2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Маючы восьжа гэтыя зарукі, ачышчайма сябе, мілыя, ад усякай гідоты цела і духа, зьдзейсьніваючы ў богабоязі усьвячэнне нашае.
 
Дык маючы такія абяцаньні, дарагія, ачысьцьма сябе ад усякага бруду цела і духа, у боязі Божай дасягаючы сьвятасьці.

Прыймеце нас: мыж нікога ня скрыўдзілі, нікога не ачмуцілі зьдзерствам.
 
Прыміце нас! Мы нікога не скрыўдзілі, нікога не зьвялі, нікога не абманулі.

Кажу гэта, не каб асудзіць вас, бож сказаў ужо вам, што вы ў нашых сэрцах на уміранне поспал і на жыцьцё.
 
Кажу гэта, не каб вас асудзіць. Казаў ужо, што вы знаходзіцеся ў нашых сэрцах, каб разам жыць і ўміраць.

У мяне вялікая спадзева на вас, вялікая пахвала мне за вас; я повен суцехі й радасьці пры ўсіх журбах нашых.
 
З велькім даверам адносімся да вас, вельмі хвалюся вамі. Надта цешуся, хвалюся з радасьці ў кожным нашым уціску.

Бо і тады, як прыйшлі былі мы ў Макэдонію, цела нашае ня мела супачынку (утульля) — адусюль бяда: звонку напасьці, ўнутры страхі.
 
Бо калі мы прыбылі ў Македонію, нашае цела ня мела супакою (палёгкі), але зусюль нам дакучалі: навонкі напасьці, унутры (увонку) — страхі.

Але Бог, пацяшыцель пакорных, уцешыў нас прыйсьцём Тытуса;
 
Затым Бог, Пацяшыцель пакорных (сьціплых) пацешыў нас прыбыцьцём Тытуса.

ды ня толькі прыйсьцём, але і дазнанай у вас уцехаю, як расказваў аб вашай тужлівасьці, аб вашым плачу ды руплівасьці аба мне, так што я шчэ болей абрадаваўся.
 
І пацешыў ня толькі прыбыцьцём яго, але як разказваў нам, якую радасьць (пацеху) адчуў у вас, аб вашых сьлёзах, аб вашай тузе (чаканьні), аб вашых клопатах аба мне, з гэтага радаваўся я тым болей.

Хоць я й засмуціў вас маім лістом, не шкадую гэтага, а каліб і шкадаваў, бачыўшы хвілінную засмочонасьць вашую,
 
Хоць можа вас і засмуціў сваім лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і пакаіўся б, бачачы, што гэты ліст на нейкі час зусмуціў вас.

дык цяпер цешуся, не дзеля таго, што вы зажурыліся, але дзеля таго, што журба тая была пакутнай; вы бо смуціліся дзеля Бога, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды.
 
Аднак цяпер цешуся, а таму, што вы праўда засмуціліся, але (засмуціліся) смутак быў на наварачэньне. Засмуціліся па Божаму і не пацярпелі ад нас ніякай шкоды.

Смутак бо дзеля Бога спрычыняе збаўленнае каянне, якога потым не шкадуецца, а смутак гэтага сьвету спрычыняе сьмерць.
 
Бо смутак з волі Божай праз пакуту вядзе да збаўленьня, дзеля якога не трэба каіцца, а смутак гэтага сьвету вядзе да сьмерці.

Бо вось тое сумаванне дзеля Бога, гляньце, якую руплівасьць разбудзіла ў вас, якое апраўдванне ды абурэнне (на вінаватага), якую боязь, якую тужлівасьць, якую шчырасьць ды й спагнанне: у ва ўсім вы паказалі сябе нявіннымі ў гэтай справе.
 
Гэта вось, што вы засмуткавалі з волі Божай — выклікала ў вас руплівасьць, абарону, абурэньне, боязь, тугу, узгарачэньне ды патрэбу прыняцця кары. Ва ўсім гэтым паказаліся вы беззаганнымі ў гэтай справе.

А калі й напісаў вам, дык не дзеля крыўдзіцеля, ані дзеля пакрыўджанага, але каб між вамі выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам.
 
Затым, калі я вам гэта напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб выказаць вам перад Богам сваю зацікаўленасьць.

Таму мы уцешыліся ўцехаю вашаю, а шчэ болей радасьцю Тытуса, што вы ўсе заспакоілі дух ягоны.
 
Такім чынам мы адчулі радасьць. А наша радасьць узмацавалася тым больш радасьцю якую спазнаў Тытус усімі вамі падтрыманы на духу.

І калі я быў крыху пахваліўся вамі перад ім, дык без сораму; бо, як мы заўсёды гаварылі вам праўду, так і пахвала перад Тытусам нашая аказалася праўдаю;
 
Не набыў стыду тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы праўдзіва, як праўдзівай ёсьць наша пахвала дзеля Тытуса.

і сэрца яго йшчэ прыхільнейшае да вас на ўспамін вашай паслухмянасьці, як вы прынялі яго з боязьзю і тропатам.
 
Сэрца ягонае яшчэ мацней туліцца да вас, калі прыпамінае вашу паслухмянасьць дый тое, як вы прынялі яго з боязьзю і перажываньнем (дрыгоцьцем).

Я рад, што ў-ва ўсім магу здавацца на вас.
 
Цешуся, што ва ўсім магу на вас палажыцца.