Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І прыступілі да яго фарызэі і садуцэі ды, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба.
Але ён сказаў ім у адказ: Калі настане вечар, вы кажаце: «Пагода будзе, бо неба чырвонае»,
а раніцай: «Сягоння непагадзь, бо неба хмарна чырванее». Дык воблік неба вы пазнаваць умееце, а знакаў часу пазнаць ня можаце?
Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.
Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба.
Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў.
Яны-ж думалі сабе, кажучы: Гэта таму, што мы не ўзялі хлеба.
А Езус, ведаючы тое, кажа: Чаму-ж вы думаеце сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба?
Няўжэ яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч асоб і колькі кашоў вы набралі?
Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы людзей і колькі кашоў вы назбіралі?
Якжа-ж вы не цяміце, што не аб хлебе я вам гаварыў: Сцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў?
Тады зразумелі, што ён казаў сьцерагчыся не закісі хлебнае, але навукі фарызэяў і садуцэяў.
Прыйшоўшы-ж у землі Цэзарэі Філіпавай, пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы. За каго людзі маюць Сына чалавечага?
Яны-ж кажуць: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмію, або за аднаго з прарокаў.
Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце?
Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты Хрыстус, Сын Бога жывога.
А Езус адзываецца, кажучы яму: Багаслаўлёны ты, Сымоне, сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец мой, які ёсьць у небе.
І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую эклезію маю і брамы пекла не перамогуць яе.
І табе дам ключы валадарства нябеснага і што толькі звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе, а што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе.
Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус.
Ад таго часу пачаў Езус выяўляць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і шмат цярпець ад старшых і кніжнікаў і першасьвятараў ды быць забітым, а на трэці дзень згробуўстаці.
Пётр-жа, ўзяўшы яго, пачаў пярэчыць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Усеспадару, ня будзе з табою гэтага!
Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатан! Ты для мяне спакуса, бо ня думаеш аб тым, што Божае, але што чалавечае.
Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, хай адрачэцца ад самога сябе, і возме крыж свой ды йдзе за мною.
Бо хто-б хацеў усьцерагчы душу сваю, загубіць яе, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.
Якая-ж бо карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю?
Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму водле чынаў яго.
Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў валадарсьцьве сваім.