Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат».
А Ён адказаў ім: «Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?
Як увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?
Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя?
Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню.
Калі б вы ведалі, што азначае: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б невінаватых.
Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу.
Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?»
А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму?
Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро».
Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў — і яна стала здаровай, як другая.
Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго.
Але Езус, даведаўшыся, адышоў адтуль. За Ім пайшло шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх.
І забараніў ім выяўляць Яго,
каб збылося сказанае прарокам Ісаем:
«Вось слуга Мой, якога Я выбраў,умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.Духа Майго дам Яму,а Ён абвесціць суд народам.
Не будзе пярэчыць і лямантаваць,і ніхто не пачуе на плошчах голасу Яго.
Трысціны надламанай не пераломіцьі не пагасіць тлеючага кнота,пакуль не давядзе суд да перамогі.
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею».
Тады прывялі да Яго сляпога і нямога, апанаванага злым духам, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.
А ўсе людзі здзіўляліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?»
Фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злых духаў не інакш, як Бэльзэбулам, князем злых духаў».
Ведаючы іхнія думкі, Езус сказаў ім: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць.
Таму калі сатана выганяе сатану, то ён падзелены сам у сабе; як жа выстаіць яго валадарства?
І калі Я выганяю злых духаў Бэльзэбулам, то кім выганяюць сыны вашыя? Таму яны стануць суддзямі вашымі.
А калі Я выганяю злых духаў Божым Духам, то настала для вас Божае Валадарства.
Або як можа хтосьці ўвайсці ў дом асілка і разрабаваць ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка? Толькі тады абрабуе дом ягоны.
Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе.
І калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то яму будзе адпушчана. А калі скажа супраць Духа Святога, яму не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
Або, калі дрэва добрае, то і плод яго будзе добрым; а калі дрэва дрэннае, то і плод яго будзе дрэнным, бо дрэва пазнаецца з плоду.
Племя змяінае, як вы можаце гаварыць добрае, будучы дрэннымі? Бо вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца.
Добры чалавек дастае з добрага скарбу добрае, а ліхі чалавек дастае з ліхога скарбу ліхое.
Кажу вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у судны дзень.
Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы, і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».
Тады некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Яму: «Настаўнік, хочам ад Цябе ўбачыць знак».
А Ён адказаў ім: «Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, акрамя знаку Ёны прарока.
Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Мужы Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае за Ёну.
Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай; і вось, тут большае за Саламона!
Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і не знаходзіць.
Тады кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. Прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і ўпрыгожаным.
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і з гэтым ліхім пакаленнем».
Калі Ён прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім.
І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае стаяць звонку і хочуць пагаварыць з Табою».
А Ён адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: «Хто маці Мая і хто браты Мае?»
І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці».