Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару,
 
А пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, ды завёў іх асобна на гару высокую.

і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло.
 
І перамяніўся перад імі: заясьнеў воблік ягоны як сонца й адзеньне яго стала белае, бы сьнег.

І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.
 
І вось з’явіліся ім Майзей і Гальяш, гаворачыя з ім.

Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
 
Пётр-жа, адазваўшыся, сказаў да Езуса: Усеспадару, добра нам тут быць! калі хочаш, сладзім тут тры гасподы сьвятыя: табе адну, Майзею адну і Гальяшу адну.

Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце».
 
Калі ён яшчэ гаварыў, воблак ясны асланіў іх, а вось голас з воблаку гаворачы: «Гэта Сын мой улюбёны, ў якім мая мілаўспадоба, яго слухайце».

Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.
 
І вучні, пачуўшы, ніцам палі й вельмі спалохаліся.

А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся».
 
Езус-жа, прыступіўшы да іх, дакрануўся й сказаў: Устаньце, ня бойцеся.

Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.
 
І, падняўшы вочы свае, яны нікога ня бачылі, апрача аднаго Езуса.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».
 
А як зыйходзілі яны з гары, загадаў ім Езус, мовечы: Нікому не кажэце аб відзеным, пакуль Сын чалавечы ня згробуўстане.

Вучні ж спыталіся ў Яго: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
 
І выпытваліся ў яго вучні, кажучы: Дык чаму-ж кніжнікі гавораць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?

Ён адказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе і адновіць усё.
 
Ён-жа ў адказ ім гавора: Гальяш-то прыйдзе і направіць усё.

Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх».
 
Ады-ж кажу вам, Гальяш ужо прыйшоў, і не пазналі яго ды зрабілі з ім што хацелі. Так і Сын чалавечы цярпеціме ад іх.

Тады зразумелі вучні, што Ён казаў ім пра Яна Хрысціцеля.
 
Тады вучні зразумелі, што гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.

Калі прыйшлі да натоўпу, падышоў да Езуса нейкі чалавек і, упаўшы перад Ім на калені,
 
А калі прыйшоў да народу, прыступіўся да яго чалявек і, ўпаўшы перад ім на калені, казаў:

сказаў: «Пане, змілуйся над маім сынам; ён эпілептык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта — у ваду.
 
Усеспадару, зжалься над сынам маім, бо ён люнатык і цяжка мучыцца: часта падае ў вагонь, а часта ў воду.

Я прыводзіў яго да тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць яго».
 
Я прыводзіў яго да тваіх вучняў і не маглі яго аздаравіць.

Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне».
 
Езус-жа, адказваючы, сказаў: О родзе няверны й разбэшчаны! Дакуль-жа я буду з вамі? Дакуль цярпеціму вас? Прывядзеце мне яго сюды.

І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго злы дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым.
 
І насварыўся на яго Езус і выйшаў з яго нячысты і аздаравеў хлапец з тае гадзіны.

Тады асобна падышлі да Езуса вучні і сказалі: «Чаму нам не ўдалося выгнаць яго?»
 
Тады прыступілі да Езуса вучні насамоце й сказалі: Чаму мы не маглі яго выгнаць?

А Ён сказаў ім: «З прычыны малой веры вашай. Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: “Перасунься адсюль сюды!”, яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага».
 
Сказаў ім Езус: Дзеля няверы вашае. Бо сапраўды кажу вам, калі мецімеце веру, як зерне гарчычнае, скажаце гэтай гарэ: «Перайдзі адгэтуль туды», дык пяройдзе, і нічога для вас ня будзе немагчымага.

[отсутсвует]
 
Гэты бо род ня выганяецца йнакш, як толькі малітвай і постам.

Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі людзей,
 
Калі-ж яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: Сын чалавечы мае быць выданы ў рукі людзей,

і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». Тады яны вельмі засмуціліся.
 
і заб’юць яго, а на трэці дзень згробуўстане. І яны моцна зажурыліся.

Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, збіральнікі дыдрахмаў падышлі да Пятра і сказалі: «Ці ваш Настаўнік не дасць дыдрахмаў?»
 
А калі прыйшлі ў Кафарнаум, падыйшлі да Пятра тыя, што збіралі дыдрахмы і сказалі яму: Ці ваш вучыцель ня плаціць дыдрахмы?

Той адказаў: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: «Як табе здаецца, Сымоне? З каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі? Са сваіх сыноў ці з чужых?»
 
Ён кажа: Аякжа. І калі ўвайшоў у дом, Езус папярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сымоне? Уладары зямныя з каго бяруць даніну або падатак, із сваіх сыноў, ці з чужых?

А калі ён адказаў: «З чужых», Езус сказаў яму: «Значыць, сыны свабодныя.
 
Адказвае Пётр: з чужых. Езус кажа яму: Дык сыны вольныя.

Але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбіну, якую зловіш; калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе».
 
Але, каб нам іх ня згоршыць, ідзі на мора ды закінь вуду й тую рыбу, якая пападзе перша, вазмі й, адчыніўшы яе рот, знойдзеш статэра; узяўшы яго, дай ім за мяне і за сябе.