Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча
У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
Таго часу прайходзіў Езус паміж збожжа ў сыботу, а вучні ягоныя, будучы галоднымі, пачалі зрываць ды есьці каласы.
Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат».
Фарызэі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі яму: Вось вучні твае робяць, чаго ня можна рабіць у сыботу.
А Ён адказаў ім: «Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?
Але ён адказаў ім: Ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як захацеў есьці і тыя, што былі з ім?
Як увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятаром?
Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя?
Або ці вы ня чыталі ў законе, што ў сыботы святары ў святыні ломяць сабат і астаюцца бяз віны?
Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню.
А я вам кажу, што тут ёсьць большы за сьвятыню.
Калі б вы ведалі, што азначае: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б невінаватых.
І калі-б вы ведалі, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры» (Оз. 6:6) дык ніколі не асудзілі-б бязьвінных.
Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
Бо Сын чалавечы ёсьць Усеваладарам і суботы.
Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу.
А адыйшоўшы адтуль, прыйшоў у іхнюю бажніцу.
Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?»
І вось быў там чалавек, які меў сухую руку, дык выпытваліся яго: «Ці можна ў сыботу аздараўляць?» каб абвінаваціць яго.
А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму?
А ён сказаў ім: Ці ёсьць спаміж вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, ня ўзяў-бы ды ня выцягнуў-бы яе, калі-б яна ў сыботу ўвалілася ў яму?
Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро».
Наколькі-ж вартасьнейшы чалавек за авечку? Таму-то «можна рабіць дабро і ў сыботы.
Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў — і яна стала здаровай, як другая.
Тады кажа чалавеку: Выцягні руку тваю! Той выцягнуў — і стала яна здарова, як і другая.
Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго.
А фарызэі, выйшаўшы, змаўляліся, як-бы яго згубіць.
Але Езус, даведаўшыся, адышоў адтуль. За Ім пайшло шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх.
Адыж Езус, ведаючы, адыйшоў адтуль, і пайшлі за ім многія і аздаравіў усіх.
І забараніў ім выяўляць Яго,
Ды загадаў ім, каб ня выяўлялі яго;
каб збылося сказанае прарокам Ісаем:
каб споўнілася тое, што было сказана праз Ізаю прарока (42:1−4), які кажа:
«Вось слуга Мой, якога Я выбраў,умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.Духа Майго дам Яму,а Ён абвесціць суд народам.
«Вось слуга мой, якога я выбраў; улюбёны мой, якога вельмі спадабала душа мая. Узлажу на яго духа майго і будзе абвяшчаць суд народам
Не будзе пярэчыць і лямантаваць,і ніхто не пачуе на плошчах голасу Яго.
Ня будзе спрачацца і ня будзе крычаць ды ніхто не пачуе на вуліцах голасу ягонага.
Трысціны надламанай не пераломіцьі не пагасіць тлеючага кнота,пакуль не давядзе суд да перамогі.
Трысьціны надломленае не пераломіць і пакульля тлеючага не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею».
І на імя яго спадзявацімуцца народы».
Тады прывялі да Яго сляпога і нямога, апанаванага злым духам, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.
Тады прывялі да яго чалавека, што меў дзябальства, ды быў сьляпым і нямым, і аздаравіў яго, так што гаварыў і відзеў.
А ўсе людзі здзіўляліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?»
І стаўпянелі ад дзіва ўсе людзі ды казалі: Ці гэта ня сын Давіда?
Фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злых духаў не інакш, як Бэльзэбулам, князем злых духаў».
А фарызэі, пачуўшы, сказалі: Ён нячысьцікаў выганяе ня йнакш, як праз Бэльзэбуба, дзябальскага князя.
Ведаючы іхнія думкі, Езус сказаў ім: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць.
Адыж Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў ім: Усякае валадарства, падзелена супроць сябе, апусцее, і ўсякі горад або дом, раздзяліўшыся проціў сябе, ня устоіць.
Таму калі сатана выганяе сатану, то ён падзелены сам у сабе; як жа выстаіць яго валадарства?
А калі нячысьцік нячысьціка выганяе, то ён падзелены супроць сябе дык як тады астоіцца валадарства ягонае?
І калі Я выганяю злых духаў Бэльзэбулам, то кім выганяюць сыны вашыя? Таму яны стануць суддзямі вашымі.
