Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Падышлі да Яго фарысеі і садукеі і, выпрабоўваючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.
А Ён адказаў ім: «Вечарам кажаце: “Будзе добрае надвор’е, бо неба чырвонае”,
а раніцай: “Сёння будзе віхура, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Вы ўмееце распазнаваць аблічча неба, а знакі часу не можаце.
Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму акрамя знаку Ёны». І, пакінуўшы іх, адышоў.
Пераправіўшыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлеба.
Езус жа сказаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі».
А яны разважалі самі сабе і казалі: «Мы не ўзялі хлеба!»
Але Езус, ведаючы гэта, спытаўся: «Малаверныя, чаму разважаеце паміж сабой, што не маеце хлеба.
Хіба не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы назбіралі?
І пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў вы назбіралі?
Як вы не разумееце, што не пра хлеб Я сказаў вам? Але асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі».
Тады зразумелі, што Ён казаў ім асцерагацца не хлебнай закваскі, а фарысейскага і садукейскага вучэння.
Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?»
Яны ж адказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў».
Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?»
Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога».
Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах.
І Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго.
Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе».
Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.
З таго часу пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца».
Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»
Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною.
Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго.
Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю?
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім».