2 Пятра 1 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Сымон Пётр, раб і апостал Ісуса Хрыста, тым, якія прынялі з намі аднолькава дарагую веру ў праўдзе Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
Сымон Пётр, слуга і апостал Езуса Хрыста. Тым, што дзякуючы справядлівасьці Бога нашага і Збаўцы Езуса Хрыста — атрымалі веру дастойную як і наша:
мілата і мір вам хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Ласка вам і супакой (мір) хай памножацца праз пазнаньне Бога і Езуса, Госпада нашага.
Як ад Божае сілы Ягонай даравана нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці, праз спазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
Яго Божая моц надарыла (надзяліла) нас усім, што патрэбнае да жыцьця, і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас сваёю хвалой і дасканаласьцю.
якімі нам дараваны вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы празь іх сталіся супольнікамі Божае Прыроды, адышоўшы ад псоты пажадлівасьцю, якая пануе ў сьвеце,
Поруч з імі падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцаньні, каб праз іх сталіся б мы ўдзельнікамі Божае натуры, усьцярогшыся разбэшчанасьці (сапсуцьця), якая пашыраецца па сьвеце праз страсьці.
дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць,
Таму старайцеся з усіх сіл, каб сваёю вераю выхаваць дабрадзейнасьць (цноту), а праз дабрадзейнасьць пазнаньне (умеласьць),
у разважлівасьці ўстрымлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,
а праз пазнаньне — паўстрыманасьць, (авалоду), а праз паўстрыманасьць — стойкасьць, а праз стойкасьць (трываласьць) — пабожнасьць,
у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць.
а праз пабожнасьць — прыяцельскасьць (сяброўства, прыянасьць) брацкаю, а праз брацкасьць — любоў.
Калі гэта ў вас ёсьць і памнажаецца, дык вы не застаняцеся бяз удачы і плёну ў спазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста;
Калі яны — гэтыя дабрадзейнасьці ў вас жывуць і ўмнажаюцца, дык вы не будзіце бяздзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні нашага Госпада Езуса Хрыста.
а ў кім няма гэтага, той сьляпы, заплюшчыў вочы, забыўся пра ачышчэньне ад ранейшых грахоў сваіх.
А каму іх не хапае (стае) — ён сьляпы і недавіда, ён забыўся аб ачышчэньні ад даўнейшых сваіх грахоў.
А таму, браты, болей і болей дбайце пра тое, каб рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне: так робячы, ніколі не спатыкнецеся,
Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрутаваць сваё пакліканьне і выбраньне. Гэтак паступаючы ня будзеце кульгаць, падаць.
бо так адчыніцца вам свабодны ўваход у вечнае Царства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
Такім чынам яшчэ шырэй разчынецца вам уваход у вечнае каралеўства Госпада нашага і Збаўцы, Езуса Хрыста.
Таму я ніколі не перастану нагадваць вам пра гэта, хоць вы тое і ведаеце і ўмацаваныя ў існай праўдзе.
Таму я буду вам заўсёды прыпамінаць гэта, хоць вы ведаеце і перакананыя ў гэтай праўдзе.
А справядлівым лічу, пакуль я ў гэтай цялеснай храміне, падбадзёрваць вас напамінам,
Я лічу сваім абавязкам, пакуль знаходжуся ў гэтай палатцы (целе), вам гэта прыпамінаць,
ведаючы, што неўзабаве павінен буду пакінуць храміну маю, як і Гасподзь наш Ісус Хрыстос адкрыў мне.
бо прадчуваю, што хутка пакіну гэту палатку (цела), так як наш Госпад Езус Хрыстус выявіў мне.
Буду, аднак, старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды згадвалі гэта ў памяці.
Буду старацца, каб вы мелі магчымасьць і па маім адыходзе аб гэтым помніць.
Бо мы абвясьцілі вам сілу і прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за хітра сплеценымі байкамі йдучы, а быўшы навочнымі сьведкамі Ягонай велічы.
Мы вясьцілі вам нашага Госпада Езуса Хрыста моц і прыход мудра абдуманых басьнях, але як сьведкі, бачачы Ягоную веліч.
Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад гожай славы даляцеў да Яго такі голас: «Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».
Атрымаў бо Ён ад Бога Айца пашану і хвалу, калі вось такі голас празвучэў да яго ад вечнай славы: "Гэта сын мой умілаваны, у Якім Я маю ўпадабаньне, Яго слухайце!"
І гэты голас, які зь нябёсаў зышоў, мы чулі, калі былі зь Ім на сьвятой гары.
Мы чулі, як гэты голас чуўся з неба, калі мы з ім разам былі на сьвятой гары.
І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца на дзень і ня ўзыдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых,
Прытым мы маем аднак мацнейшую прарочаю мову, а вы добра зрабілі б трымаючыся яе, як пры лямпе, якая сьвеціць у цёмным месцы аж пакуль дзень засьвітае, а зорка раньняя ўзыйдзе ў вашых сэрцах.
ведаючы перш за ўсё тое, што ніякага прароцтва ў Пісаньні нельга тлумачыць паводле свайго разуменьня.
Гэта перад усім мейце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісаньня нельга выясьняць самавольна.
Бо ніколі прароцтва ня бывала агалошана з волі людзкой, а прамаўлялі яго сьвятыя Божыя людзі, натхнёныя Духам Сьвятым.
Бо не па волі людзкай было калісьці абвешчана прароцтва, але прадсказвалі яго Духам Сьвятым кіраваныя сьвятыя людзі.