Мацьвея 6 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Высьцерагайцеся даваць субожыну вашу перад людзьмі, каб яны бачылі вас, ато ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, што ёсьць у небе.
 

Дык ты, калі абдараеш, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю заплату.
 

А ты, як робіш дарэнне, хай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
 

каб дарэнне тваё было ў скрытнасьці, і Айцец твой, які бачыць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 

І калі моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, якія любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх людзі бачылі; сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду.
 

А ты як молішся, ўвайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці і Айцец твой, які бачыць утоенае, аддасьць табе.
 

А молячыся не гаварэце лішне, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы.
 

Ня будзьце падобны да іх, бо ваш Айцец ведае, чаго вам трэба, перш, чым у яго папросіце.
 

Малецеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё,
 

прыдзі валадарства Тваё, будзь Твая воля, як у небе, так і на зямлі.
 

Хлеба нашага штодзеннага дай нам сяння.
 

і адпусьці нам віны нашы, як і мы адпушчаем вінаватым нашым
 

і ня ўводзь нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
 

Бо калі вы адпусьціце людзям віну іхнюю, то і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы.
 

А калі не даруеце людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
 

А як посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, гмырлівыя, бо яны насупліваюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Папраўдзі кажу вам, яны дасталі нагароду сваю.
 

А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю ды абмый твар свой,
 

каб ня людзям паказацца посьцячым, але Айцу свайму, які ёсьць у скрытнасьці, і Айцец твой, што відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 

Ня збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль з’ядае, ды дзе зладзеі падкопваюць і крадуць,
 

але збірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль ня глуміць і дзе зладзеі не крадуць.
 

Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.
 

Светачам цела твайго ёсьць тваё вока. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
 

А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемрай, то якая-ж вялікая будзе сама цемра?
 

Ніхто ня можа двом паном служыць, бо або аднаго ненавідзеціме, а другога любіціме, або да аднаго прыхінецца, а другога зняхаіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
 

Вось чаму і кажу вам: ня журэцеся аб жыцьці вашым што будзеце есьці, ані аб целе вашым у вошта адзецца. Ці-ж душа не важнейшая за пажыву, а цела за адзежу?
 

Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у сьверні, адыж Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх?
 

Дый хто з вас можа сваёю турботай дадаць да ўласнага ўзросту адзін локаць?
 

І аб адзенні нашто турбавацца? Гляньце на лілеі ў полі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;
 

а я вам кажу, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй ня быў гэтак адзеты, як адна з іх.
 

Калі-ж палявую траву, якая сяння ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог так адзяе, то куды болей вас малаверных?
 

Дык не клапацецеся, кажучы: «Што будзем есьці, або што будзем піць, ці ў вошта адзявацімемся?»
 

бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Дый Айцец ваш ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба.
 

Дык шукайце перш валадарства Божага й справядлівасьці яго, а гэнае ўсё будзе вам дададзена.
 

Вось-жа ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашні дзень сам аб сабе турбавацімецца. Хопіць на кожын дзень свае бяды.