І калі я праз Бэльзэбуба выганяю нячысьцікаў, то вашыя сыны чыёю сілаю выганяуюць? Таму-то яны будуць вам судзьдзямі.
А калі Я выганяю злых духаў Божым Духам, то настала для вас Божае Валадарства.
Але калі я Духам Божым дзяблаў выганяю, то, значыцца, прыйшло на вас валадарства Божае.
Або як можа хтосьці ўвайсці ў дом асілка і разрабаваць ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка? Толькі тады абрабуе дом ягоны.
Або як можа хто увайсьці ў дом волата й разграбіць яго снадзіва, не звязаўшы перш волата? І тады апустошыць дом ягоны.
Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
Хто не са мною, той проці мяне, і хто ня збірае са мною, растрачвае.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе.
Дзеля таго кажу вам: Усякі грэх і ганбаванне будзе людзям адпушчана, адыж ганбаванне проці Духа не даруецца.
І калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то яму будзе адпушчана. А калі скажа супраць Духа Святога, яму не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
І хто-б сказаў слова на Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, але хто-б сказаў супроць Духа Святога, ня будзе яму адпушчана, ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
Або, калі дрэва добрае, то і плод яго будзе добрым; а калі дрэва дрэннае, то і плод яго будзе дрэнным, бо дрэва пазнаецца з плоду.
Або прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызнайце дрэва благім, і плод яго благім, бо-ж дрэва пазнаецца з плоду.
Племя змяінае, як вы можаце гаварыць добрае, будучы дрэннымі? Бо вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца.
Родзе гадавы! як вы можаце гаварыць бо добрае, калі вы благія? З паўнаты сэрца вусны гавораць.
Добры чалавек дастае з добрага скарбу добрае, а ліхі чалавек дастае з ліхога скарбу ліхое.
Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.
Кажу вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у судны дзень.
Кажу-ж вам, з кожнага пустога слова, якое вымавяць людзі, дадуць адказнасьць у судны дзень.
Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы, і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».
Бо са слоў сваіх ты будзеш апраўданы і са слоў сваіх будзеш асуджаны.
Тады некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Яму: «Настаўнік, хочам ад Цябе ўбачыць знак».
Тады некаторыя з кніжнікаў і фарызэяў адазваліся, кажучы: Вучыцель, хацелася-б нам ад цябе знак убачыць.
А Ён адказаў ім: «Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, акрамя знаку Ёны прарока.
Ён-жа ў адказ ім гавора: Род крывадушны й чужаложны знаку шукае, адыж знак ему ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока.
Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Бо як Ёна быў у нутры рыбы тры дні і тры ночы, гэтак будзе Сын чалавечы ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Мужы Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае за Ёну.
Мужы Нінівійскія стануць на судзе з гэтым родам і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навукі Ёны, а вось тут большы за Ёну.
Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай; і вось, тут большае за Саламона!
Каралева з паўдня стане на судзе з гэтым родам і асудзіць яго, яна бо прыйшла з крайсьвету, каб паслухаць Салямонавай мудрасьці, а вось тут большы за Салямона.
Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і не знаходзіць.
А калі дух нячысты выйдзе з чалавека, блукаецца па бязводных мясцох, шукаючы супачынку, і не знайходзіць.
Тады кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. Прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і ўпрыгожаным.
Тады кажа: «Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў». І, прыйшоўшы, знайходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і з гэтым ліхім пакаленнем».
Тады йдзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і, ўвайшоўшы, жывуць там і бываюць апошнія справы таго чалавека горш першых. Гэтак будзе і з гэтым ліхім родам.
Калі Ён прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім.
Калі ён яшчэ прамаўляў да грамады, вось маці ягона й браты стаялі на дварэ, хочучы з ім гутарыць.
І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае стаяць звонку і хочуць пагаварыць з Табою».
І нехта сказаў яму: Вось маці твая й браты твае стаяць вонках, шукаючы цябе.
А Ён адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: «Хто маці Мая і хто браты Мае?»
Ён-жа ў адказ таму, што гаварыў да яго, кажа: Хто-ж мая матка і хто мае браты?
І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
І, паказваючы рукою на вучняў сваіх, сказаў: Во маці мая і браты мае.
Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці».
Бо хто-б спаўняў волю Айца майго, каторы ёсьць у небе, той мне брат, і сястра, і матка.