3 Яна 1 разьдзел

Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Старац — любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.
 
Я прэзьбітэр (настаяцель) — дарагому Гаю, каторага люблю ў праўдзе.

Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
 
Даражэнькі, прагну табе ва ўсім памыснасьці і здароў'я, як шчасьліва чуецца душа твая.

Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.
 
Вельмі ўрадаваўся з прыбыцьця братоў. Яны пацьвярдзілі справядлівасьць тваю ды што ты жывеш справядліва.

Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.
 
Для мяне няма большай радасьці, як пачуць, што дзеці мае жывуць у праўдзе, справядліва.

Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;
 
Ты, даражэнькі, верна вядзеш сябе, калі памагаеш братам, а асабліва падарожным.

яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,
 
Яны пацьвярдзілі тваю любоў да Касьцёла: добра зробіш заагледзіўшы іх на дарогу па Божаму.

бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.
 
Дык жа выбраліся яны ў дарогу ў імя Яго, не прымаючы нічога ад паганаў.

Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.
 
Таму мусім гасьцінна прымаць такіх людзей для супольнай працы з імі для справядлівасьці.

Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.
 
Напісаў крыху касьцёлу, але Діётрэфэс, каторы хоча быць кіраўніком іхнім — не прымае нас.

Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.
 
Таму вось, калі прыбуду пасваруся за яго паводзіны, ды за злосны выступленьні супроць нас. А прытым, як бы яму яшчэ гэтага не хватала, сам не прымае братоў, ды хочучых гэта зрабіць — выкідае з касьцёла.

Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.
 
Даражэнькі, не насьледуй ліхога, але рабі дабро. Хто добра паступае — ён ад Бога, а хто блага, той ня бачыў Бога.

Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.
 
Аб Дэмэтрыю ўсе добра сьведчаць, а нават сама праўда. Такое самае пасьведчаньне даём і мы, а ведаем, што пасьведка нашая праўдзівая.

Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,
 
Шмат я меў бы табе напісаць, але не хачу пяром і чарнілам.

спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.
 
Спадзяюся, што хутка цябе ўбачу і тады пагаворым вусна.

Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.
 
Супакой (мір) табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай паіменна прыяцеляў.