Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І сталася, як скончыў Езус загады дванаццацём сваім вучням, перайшоў адтуль навучаць і прапаведваць па іхніх местах.
Ян-жа, калі дачуўся ў вязніцы аб дзейнасці Хрыстовай, паслаўшы двух вучняў сваіх,
сказаў яму: Ці ты той, што прыйсьці маецца, ці чакаць нам другога?
І адказваючы Езус ім гавора: Ідзеце й спавясьцеце Яна, што вы чулі й бачылі:
Сляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, запаветраныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя згробуўстаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія.
І багаслаўлёны, хто ня будзе горшыцца з мяне.
Калі-ж яны адыйшлі, пачаў Езус гаварыць грамадзе пра Яна: Што выйшлі вы ў пустыні ўгледзець? Трасьціну, што хістаецца ад ветру?
Што-ж выйшлі вы ўбачыць? Чалавека адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што адзяюцца ў далікатную адзежу прабываюць у магнацкіх палатах.
Дык што-ж выйшлі вы аглядаць? Прарока? Ады-ж, кажу вам, і болей, чым прарока.
Гэта бо той, аб якім напісана: «Вось я пасылаю анела перад воблікам тваім, які падрыхтуе шлях твой прад табою» (Малях. 3:1).
Сапраўды кажу вам: спаміж роджаных жанчынамі не паўстаў большы за Яна Хрысьціцеля: адыж найменшы ў валадарстве нябесным, вялікшы за яго.
Ад дзёнжа Яна Хрысьціцеля аж дагэтуль валадарства нябеснае гвалт церпіць і раптоўнікі захопліваюць яго.
Усе бо прарокі і закон прарочылі аж да Яна;
і калі хочаце ведаць, гэта ён Гальяш, які прыйсьці маецца.
Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
Да каго-ж я прыраўную род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што седзячы на рынку, крычаць да сваіх равесьнікаў,
кажучы: «Мы йгралі вам, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі».
Прыйшоў бо Ян, ня есьць і ня п’е, а яны кажуць: «Нячысьціка мае».
Прыйшоў Сын чалавечы, які есьць і п’е, і кажуць: «Во чалавек абжора ды вінажлоп, сябра грашаемцаў і грэшнікаў». І спраўдзілася мудрасьць на сваіх дзецях.
Тады пачаў дакараць гарадом, у якіх найболей сталася ягоных цудаў, за тое, што не пакутавалі.
Гора табе, Корозаім, гора табе, Бэтсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сыдоне дзееліся цуды, якія ў вас дзееліся, дык даўно ў зрэбніцы й попеле пакутавалі-б.
Адыж кажу вам: Тыру й Сыдону лягчэй будзе ў судны дзень, як вам.
А ты, Кафарнауме, ці-ж да неба аж падымешся? — Аж да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме дзееліся цуды, якія ў табе дзееліся, то можа-б яна асталася аж па гэты дзень.
Адыж кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў судны дзень, як табе.
І ў той час Езус, адазваўшыся, прамовіў: Слаўлю цябе, Ойча, Усеспадару неба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных, а выявіў недалеткам.
Так, Ойча, гэтак бо спадабалася табе.
Усё мне перадана Айцом маім. І ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына й каму Сын абявіць захоча.
Прыйдзеце ка мне ўсе працуючыя й абцяжаныя, а я вас узмацую.
Вазмеце на сябе ярмо маё й ад мяне вучэцеся, я бо ціхі й пакорнага сэрца, і знойдзеце суцеху душам вашым.
Бо ярмо маё прыемнае, а цяжар лягонькі.