Мацьвея 11 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Калі Езус закончыў настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.
 

А Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх
 

спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
 

І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце:
 

сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
 

І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
 

Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
 

На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах.
 

На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
 

Гэта той, пра каго напісана: “Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
 

Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго.
 

З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае здабываецца сілай, і гвалтоўныя людзі захопліваюць яго.
 

Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна.
 

Калі вы захочаце прыняць, то ён — Ілля, які павінен прыйсці.
 

Хто мае вушы, няхай слухае.
 

З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей, што сядзяць на рынку і, звяртаючыся да іншых, кажуць:
 

“Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі, мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі”.
 

А прыйшоў Ян, які не еў і не піў, і яны кажуць: “У ім злы дух!”
 

Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!” І была апраўдана мудрасць справамі сваімі».
 

Тады пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся:
 

«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно ў мешкавіне і попеле пакаяліся.
 

Але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў судны дзень, чым вам.
 

А ты, Кафарнаум, ці будзеш узвышаны аж да неба? Аж да адхлані нізрынешся! Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня.
 

Але кажу вам: лягчэй будзе зямлі садомскай у судны дзень, чым табе».
 

У той час, адказваючы, Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям.
 

Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.
 

Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
 

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
 

Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў.
 

Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі».