Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Тады Ісус сказаў людзям і вучням Сваім,
 

кажучы: на Масеявым пасадзе селі кніжнікі і хварысэі.
 

Пагэтаму ўсё, што ні загадаюць вам захоўваць, захоўвайце і спаўняйце, а паводля ўчынкаў іхных ня рабіце, бо (яны) гавораць і ня робяць.
 

Бо складаюць цяжары важкія і няпасільныя і ўскладаюць на плечы людзям; а самі ня хочуць і пальцам сваім зрушыць іх.
 

А ўсе ўчынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі. Пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць кутасы на адзеньні сваім.
 

А таксама любяць узьлягаць наперадзе на гасьцінах і наперадзе сядзець у сынагогах,
 

і вітаньні на плошчах, і каб людзі называлі іх: вучыцель мой! вучыцель мой!
 

А вы ня называйце сябе «раўві», бо адзін у вас ёсьць Настаўнік — Хрыстос, а вы ўсе — браты.
 

І ба́цькам вашым ня называйце (нікога) на зямлі, бо адзін ёсьць Ба́цька ваш, Каторы на Нябёсах.
 

І ня называйцеся настаўнікамі, бо адзін ёсьць ваш Настаўнік — Хрыстос.
 

І большы сярод вас няхай будзе вашым слугою.
 

Бо ўсякі, (хто) узвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
 

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, бо зачыняеце Гаспадарства Нябёсаў перад людзьмі; бо самі ня ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, ня дапускаеце ўвайсьці.
 

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што зьядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся; за гэта дастанеце больш цяжэйшы прысуд.
 

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго нованаверненым; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геенны, удвая горшым за вас.
 

Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: калі хто прысягнуў бы Сьвятыняю, гэта нічога, а хто прысягнуў бы золатам Сьвятыні, (то ён) вінаваты.
 

Няразумныя і сьляпыя! бо што большае: золата ці Сьвятыня, якая асьвячае золата?
 

І калі хто прысягнуўся бы ахвярнікам, дык нічога, а хто прысягнуўся бы ахвярай, якая на ім, (то ён) вінаваты.
 

Няразумныя і сьляпыя! а што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае гэтую ахвяру?
 

Дык вось, хто прысягнуўся ахвярнікам, той прысягаецца ім і ўсім, што на ім;
 

і хто прысягнуўся Сьвятыняю, той прысягаецца Ёй і Прабываючым у Ёй.
 

І той, хто прысягнуўся Небам, прысягаецца Пасадам Бога і Седзячым на ім.
 

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што даецё дзесяціну зь мяты і кропу і кмену і адкінулі важнейшае ў Законе: суд і міласьць і веру; гэтае належыла зрабіць, і тое ня адкідаць.
 

Павадыры сьляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда праглынаеце!
 

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць коўні і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасьці і няпраўды.
 

Хварысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну коўні і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхная.
 

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапненых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне напоўнены косткамі памерлых і ўсякаю нячыстасьцю.
 

Гэтак і вы зьнешне здаецеся людзям сапраўды праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і бяззаконьня.
 

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што будуеце надмагільлі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў,
 

і кажаце: калі б мы былі ў дні ба́цькаў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнымі ў крыві прарокаў.
 

Гэтым самым вы сьведчыце супраць сябе, што вы ёсьць сыны забойцаў прарокаў.
 

Дык вы дапаўняйце меру ба́цькаў вашых.
 

Зьмеі, адродзьдзі яхіднінаў! як пазьбегнеце вы асуджэньня ў геенну?
 

Дык вось, пагэтаму Я пасылаю да вас прарокаў і мудрых і кніжнікаў; і вы адных заб’еце і ўкрыжуеце, а іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць зь места да места.
 

Каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага, аж да крыві Захара, сына Барахіявага, якога вы забілі між Сьвятыняю і ахвярнікам.
 

Праўду кажу вам: усё гэтае прыйдзе на род гэты.
 

Ярузалім! Ярузалім! забойца прарокаў і забойца каменьнем пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы ня захацелі.
 

Вось жа кіда́ецца вам дом ваш пусты!
 

Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня дакуль ня скажаце: Багаслаўлёны, Які ідзе ў Імя Госпада!