Мацьвея 25 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Тады падобнае будзе валадарства нябеснае дзесяцём дзевам, якія, ўзяўшы свае сьветачы, выйшлі насустрэч маладому й маладой.
 

Адыж п’яць з іх было мудрых, а п’яць нерастаропных.
 

Тыя нерастаропныя, ўзяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы,
 

а мудрыя ўзялі алівы ў пасудзіны свае з сьветачамі.
 

Калі-ж малады замарудзіў, прыдрамалі ўсе й паснулі.
 

Ажно ўпоўнач узняўся крык: Вось ідзе сужэнец, выходзьце на сустрэчу яму!
 

Тады схапіліся ўсе тыя дзевы й абгледзелі свае сьветачы.
 

Адыж нерастаропныя кажуць мудрым: дайце нам вашай алівы, бо сьветачы нашы гаснуць.
 

Адказалі мудрыя, кажучы: А як нам і вам нястане? Ідзеце лепш да прадаўцоў ды купеце сабе.
 

Калі-ж яны йшлі купляць, прыйшоў малады, і каторыя былі гатовыя, ўвайшлі з ім на вясельле ды зачынена дзверы.
 

Пасьля прыйходзяць і другія дзевы, кажучы: Усеспадару, Усеспадару, адчыні нам!
 

Ён-жа адзываючыся, сказаў: Сапраўды кажу вам, ня знаю вас.
 

Дык не драмеце, ня ведаеце бо ні дня, ні гадзіны.
 

Таксама як адзін чалавек, ад’яжджаючы, паклікаў слуг сваіх ды перадаў ім сваё дабро.
 

І даў аднаму пяць талентаў, другому два, а трэцяму адзін, кожнаму паводле яго сілы, і зараз ад’ехаў,
 

Той-жа, што дастаў пяць талентаў, пайшоў, пусьціў іх у ход і прыдбаў яшчэ пяць.
 

Таксама й той, што дастаў два, здабыў другія два.
 

А той, што ўзяў адзін, пайшоўшы, закапаў у землю й схаваў грошы гаспадара свайго.
 

Пасьля-ж доўгага часу вярнуўся гаспадар гэных слуг ды зрабіў з імі разрахунак.
 

І, прыступіўшы, той, што дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Спадару, даў ты мне пяць талентаў, вось я здабыў другія пяць.
 

Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што быў ты верны над малым, над многім цябе пастаўлю, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
 

Прыступіў жа й той, што атрымаў два таленты й сказаў: Спадару, даў ты мне два таленты, вось я прыдбаў другія два.
 

Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
 

А прыступіўшы й той, што дастаў адзін талент, сказаў: Усеспадару, я ведаю, ты чалавек цьвёрды: жнеш, дзе ня сееў і збіраеш, дзе не рассыпаў.
 

І, пабаяўшыся, пайшоў я ды схаваў твой талент у землю: во маеш табе тваё.
 

Гаспадар-жа адазваўшыся, кажа яму: Слуга дрэнны і нядбалы! Ведаў ты, што я жну, дзе, ня сееў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
 

Трэба-ж было табе аддаць мае грошы банкіром і я, вярнуўшыся, ўзяў-бы сваё з прыбыткам.
 

Дык вазмеце ад яго талент і дайце маючаму дзесяць талентаў.
 

Кожнаму бо, хто мае, будзе дадзена і меціме дастатак, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята й тое, што здаецца мець.
 

А няздатнага слугу выкіньце ў процьму вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.
 

Калі-ж прыйдзе Сын чалавечы ў славе сваёй і ўсе анелы з ім, тады сядзе на пасадзе свае славы,
 

і збяруцца перад ім усе народы, й адлучыць іх адных ад другіх, як аўчар аддзяляе авец ад казлоў,
 

ды паставіць авец праваруч, а казлоў — леваруч сябе.
 

Тады скажа Валадар тым, што праваруч ад яго будуць: Прыйдзеце, багаслаўлёны Айца майго, атрымайце валадарства, прыгатаванае вам ад заснавання сьвету.
 

Я бо галодны быў і вы далі мне есьці; засмагшы быў і вы далі мне напіцца; быў госьцем і вы прынялі мяне;
 

быў нагім і вы прыадзелі мяне; хворым і вы адведалі мяне; быў у вастрозе і вы прыйшлі да мяне.
 

Тады адкажуць яму справядлівыя ў адказ: Усеспадару, калі-ж мы бачылі цябе галодным ды накармілі, засмагшым ды напаілі?
 

Калі мы бачылі цябе падарожным і прыгасьцілі, або нагім ды прыадзелі цябе?
 

Або калі мы бачылі цебе хворым, ці ў вязніцы ды адведалі цябе?
 

І адказваючы прамовіць да іх Валадар: Сапраўды кажу вам, колькі вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, мне зрабілі.
 

Тады скажа і тым, што леваруч будуць: Ідзеце ад мяне праклятыя, ў вагонь вечны прыгатаваны нячысьціку й анелам ягоным.
 

Бо я быў галодны й вы не далі мне есьці; меў смагу й не далі мне піць;
 

быў падарожным і не далі мне прытулішча; нагім і не прыадзелі мяне; быў занядужаўшы і быў у вастрозе. а вы не адведалі мяне.
 

Тады і яны ў атозвіны скажуць: Усеспадару, калі мы бачылі цябе галодным, або засмагшым ці госьцем, ці нагім, ці занядужаўшым, або ў дарозе, ці ў вастрозе ды ня ўслужылі табе?
 

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды гавару вам, колькі разоў вы не ўспамаглі аднаго з гэтых найменшых, дык не ўспамаглі й мяне.
 

І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.