2 да Цімафея 1 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе,
 
Павал, Апостал Езуса Хрыстуса з волі Бога, паводле абяцанага жыцьця, якое ёсьць у Езусе Хрыстусе — Цімафею, найдаражэйшаму сыну.

Цімафею, любаснаму сыну: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Ласка, міласэрдзе, супакой ад Бога Айца і Езуса Хрыстуса Госпада нашага.

Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленьні, што не перастаю ўспамінаць пра цябе ў малітвах маіх, удзень і ўначы,
 
Дзякую Богу, якому служу з чыстым сумленьнем, як і мае продкі, у маіх маленьнях днём і ноччу без перапынку маю ў памяці цябе,

і хачу бачыць цябе, памятаючы сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,
 
прагнучы бачыць цябе, памятаючы твае сьлёзы, каб парадавацца.

трымаючы ў памяці шчырую веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Лаідзе і ў маці тваёй Яўніцы; упэўнены, што яна і ў табе.
 
Вось я прыпамінаю веру тваю і не пустую, але такую, якой жыла твая бабуля Лоіда і твая маці Эўніка, ды я перакананы, што і ты ёю жывеш.

З гэтай прычыны нагадваю табе падаграваць дар Божы, які ў табе праз ускладаньне маіх рук;
 
Дзеля гэтай прычыны напамінаю табе, каб ажывіў ты ласку Божую, якая знаходзіцца ў табе праз узлажэньне маіх рук.

бо даў нам Бог Духа ня боязі, а сілы і любові і цноты.
 
Ня даў нам Бог духа страху, але духа мужнасьці, духа міласьці і рассудку.

Дык не саромейся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ні мяне, вязьня Ягонага; а пакутуй з Дабравесьцем (Хрыстовым) сілаю Бога,
 
Дык не саромейся тады прызнаваць Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але апавяшчай ня гледзячы на цяжкасьці, моцай Божай, Эвангелію.

Які выратаваў нас і паклікаў званьнем сьвятым, не за дзеі нашыя, а паводле Свайго волевыяўленьня і мілаты, дадзенай нам у Хрысьце Ісусе раней адвечных часоў,
 
Ён асвабадзіў нас і паклікаў сьвятою ласкай не дзеля нашых заслуг, але паводле намеру свайго і ласкі, якая даецца нам Езусам Хрыстусам спрадвеку.

якая адкрылася цяпер зьяўленьнем Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які разбурыў сьмерць і явіў жыцьцё нятленнае праз Дабравесьце,
 
Аб'явілася яна (ласка) цяпер пасьля зьяўленьня Збаўцы нашага Езуса Хрыстуса, які зьнішчыў сьмерць і ўваскрасіў жыцьцё і несьмяротнасьць праз Эвангелію,

прапаведаваць якое я пастаўлены і апосталам і настаўнікам язычнікаў.
 
для якой я прызначаны вяшчальнікам і Апосталам, і Вучыцелем народаў.

З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю, у Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень.
 
З гэтай прычыны пакутую, але не саромеюся. Ведаю, каму паверыў і чуюся упэўненым, што Ён мае моц дапамагчы мне захаваць дэпазыт мой (веру) на той дзень (прыходу Хрыстуса).

Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
 
За аснову вазьмі здаровыя словы (навукі), якія чуў ты ад мяне адносна веры і што датычыць міласьці ў Езуса Хрыстуса.

Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.
 
Беражы дарагі дэпазыт за ласкаю Бога сьвятога, які прабывае ў нас.

Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген.
 
Ці ведаеш тое, што ўсе пражываючыя ў Азіі, між імі Фігел і Гермагенас, адвярнуліся ад мяне?

Няхай дасьць Гасподзь міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх,
 
Хай будзе міласэрным Бог для дома Онісіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданаў маіх,

а, як быў у Рыме, зь вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў.
 
але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.

Няхай дасьць яму Гасподзь здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а колькі ён служыў (мне) ў Эфэсе, ты лепей ведаеш.
 
Хай атрымае ён у Бога міласэрдзе ў гэты дзень. А колькі ён прыслужыўшыся мне ў Эфезе, ты лепей ведаеш.