьцерагчы душу сваю, загубіць яе, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.
 
Бо хто хоча душу́ сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу́ сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе.

Якая-ж бо карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю?
 
Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы́ сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу́ сваю?

Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму водле чынаў яго.
 
Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў валадарсьцьве сваім.
 
Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім».