Мацьвея 20 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.
Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой.
І, умовіўшыся з работнікамі па дэнару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.
І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку
І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы.
і сказаў ім: Ідзеце й вы ў мой вінаграднік і што будзе належацца, дам вам.
І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі.
Яны пайшлі. Ізноў жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай ды зрабіў гэтаксама.
Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтак сама.
І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых ды сказаў ім: Чаго вы тут стаіце цэлы дзень без работы?
А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?”
Кажуць яму: бо ніхто не наняў нас. Гавора ім: ідзеце й вы ў мой вінаграднік.
Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”.
Калі-ж настаў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў ды аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.
А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”.
І вось калі падыйшлі тыя, што прыйшлі каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дэнару.
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару.
А першыя, падыйшоўшы, думалі, атрымаюць болей, адыж і яны атрымалі па дэнару.
А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару.
І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,
І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому,
кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, што перанесьлі цяжар дня і спеку.
кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”.
А ён у адказ сказаў аднаму з іх: Сябра, я не раблю табе крыўды, ці-ж не за дэнар ты са мною згадзіўся?
Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
Вазмі што тваё ды йдзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.
Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе.
Ці-ж ня можна мне зрабіць што хочу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?
Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?”
Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.
Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
А ідучы у Ерузалім, узяў Езус дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім:
Вось уваходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,
«Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць,
і выдадуць яго паганам на здзек ды на бічаванне, а на трэці дзень згробуўстане.
і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэевых з сынамі сваімі, кланяючыся ды нечага просячы ў яго.
Тады падыйшла да Яго маці сыноў Зэбэдэя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.
Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Кажа яму: Загадай, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін праваруч цябе, а другі леваруч у валадарсьцьве тваім.
Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім».
Езус-жа адказваючы гавора: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці-ж можаце піць чару, якую я піціму? Кажуць яму: Можам.
А Ісус, адказваючы, сказаў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я ма́ю піць, і хрысьці́цца хрышчэньнем, якім Я хрышчу́ся?» Яны кажуць Яму: «Можам».
Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, адыж сядзець праваруч мяне й леваруч, гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.
І Ён кажа ім: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысьці́цца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім».
А дзесяцёх, пачуўшы гэта, абурыліся на двух братоў.
І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў.
Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што князі народаў валадараць над імі, а каторыя большыя, выконываюць над імі ўладу.
А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі.
Ня гэтак будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць вышэйшы, хай будзе вашым прыслужнікам,
А ў вас ня гэтак ма́е быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым,
і хто-бы хацеў быць першым між вамі, будзе вашым слугою.
і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вашым слугою,
Так як і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, а каб служыць ды даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.
як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу́ Сваю на адкупленьне многіх».
І як выйходзілі яны з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамада,
І як выходзілі яны з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп.
і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, ды закрычалі, кажучы: Зжалься над намі, Усеспадару, сыне Давідавы!
І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
Але грамада сварыляся на, іх, каб замоўклі. Адыж яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Усеспадару, сыне Давіда змілуйся над намі!
А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
І прыпыніўся Езус, паклікаў іх і кажа: Што хочаце, каб я вам зрабіў?
І, супыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: «Чаго вы хочаце, каб Я зрабіў вам?»
Кажуць яму: Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя!
Яны кажуць Яму: «Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя».
І Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да іхніх вачэй і зараз-жа сталі відзець ды пайшлі за ім.
Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім.