Мацьвея 23 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Тады Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў:
«Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі.
Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць.
Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх.
Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры.
Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах,
і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “раббі”.
Вы ж не дазваляйце называць сябе раббі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты.
І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны.
Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус.
Большы з вас няхай будзе для вас слугою.
Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго новага верніка. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі!
Гора вам, сляпыя павадыры, якія кажаце: “Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны”.
Неразумныя і сляпыя! Што большае: золата ці святыня, якая асвячае золата?
І зноў: “Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны”.
Сляпыя! Што большае? Дар ці ахвярнік, які асвячае дар?
Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім.
І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй.
А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру! Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць.
Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці!
Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да пабеленых пахавальняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!
Так і вы звонку здаяцеся людзям справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што ўзносіце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце магілы праведнікаў,
кажучы: “Калі б мы жылі ў дні айцоў нашых, то не былі б саўдзельнікамі ў праліцці крыві прарокаў”!
Так вы сведчыце супраць саміх сябе, што вы сыны тых, хто забіваў прарокаў.
Дапоўніце ж меру сваіх айцоў.
Вужы, пакаленне змяінае, як вы пазбегнеце прысуду да геены?
Таму Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў. Адных з іх вы пазабіваеце і ўкрыжуеце, а другіх будзеце бічаваць у сінагогах сваіх і будзеце гнаць з горада ў горад.
Так упадзе на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам.
Сапраўды кажу вам: усё гэта ўпадзе на гэтае пакаленне.
Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх, але вы не захацелі!
Вось, застаецца вам дом ваш пусты!
Бо кажу вам: адгэтуль не ўбачыце Мяне, пакуль не ўсклікнеце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”»