Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

2 да Цімафея 1 2-е пісьмо да Цімафея 1 разьдзел

1 Павал, Апостал Езуса Хрыстуса з волі Бога, паводле абяцанага жыцьця, якое ёсьць у Езусе Хрыстусе — Цімафею, найдаражэйшаму сыну.
2 Ласка, міласэрдзе, супакой ад Бога Айца і Езуса Хрыстуса Госпада нашага.
3 Дзякую Богу, якому служу з чыстым сумленьнем, як і мае продкі, у маіх маленьнях днём і ноччу без перапынку маю ў памяці цябе,
4 прагнучы бачыць цябе, памятаючы твае сьлёзы, каб парадавацца.
5 Вось я прыпамінаю веру тваю і не пустую, але такую, якой жыла твая бабуля Лоіда і твая маці Эўніка, ды я перакананы, што і ты ёю жывеш.
6 Дзеля гэтай прычыны напамінаю табе, каб ажывіў ты ласку Божую, якая знаходзіцца ў табе праз узлажэньне маіх рук.
7 Ня даў нам Бог духа страху, але духа мужнасьці, духа міласьці і рассудку.
8 Дык не саромейся тады прызнаваць Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але апавяшчай ня гледзячы на цяжкасьці, моцай Божай, Эвангелію.
9 Ён асвабадзіў нас і паклікаў сьвятою ласкай не дзеля нашых заслуг, але паводле намеру свайго і ласкі, якая даецца нам Езусам Хрыстусам спрадвеку.
10 Аб'явілася яна (ласка) цяпер пасьля зьяўленьня Збаўцы нашага Езуса Хрыстуса, які зьнішчыў сьмерць і ўваскрасіў жыцьцё і несьмяротнасьць праз Эвангелію,
11 для якой я прызначаны вяшчальнікам і Апосталам, і Вучыцелем народаў.
12 З гэтай прычыны пакутую, але не саромеюся. Ведаю, каму паверыў і чуюся упэўненым, што Ён мае моц дапамагчы мне захаваць дэпазыт мой (веру) на той дзень (прыходу Хрыстуса).
13 За аснову вазьмі здаровыя словы (навукі), якія чуў ты ад мяне адносна веры і што датычыць міласьці ў Езуса Хрыстуса.
14 Беражы дарагі дэпазыт за ласкаю Бога сьвятога, які прабывае ў нас.
15 Ці ведаеш тое, што ўсе пражываючыя ў Азіі, між імі Фігел і Гермагенас, адвярнуліся ад мяне?
16 Хай будзе міласэрным Бог для дома Онісіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданаў маіх,
17 але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
18 Хай атрымае ён у Бога міласэрдзе ў гэты дзень. А колькі ён прыслужыўшыся мне ў Эфезе, ты лепей ведаеш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое пісьмо да Цімафея, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.