Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І ўвайшоўшы ў лодку, пераплыў назад і прыйшоў у свой горад.
І вось прынясьлі к яму спараліжаванага, ляжачага на пасьцелі. А Езус, бачачы іхню веру, сказаў паралітыку: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
Тады некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе: Ён блюзьніць.
Езус-жа, бачачы іхнія думкі, сказаў: Чаму вы думаеце благое ў сэрцах вашых?
Што бо лягчэй сказаць: «Адпушчаюцца табе грахі твае», ці сказаць: «Устань ды хадзі»?
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — тады кажа спараліжаванаму: Устань, вазмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой.
І ўстаў ды пайшоў у дом свой.
Грамады-ж, бачачы гэта, праняліся страхам і славілі Бога, які даў людзям такую ўладу.
І калі Езус ішоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля куноймітні, імянем Матауш. І сказаў яму: Ідзі за мною. І ён, устаўшы, пайшоў за ім.
І здарылася, калі ён сядзеў за сталом у доме, вось многія кунойміты й грэшнікі, прыйшоўшы, паселі за стол з Езусам і вучнямі ягонымі.
А, бачачы гэта, фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму з грэшнікамі й куноймітамі есьць ваш вучыцель?
Езус-жа, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым.
Ідзецеж і навучэцеся, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры». Бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
Тады прыступіліся да яго вучні Янавы, кажучы: Чаму мы і фарызэі часта посьцім, а твае вучні ня посьцяць?
І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Во, як прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога — тады пасьціцімуць.
Адыж ніхто на старую вопратку не кладзе латы сукна сырога, яна бо рве вопратку й робіцца горшая дзіра.
І ня ўліваюць новага віна ў мяхі старыя, ато мяхі прарвуцца й віно разліваецца й мяхі прапашчыя. Але новае віно ўліваюць у мяхі новыя, дык уцалее й адно й дрогое.
Калі ён гаварыў ім гэта, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, дачка мая толькі-што памерла, але прыйдзі, ўзлажы на яе руку тваю і будзе жыць.
І, ўстаушы, пайшоў за ім Езус і вучні ягоны.
І вось жанчына, што дванаццаць год хварэла на крывацечу, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі ягонай.
Казала бо сама сабе: як дакрануся да яго вопраткі, буду здарова.
А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе ўратавала. І жанчына стала здаровай ад тае гадзіны.
І калі прыйшоў Езус у дом старшага ды ўгледзеў жалейнікаў і галосячую сумятніў, сказаў
Адступецеся, дзяўцынка бо ня ўмерла, толькі спіць. І насьмяхаліся з яго.
Калі-ж выправілі народ, увайшоў, узяў яе за руку — і дзяўчынка устала.
І разыйшлася аб гэтым чутка па ўсёй той краіне.
А калі Езус прайходзіў адтуль, ішло за ім двух сьляпых і крычала кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давідавы!
А як увайшоў у дом, прыступіліся да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці верыце вы, што я вам магу гэта зрабіць? Кажуць яму: Але, Усеспадару.
Тады дакрануўся да іхніх вачэй і гавора: Хай вам станецца паводле веры вашай.
І адчыніліся вочы іх. А Езус прыгразіў ім, кажучы: Глядзеце-ж, каб ніхто ня ведаў.
Яны-ж, выйшаўшы, расславілі яго па ўсёй той краіне.
Калі-ж тыя выйшлі, вось прывялі да яго нямога чалявека, маючага дзябальства.
І як-толькі быў выгнаны дзябал, нямы прагаварыў, а грамада дзівілася, гаворачы: ніколі ня бывала гэтага ў Ізраэлю.
А фарызэі гаварылі: Ён выганяе дзяблаў сілай князя дзябальскага.
І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, навучаючы ў іхніх бажніцах ды абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач.
Гледзячы-ж на грамады шкадаваў іх, былі бо зняможаны й ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра.
Тады сказаў сваім вучням: Жніва-то вялікае, да работнікаў мала,
дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.