Мацьвея 7 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Не судзíце, каб і вас не судзíлі.
 

Бо якім судом су́дзіце, такім вас судзíць будуць; і якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца.
 

Што ж ты глядзíш на парушы́нку ў во́ку брата твайго, а бервяна́ ў сваім во́ку не заўважа́еш?
 

Альбо, як скажаш брату свайму: «дай, я вы́му парушы́нку з вока твайго»; а вось у тваім воку бервяно́?
 

Крываду́шнік! вы́мі спачатку бервяно́ са свайго во́ка, і тады ўбачыш, як вы́няць парушы́нку з во́ка брата твайго.
 

Не давайце святога сабакам і не кíдайце пе́рлаў вашых перад свíннямі, каб яны не патапта́лі іх нагамі сваімі і, абярну́ўшыся, не разарва́лі вас.
 

Прасíце, і да́дзена будзе вам; шукайце, і зно́йдзеце; сту́кайцеся, і адчы́няць вам.
 

Бо кожны, хто про́сіць, атры́млівае, і хто шукае, знахо́дзіць, і, хто сту́каецца, таму адчы́няць.
 

Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі сын яго папро́сіць у яго хле́ба, ка́мень пада́сць яму?
 

І калі ры́бы папросіць, змяю́ пада́сць яму?
 

Дык вось, калі вы, бу́дучы ліхíмі, умееце дары́ добрыя даваць дзе́цям вашым, тым болей Айцец ваш, Які на нябёсах, дасць дабро́ты тым, хто про́сіць у Яго.
 

І вось, усё, я́к хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы рабіце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
 

Увахо́дзьце праз ву́зкія вароты; бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагíбель, і многія ідуць імі.
 

Бо ву́зкія вароты і це́сная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.
 

Асцерага́йцеся лжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзе́жы, а ўнутры́ — ваўкí драпе́жныя.
 

Па плада́х іхніх пазна́еце іх. Хіба́ збіраюць з цярно́ўніку вінаград, альбо з дзядо́ўніку смо́квы?
 

Так усякае добрае дрэва ро́дзіць і плады́ добрыя, а кепскае дрэва ро́дзіць і плады кепскія.
 

Не можа добрае дрэва радзíць кепскія плады́, ні дрэва кепскае радзíць плады́ добрыя.
 

Усякае дрэва, якое не ро́дзіць плоду добрага, ссяка́юць і кíдаюць у агонь.
 

Дык вось, па плада́х іхніх пазна́еце іх.
 

Не кожны, хто кажа Мне: «Госпадзі! Госпадзі!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выко́нвае волю Айца Майго, Які на нябёсах.
 

Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзі! Госпадзі! ці не ад Твайго імя́ мы прарочылі? і ці не Тваім íмем дэманаў выганя́лі? і ці не Тваім íмем многія цу́ды рабілі?»
 

І тады абвяшчу́ ім: «Я ніколі не знаў вас; адыдзíце ад Мяне вы, якія чы́ніце беззаконне».
 

Дык вось, кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае́ і выко́нвае іх, прыраўня́ю да му́жа разумнага, які збудаваў свой дом на ка́мені.
 

І пайшоў дождж, і разлілíся рэкі, і падзьму́лі вятры́, і ры́нуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо закла́дзены быў на ка́мені.
 

А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае́ і не выко́нвае іх, падобны будзе да му́жа неразва́жлівага, які збудава́ў свой дом на пяску́.
 

І пайшоў дождж, і разлілíся рэкі, і падзьму́лі вятры, і нале́глі на дом той; і ён абваліўся, і было́ падзе́нне яго вялікае.
 

І ста́лася, калі Іісус скончыў гэтыя словы, вельмі здзіўля́ліся людзі вучэнню Яго,
 

бо Ён вучыў іх як той, хто ма́е ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.