Мацьвея 9 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераправіўся назад і прыйшоў у Свой горад.
 

І вось, прыне́слі да Яго спаралізава́нага, які ляжаў на пасцелі. І, убачыўшы веру іх, Іісус сказаў спаралізава́наму: мацуйся, сы́не! дару́юцца табе грахі твае.
 

І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзне́рыць.
 

А Іісус, ведаючы думкі іх, сказаў: навошта вы думаеце ліхое ў сэ́рцах вашых?
 

Бо што лягчэй — сказаць: «адпускаюцца табе грахі» ці сказаць: «устань і хадзі»?
 

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўла́ду на зямлі адпускаць грахі, — тады кажа спаралізава́наму: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
 

І той устаў і пайшоў у дом свой.
 

Народ жа, убачыўшы гэта, дзіву даўся і прасла́віў Бога, Які даў такую ўла́ду лю́дзям.
 

Ідучы́ адтуль, убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мы́тні, якога звалі Матфей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.
 

І ста́лася, калі Іісус узляжа́ў у доме, тады многія мы́тнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзле́глі з Ім і вучнямі Яго.
 

І, убачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: чаму з мы́тнікамі і грэшнікамі есць і п’е Настаўнік ваш?
 

А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя;
 

ідзіце, навучы́цеся, што азначае: «міласці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.
 

Тады прыходзяць да Яго вучні Іаанавы і кажуць: чаму мы і фарысеі по́сцім многа, а Твае вучні не по́сцяць?
 

І сказаў ім Іісус: ці могуць смуткава́ць сыны́ харо́маў вясе́льных, пакуль з імі жаніх? Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасцíць.
 

І ніхто не наклада́е латкі з тканіны суровай на адзе́жыну стару́ю; бо латка парве адзе́жыну, і дзірка будзе яшчэ горшая.
 

Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхí стары́я; а інакш прарыва́юцца мяхí, і віно выцяка́е, і мяхí прапада́юць; а ўліваюць віно маладое ў мяхí новыя, і зберага́ецца тое і другое.
 

Калі Ён гэта гаварыў ім, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кла́няючыся Яму, казаў: дачка мая́ толькі што паме́рла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку́ Тваю, і яна будзе жыць.
 

І, устаўшы, Іісус пайшоў за ім, і вучні Яго.
 

І вось, жанчына, якая мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў, падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго.
 

Бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрану́ся да вопраткі Яго, вы́здаравею.
 

Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе. І вы́здаравела жанчына з таго часу.
 

А калі прыйшоў Іісус у дом начальніка і ўбачыў музы́каў з жалейкамі і збянтэ́жаны люд,
 

то сказаў ім: вы́йдзіце; бо не паме́рла дзяўчына, а спіць. І насміха́ліся з Яго.
 

Калі ж людзі былí вы́праваджаны, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку́, і дзяўчына ўстала.
 

І разне́слася чутка пра гэта па ўсёй зямлі той.
 

І калі адыходзіў адтуль Іісус, ішлі за Ім двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сы́не Давідаў!
 

Калі ж Ён прыйшоў у дом, прыступíлі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!
 

Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: па веры вашай няхай будзе вам.
 

І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даве́даўся.
 

А яны, выйшаўшы, разне́слі чутку пра Яго па ўсёй зямлі той.
 

Калі ж тыя выхо́дзілі, якраз прывялі да Яго чалавека нямога, апанава́нага дэманам.
 

І калі дэман быў вы́гнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючы́ся, казаў: ніколі такога не здара́лася ў Ізра́ілі.
 

А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганя́е Ён дэманаў.
 

І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і пасе́лішчах, ву́чачы ў сінагогах іх, прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у лю́дзях.
 

Убачыўшы натоўпы людзей, Ён пашкадаваў іх, бо яны былі знясíленыя і пакíнутыя, як авечкі без пастуха.
 

Тады кажа вучням Сваім: жніва́ многа, а работнікаў мала.
 

Таму малíце Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.