Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач.
А імёны дванаццацёх апастолаў вось гэткія: Першы Сымон, які завецца Пятром, і Андрэй, брат ягоны;
Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат яго; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матауш кунойміт; Якуб Альфэяў і Тадауш;
Сымон Кананэец ды Юдаі Іскарыёт, які яго й выдаў.
Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы й кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самарытанаў не ўваходзьце,
але йдзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраэлевага.
А йдучы прапаведуйце, кажучы, што прыблізілася валадарства нябеснае.
Аздараўляйце хворых, ускрашайце мяртвых, ачышчайце запаветраных, дзяблаў выганяйце. Дарма вы атрымалі, дарма й давайце.
Ня мейце золата, ані серабра, ані грошай у паясох вашых,
ані торбы ў дарозе, ані дзвёх адзежын, ані абутку, ані кія; годзен бо работнік пражытку свайго.
А ў які-б горад, або сяло вы не ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім дастойны — там і аставайцеся пакуль ня выйдзеце.
Уходзячы-ж у дом, прывітайце яго, кажучы: Спакой дому гэтаму.
І калі той дом варты будзе, супакой ваш зыйдзе на яго, а калі ня будзе варты, супакой ваш вернецца к вам.
А калі-б хто ня прыняў вас ды ня слухаў слоў вашых, выходзячы з дому, або места, абтрасеце пыл з ног вашых.
Сапраўды кажу вам: Лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суду, чым месту таму.
Вось я пасылаю вас, як авец міжы ваўкі; дык будзьце мудрыя, моў змеі, а як галубы простыя.
І сьцеражэцеся людзей, бо яны аддавацімуць вас у суды і будуць бічаваць вас у сваіх бажніцах,
і да начальства, ўладароў, павядуць вас дзеля мяне, на свядоцтва ім і паганам.
Калі-ж выдадуць вас, не клапацецеся, як і што маеце гаварыць, у тую бо часіну будзе вам дадзена што сказаць.
Бо ня вы тые, што гаворыце, але Дух Айца вашага у вас гаварыціме.
І выдасьць на сьмерць брат брата, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў ды зробяць ім сьмерць.
І будуць усе ненавідзець вас дзеля майго імяні, адыж хто да канца вытрывае, той будзе збаўлёны.
Калі-ж будуць прасьледаваць вас у гэтым месьце, уцякайце у другое; сапраўды кажу вам: ня скончыце мест Ізраэлявых, як Сын чалавечы прыйдзе.
Вучань ня ёсьць вышэйшы за вучыцеля, і слуга ня вышэй гаспадара свайго.
Даволі для вучня быць, як ягоны вучыцель, а для слугі — як гаспадар яго. Калі гаспадара абазвалі Бэльзэбубам, куды болей хатніх ягоных.
Адыж ня бойцеся іх; няма бо нічога сукрытага, што-б ня выявілася, і таёмнага, што-б ня, сталася ведамым.
Што я вам кажу ў цемры, вы тое гаварэце пры сьвятле, і што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.
Ды ня бойцеся тых, што цела забіваюць, а душы забіць ня могуць, але бойцеся болей таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.
Ціж не прадаюць за медзяка двух вераб’ёў? І ніводзін з іх не упадзе на землю без Айца вашага.
Вашыя-ж валасы на галаве ўсе палічаны.
Дык ня бойцеся — вы лепшыя за многіх вераб’ёу.
Вось-жа кожны, хто мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і я яго перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.
А хто адрачэцца мяне перад людзьмі, ад таго і я адракуся перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.
Ня думайце, што я прыйшоў прынясьці супакой на зямлю, ня супакой прыйшоў прынесьці, а меч.
Бо я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з яе маткай, а нявестку з ейнаю сьвякроўю;
і ворагі чалавеку хатнія яго.
Хто любіць бацьку або матку болей за мяне, ня варты мяне; і хто любіць сына ці бацьку болей за мяне, ня варт мяне.
Ды хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе за мною, той ня варты мяне.
Хто знойдзе жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто патраціў жыцьцё дзеля мяне, знойдзе яго.
Хто прыймае вас, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.
Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастане нагароду прарочу, а хто прыймае справядлівага таму, што ён справядлівы, атрымае нагароду справядлівага.
А хто-б даў напіцца аднаму з гэтых найменшых кубак халоднай вады таму, што ён вучань, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае.