Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Якуба 1 Пісьмо Якуба 1 разьдзел

1 Якуб, слуга Бога і Госпада Нашага Езуса Хрыста перадае прывітаньне (вітае) Дванаццаці пакаленьням на выгнаньні. Як маеце трымацца ў выпрабаваньнях і пакусах.
2 Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасьць, калі вас наступаюць (трывожаць) розныя спакусы.
3 Ведайце, што выпрабаваньне веры вашай — вынікае стойкасьць (цярплівасьць).
4 Стойкасьць жа яўляецца справай дасканалай, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.
5 Калі ж каму не хапае мудрасьці, хай просіць яе ў Бога, а Ён дае ўсім шчодра без дакораў, дасьць і яму.
6 Хай жа ён просіць з вераю, ня чуць не сумняваючыся, бо хто сумняваецца — падобны да марской хвалі, якую марскі вецер падымае і ганяе.
7 Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што колечы ад (Бога) Госпада,
8 бо ён чалавек хісткі ды нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах (дарогах).
9 Хай пакорны брат ганарыцца з свайго падвышэньня,
10 а багаты са свайго паніжэньня, бо прамінае (лёс) як краска палявая.
11 Бо ўзыйшло ўпальнае (гарачае) сонца, высушыла траву ды завяла разам краска, зчэз прыгожы выгляд. Так і багаты змарнее на сваіх шляхах (дарогах).
12 Шчасьлівы чалавек, які ўстаіць у пакусе, бо па выпрабаваньні — атрымае вянок (дыядэм) жыцьця, абяцаны Богам тым, што любяць Яго.
13 Хай ніхто спакушаны ня кажа, што Бог яго спакушае, бо Бог не дазнае пакусы назло, ды нікога Ён не спакушае.
14 Зводзіць кожнага свая змысловасьць ды яе прывабнасьць.
15 Затым дапушчаны змысловасьць (страсьць), спрычыняе грэх, а дапушчаны грэх, спрычыняе сьмерць.
16 Не дапушчайцеся грэху (блуду), браты мае найдаражэйшыя!
17 Усякае дабро, што нам даецца ды ўсякі дар дасканалы з гары (з неба) ад Айца сьвятло сыходзіць, уКаторага няма перамены, ані ценя зьменнасьці.
18 Нарадзіў нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першынцамі (пачаткам) Ягонага Тварэньня.
19 Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі слухаць; а павольны да гутаркі ды ня скоры да злосьці (гневу).
20 Бо злосьць чалавека не спрычыняецца да справядлівасьці Божай.
21 Дык адкіньце ўсякую нечысьць (бруд) і лішняю злосьць (усякае зло), а з пакораю ўспрымайце засеянае ў вас слова, каторае можа збавіць душы вашыя.
22 Будзьце выканаўцамі (чыніцелямі) слова, а нетолькі слухачамі, саміх сябе ашукваючымі.
23 Бо калі хто толькі слухае слова, а не спаўняе яго, ён падобны да чалавека, які аглядае ўласны воблік свой у люстэрку.
24 Бо ён паглядзеў на сябе, адыйшоўся і зараз забыўся, якім ён быў.
25 Хто жа пазнае дасканалы Закон свабоды і вытрымае ў ім, той ня стане забыўчывым слухачом, але выканаўцам справы, ён шчасьлівы будзе ў сваёй дзейнасьці.
26 Калі хто думае, што ён пабожны, ашукваючы сэрца сваё, а не трымае языка ( не закілзае) свайго, таго пабожнасьць пустая.
27 Праўдзівая пабожнасьць (рэлігійнасьць) і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апякавацца сіротамі і ўдовамі, памагаючы ў іхніх бедах ды беззаганным (чыстым) усьцерагчыся ад гэтага сьвету (на гэтым сьвеце).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пісьмо сьв. Якуба, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.