Мацьвея 10 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, (Ён) даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць ад усякай хваробы і ўсякай немачы.
 

А дванаццацёх Апосталаў іменьні вось такія: першы — Сымон, якога завуць Пётрам, і Андрэй — брат ягоны, Якуб Завядзеявы і Яан — брат ягоны,
 

Піліп і Барталамей, Хама і Мацьвей мытнік, Якуб, каторы Алхвея, і Ляўвей, якога завуць Тадэям,
 

Сымон Кананіт, і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.
 

Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус, загадаўшы ім, кажучы: на шлях паганаў ня ідзіце, і ў места самарцаў ня ўваходзьце;
 

Але ідзіце лепш да загінуўшых авечак дому Ізраэлявага.
 

А ходзячы, абвяшчайце, кажучы: наблізілася Гаспадарства Нябёсаў.
 

Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; дарма атрымалі, дарма давайце.
 

Ня набывайце ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы вашыя,
 

ні торбы ў дарогу, ні дзьвух адзежын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варты стравы сваёй.
 

А ў якое места ці сяло ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
 

А ўваходзячы ў дом той вітайце яго (жыды звычайна віталіся словам «шалом» г.з. «мір вам»),
 

і калі дом (той) будзе запраўды годны, (дык) зыйдзе мір ваш на яго, калі ж ня будзе годны, мір ваш вернецца да вас.
 

А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць слоў вашых, то выходзячы з дому ці зь места таго, абцярушыце пыл з ног вашых.
 

Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суда, чым месту таму.
 

Вось Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
 

Сьцеражэцеся ж людзей, бо яны будуць аддаваць вас у сынедрыёны, і ў сынагогах сваіх будуць біць вас,
 

і будзеце паведзены да валадароў і каралёў за Мяне, дзеля сьведчаньня перад імі і паганамі.
 

І калі будуць выдаваць вас, ня дбайце аб тое, як і што (вам) сказаць, бо вам у той час будзе дадзена, што сказаць.
 

Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Ба́цькі вашага будзе гаварыць у вас.
 

І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — дзіця (сваё); і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх;
 

і будзеце зьнянавіджаны ўсімі за Імя Маё, але, хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
 

Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным месту, уцякайце ў другое, бо запраўды кажу вам: ня абойдзеце яшчэ местаў Ізраэлявых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
 

Вучань ня вышэйшы за настаўніка, ні слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.
 

Годзе для вучня, каб стаў, як настаўнік ягоны, і слуга — як гаспадар ягоны. Калі Гаспадара дому назвалі Бэльзебулам, тым больш хатніх ягоных.
 

Дык жа ня бойцеся іх: бо няма нічога ўкрытага, што б ня выявілася, і таемнага, што б ня сталася вядомым.
 

Што кажу вам у цемнаце, кажыце ў сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў.
 

І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы ня могуць забіць. Але больш бойцеся Таго, Хто можа і душу́ і цела загубіць у гееньне.
 

Ці ж ня два вераб’і прадаюцца за ассары? І ніводзін зь іх ня ўпадзе на зямлю бяз волі Ба́цькі вашага.
 

Вашы ж і валасы на галаве ўсе палічаны.
 

Пагэтаму ня бойцеся: вы лепшыя за многіх вераб’ёў.
 

Дык вось, кожны хто будзе вызнаваць Мяне перад людзьмі, вызнаю і Я яго перад Ба́цькам Маім, Які ёсьць у Нябёсах.
 

А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Ба́цькам Маім, Які ёсьць у Нябёсах.
 

Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, але меч.
 

Бо Я прыйшоў адлучыць чалавека ад бацькі ягонага, і дачку ад маці ейнай, і нявестку ад сьвякрухі ейнай.
 

І ворагі чалавеку хатнія ягоныя.
 

Хто любіць бацьку ці матку больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне.
 

І хто ня бярэ крыжа свайго, але ідзе ўсьлед за Мною, ня варты Мяне.
 

Хто зьберажэ жыцьцё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, зьберажэ яго.
 

Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Паслаўшага Мяне.
 

Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастане ўзнагароду праведніка.
 

І хто, калі напоіць аднаго з малых гэтых (хаця б) адным кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.