Якава 1 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Якуб слуга Бога і Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса дванаццаці пакаленням, што знайходзяцца ў расцярушэнні, прывет.
 
Якуб, слуга Бога і Госпада Нашага Езуса Хрыста перадае прывітаньне (вітае) Дванаццаці пакаленьням на выгнаньні. Як маеце трымацца ў выпрабаваньнях і пакусах.

Лічэце сабе за вялікую радасьць, браты мае, калі рожныя спакусы вас агорнуць,
 
Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасьць, калі вас наступаюць (трывожаць) розныя спакусы.

ведаючы, што дазнанне веры вашай творыць вытрываласьць;
 
Ведайце, што выпрабаваньне веры вашай — вынікае стойкасьць (цярплівасьць).

а вытрываласьць гэта дзеля дасканалячае, каб вы былі поўнадасканальнымі без ніякіх недахопаў.
 
Стойкасьць жа яўляецца справай дасканалай, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.

І калі хто з вас патрабуе мудрасьці няхай просіць у Бога, шчодра даючага без дакораў, і дасцца яму.
 
Калі ж каму не хапае мудрасьці, хай просіць яе ў Бога, а Ён дае ўсім шчодра без дакораў, дасьць і яму.

Але хай просіць зь вераю бязь ценю сумніву; хто бо сумняваецца, падобны марской хвалі, ветрам падыманай ды ганянай.
 
Хай жа ён просіць з вераю, ня чуць не сумняваючыся, бо хто сумняваецца — падобны да марской хвалі, якую марскі вецер падымае і ганяе.

Гэткі чалавек хай не спадзяецца атрымаць што ад Бога.
 
Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што колечы ад (Бога) Госпада,

Двудушны муж хісткі ёсьць на ўсіх шляхох сваіх.
 
бо ён чалавек хісткі ды нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах (дарогах).

Хай ганарыцца брат пакорны высокасьцю сваёю;
 
Хай пакорны брат ганарыцца з свайго падвышэньня,

а багаты — сваёю нізкасьцю, праміне бо як той квет на траве:
 
а багаты са свайго паніжэньня, бо прамінае (лёс) як краска палявая.

узыйдзе сонца, настане сьпека, высушыць траву і квет ападае, краса выгляду ягонага нікне; так вяне і багаты на сваіх шляхох.
 
Бо ўзыйшло ўпальнае (гарачае) сонца, высушыла траву ды завяла разам краска, зчэз прыгожы выгляд. Так і багаты змарнее на сваіх шляхах (дарогах).

Шчасьлівы муж, які вытрымоўвае спакусу, бо-ж калі быў выпрабаваны, атрымае вянец жыцьця, які абяцаў Бог Любячым Яго.
 
Шчасьлівы чалавек, які ўстаіць у пакусе, бо па выпрабаваньні — атрымае вянок (дыядэм) жыцьця, абяцаны Богам тым, што любяць Яго.

Ніхто ў спакусе хай не кажа: Бог мяне спакушае; Бог бо не спакушаецца злом і Сам нікога ня кусіць.
 
Хай ніхто спакушаны ня кажа, што Бог яго спакушае, бо Бог не дазнае пакусы назло, ды нікога Ён не спакушае.

Але кажны спакушаецца поцягам і прывабай свае похаці.
 
Зводзіць кожнага свая змысловасьць ды яе прывабнасьць.

Похаць-жа, зачаўшы, родзіць грэх; а грэх дакананы родзіць сьмерць.
 
Затым дапушчаны змысловасьць (страсьць), спрычыняе грэх, а дапушчаны грэх, спрычыняе сьмерць.

Дык не манеце сабе, браты найдаражэйшыя:
 
Не дапушчайцеся грэху (блуду), браты мае найдаражэйшыя!

ўсякае найлепшае дарэнне і ўсякі дасканальны дар згары ёсьць, зыйходзіць ад Айца сьвятла, ў якога няма зьменнасьці ані ценю перамены;
 
Усякае дабро, што нам даецца ды ўсякі дар дасканалы з гары (з неба) ад Айца сьвятло сыходзіць, уКаторага няма перамены, ані ценя зьменнасьці.

з уласнае бо волі радзіў нас словам праўды, каб мы былі нейкім начаткам яго стварэння.
 
Нарадзіў нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першынцамі (пачаткам) Ягонага Тварэньня.

Вы гэта ведаеце, браты мае мілыя. Хай, восьжа, кажны чалавек хуткі будзе да слухання, а спавольны да гутаркі й спавольны да гневу.
 
Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі слухаць; а павольны да гутаркі ды ня скоры да злосьці (гневу).

Гнеў бо да справядлівасці Божай ня спрычыняецца.
 
Бо злосьць чалавека не спрычыняецца да справядлівасьці Божай.

Таму, адкінуўшы ўсялякую нечысьць ды лішнюю злосьць, з лагоднасьцю прыймайце ўсеванае слова, могучае збавіць вашыя душы.
 
Дык адкіньце ўсякую нечысьць (бруд) і лішняю злосьць (усякае зло), а з пакораю ўспрымайце засеянае ў вас слова, каторае можа збавіць душы вашыя.

Будзьце выканальнікамі слова, а не слухачамі толькі, ашукваючымі сябе.
 
Будзьце выканаўцамі (чыніцелямі) слова, а нетолькі слухачамі, саміх сябе ашукваючымі.

Бо калі хто слухае слова ды ня выконвае, той падобны да чалавека, што прызіраецца ў люстры прыроднаму абліччу:
 
Бо калі хто толькі слухае слова, а не спаўняе яго, ён падобны да чалавека, які аглядае ўласны воблік свой у люстэрку.

ён азірнуў сябе і адыйшоў ды зараз забыўся, якім быў.
 
Бо ён паглядзеў на сябе, адыйшоўся і зараз забыўся, якім ён быў.

А хтоб пранік дасканалы закон вольнасьці ды вытрываў быў ім, ня слухачом забудчывым стаўшыся, але выканальнікам дзела, той шчасьлівы будзе ў чыне сваім.
 
Хто жа пазнае дасканалы Закон свабоды і вытрымае ў ім, той ня стане забыўчывым слухачом, але выканаўцам справы, ён шчасьлівы будзе ў сваёй дзейнасьці.

Каліж хто думае, што ён пабожны, ня сутрымоўваючы языка свайго, але абласучваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
 
Калі хто думае, што ён пабожны, ашукваючы сэрца сваё, а не трымае языка ( не закілзае) свайго, таго пабожнасьць пустая.

Чыстай і беззаганнай перад Богам і Айцом ёсьць тая пабожнасьць: каб вясьці догляд сірат і ўдоваў, а сябе ўсьцярэгчы неапаганеным ад гэтага сьвету.
 
Праўдзівая пабожнасьць (рэлігійнасьць) і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апякавацца сіротамі і ўдовамі, памагаючы ў іхніх бедах ды беззаганным (чыстым) усьцерагчыся ад гэтага сьвету (на гэтым сьвеце).