Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Яна 1 Паводле Яна 1 разьдзел

1 Напачатку было Слова, а Слова было ў Бога, і Богам было слова.
2 Яно было напачатку ў Бога.
3 Усё праз Яго сталася, і без Яго ня сталася нічога, што сталася.
4 У Ім было жыцьцё, а жыцьцё было сьвятлом людзей.
5 А сьвятло ў цемры сьвеціць, ды цемра яго не агарнула.
6 Быў пасланы Богам чалавек, якому на імя было Ян.
7 Ён прыйшоў на пасьведчаньне, каб даць пасьведчаньне аб сьвятле, каб усе верылі праз яго.
8 Ня быў ён сьвятлом, але каб даў пасьведчаньне аб сьвятле.
9 Было праўдзівае сьвятло, каторае асьвячае кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет.
10 На сьвеце быў, і сьвет праз Яго стаўся, але сьвет Яго не пазнаў.
11 Прыйшоў да ўласнасьці, але свае Яго не прынялі.
12 А каторыя Яго прынялі, даў ім моц стацца сынамі Божымі, тымі, што вераць у імя Яго,
13 каторыя не з крыві, ані з волі цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся.
14 А слова сталася Целам і прабывала паміж намі, і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца — поўнае ласкі і праўды.
15 Ян дае пасьведчаньне аб Ім і заклікае, кажучы: "Гэта той, аб каторым я казаў, каторы па мне мае прыйсьці. Ён перада мною стаўся, бо перш за мяне быў".
16 З паўнаты Ягонай усе мы ўзялі, і ласку за ласкай.
17 Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда праз Езуса Хрыста.
18 Бога ніхто ніколі ня бачыў. Адзінародны Сын, Каторы ва ўлоньні Айца, Ён сам абвясьціў.
19 А такое пасьведчаньне даў Ян, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго сьвятароў і Левітаў, каб у яго спыталіся: "Кім ты?"
20 І прызнаўся і не запярэчыў і завявіў: "Я ня Хрыстус".
21 Дык пыталіся ў яго зноў: "Дык што? Ты мо Гальяш? Ён адказаў: "Не". Дык ты Прарок? Ён адказаў: "Не".
22 Затым спыталіся яны ў яго: "Дык кім жа ты, каб мы маглі адказаць тым, што нас паслалі, што можаш сказаць сам пра сябе?"
23 Ён сказаў: "Я голас заклікаючага ў пустыні і прастуйце дарогу Госпаду, як казаў Прарок Ізаій (Із. 40:3).
24 А пасланцы былі з фарызэяў,
25 дык пыталіся ў яго: "Чаму тады хрысьціш, калі ты ня Хрыстус, не Гальяш, ані Прарок?"
26 Дык у адказ сказаў ім Ян: Я хрышчу вадою, але пасярод вас зьявіўся той, каго вы ня знаеце.
27 Гэта той, што па мне прыйдзе, а перада мной стаўся, якому я ня варт развязаць рамушка ў сандалях яго.
28 Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.
29 Назаўтра ўбачыў Ян прыходзячага Езуса і сказаў: "Гэта Ягнё Божае, гэта той, хто адпушчае грахі сьвету.
30 Гэта той, пра якога гаварыў, што Ён па мне прыйдзе людзіна, які стаўся перада мной, бо быў раней чым я".
31 Я яго, што праўда, Яго ня знаў, але дзеля таго прыйшоў я, хрысьцячы вадой, каб мог ён аб'явіцца Ізраелю".
32 Ды даў Ян пасьведчаньне, кажучы: "Відзеў я Духа сыходзячага з неба як галубку, які асеў на Ім.
33 А яго ня знаў, але той, хто мяне паслаў хрысьціць вадою, сказаў мне: "На каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта той, хто хрысьціць Духам Сьвятым.
34 Гэта я сам бачыў і пасьведчыў, што Ён — Сын Божы".
35 На другі дзень зноў стаяў Ян і два ягоныя вучні.
36 Гледзячы на праходзячага Езуса Ян сказаў: "Во Ягнё Божае".
37 Дык калі пачулі гэта два вучні, як ён гэта казаў, пайшлі за Езусам.
38 Езус адвярнуўшыся, убачыў іх, як ішлі за Ім спытаўся ў іх: "Што шукаеце?" Яны сказалі яму: "Раббі значыць: Вучыцелю, дзе жывеш?
39 Кажа ім: "Хадзіце і паглядзіце". Дык пайшлі і паглядзелі дзе жыў, і засталіся тога дня з Ім, а была блізу гадзіна дзесятая.
40 А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім — быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41 Андрэй спаткаўшы перш брата свайго Сымона, сказаў яму: "Знайшлі мы Мэсію (значыць — Хрыстуса).
42 І прывёў ён Сымона да Езуса. А Езус глянуўшы на яго, сказаў яму: "Ты Сымон, сын Ёны, будзеш называцца Керас, што значыць Пётр".
43 А назаўтра Езус маніўся ісьці ў Галілею ды напаткаў Філіпа, і сказаў яму Езус: "Ідзі за Мною".
44 А Філіп быў з Бэтсаіды, горада Андрэя і Пятра.
45 Філіп жа напаткаў Натанаеля і сказаў яму: "Знайшлі мы Таго, аб кім пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Езуса, сына Юзэфа з Назарэту".
46 Сказаў яму Натанаель: "Ці можа быць што добрага з Назарэту?" Кажа яму Філіп: "Хадзі і паглядзі?"
47 Убачыў Езус, што Натанель ідзе да Яго, сказаў пра яго: "Гэта праўдзівы ізраелец, у якім няма абману".
48 Натанаель спытаўся ў Езуса: "А скуль жа мяне знаеш?" У адказ сказаў яму Езус: "Бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Філіп, калі ты быў пад фігай".
49 Адказаў яму Натанаель: "Раббі — Настаўнік, Ты — Сын Божы, Ты — кароль ізраеліцкі".
50 Адказаў яму Езус: "За тое, што Я табе сказаў, што Я цябе бачыў пад фігай, уверыў ты: але болей за гэта ўвідзіш.
51 І дабавіў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: увідзіце неба адкрытае і Божых анёлаў, узыходзячых і сыходзячых на Сына Чалавечага".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Яна, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.