Мацьвея 10 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
 

Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны,
 

Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш,
 

Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
 

Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце.
 

Але перадусім ідзіце да загубленых авечак з дому Ізраэля.
 

Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”.
 

Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце.
 

Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
 

ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы.
 

У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце.
 

А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго.
 

Калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас.
 

А калі хто не прыме вас і не паслухаецца словаў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых.
 

Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.
 

Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы.
 

Асцерагайцеся людзей, бо вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.
 

Павядуць вас да намеснікаў і да каралёў за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі.
 

Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць.
 

Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
 

Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх.
 

Усе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
 

Калі вас будуць пераследаваць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
 

Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
 

Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, а слугу — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш так назавуць хатніх яго.
 

Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым.
 

Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах.
 

Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене.
 

Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.
 

У вас жа і валасы на галаве палічаны.
 

Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
 

Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
 

А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
 

Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч.
 

Бо Я прыйшоў паставіцьчалавека супраць бацькі ягонага,і дачку супраць маці яе,і нявестку супраць свекрыві яе;
 

і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя.
 

Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне.
 

І хто не бярэ крыжа свайго, а ідзе за Мною, той не варты Мяне.
 

Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго.
 

Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне.
 

Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага.
 

І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».