2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Былі й ілжэпрарокі ў народзе, як і ў вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і адракаючыся ад Госпада, Які адкупіў іх, навядуць самі на сябе неўзабаўную пагібель.
Знайшліся ў народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі ашуканцы, каторыя ўцягваюць у гэрэтыцкія сэкты і адварачаюцца ад Таго, Хто іх адкупіў, Валадара. Ды рыхтуюць сабе скорую загубу.
І многія пасьледуюць іхняй распусьце, і празь іх шлях праўды будзе зьняважаны.
І многія пойдуць сьлядамі іхняй распусты і дарога праўды імі будзе запаганена.
І ў любазьдзірстве будуць лавіць вас лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы і пагібель іхняя ня дрэмле.
Яны ў сваёй хцівасьці будуць лавіць вас лісьлівымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і загуба іх не абміне.
Бо калі Бог анёлаў нашых ня літаваў, а, павязаўшы кайданамі пякельнага мораку, перадаў захаваць іх суду на пакараньне,
Бо калі саграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але зьвязаўшы путамі пякельнае цемры, аддаў захаваць іх на суд.
і калі не пашкадаваў першага сьвету, а ў васьмі душах захаваў сям’ю Ноя, вястуна праўды, калі навёў патоп на сьвет бязбожных;
І калі Бог не пашкадаваў перашага сьвету, а ўхаваў толькі восмага Ноя, вяшчуна праўды, наводзячы патоп на бязбожны сьвет.
і калі гарады Садомскія і Гаморскія, асудзіўшы на вынішчэньне, абярнуў у попел, паказаўшы прыклад будучым бязбожнікам,
Таксама гарады Садому і Гамору абвярнуўшы ў попел асудзіў на загубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожны,
а праведнага Лота, стомленага адносінамі паміж людзьмі шалёна разбэшчанымі, выбавіў,
але выратаваў справядлівага Лёта, мучанага ліхімі паступкамі нягоднікаў.
бо гэты праведнік, жывучы сярод іх, кожны дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы і чуючы справы беззаконныя, —
Гэты вось справядлівец, пражываючы сярод іх з дня на дзень сваю справядлівую душу мучыў іх праціўнымі закону паступкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў —
дык, вядома, ведае Гасподзь, як асланяць пабожных ад спакусы, а беззаконцаў захаваць да дня суднага, на пакараньне,
Гэта ведае Госпад, як пабожных выратаваць з выпрабаваньня, а несправядлівых жа захаваць на пакараньня ў дзень суду,
а асабліва тых, якія ідуць па сьледзе брудных пахацінстваў плоці, пагарджаюць уладамі, дзёрзкія, самавольнікі, і не баяцца ліхасловіць вышэйшых,
а перад усім тых, што кідаюцца ў змысловасьць у нячыстай страсьці і пагарду ўладзе; нахабнікі, пыхліўцы, што адважаюцца блявузгаць на "Хвалу".
тым часам як анёлы, большыя за іх моцай і сілай, не нясуць на іх да Госпада дакорлівай асуды.
У той час калі анёлы магутнейшыя сілай і моцай — на віду Госпада не рашаюцца даваць ім асуджэньня.
Яны, як бязмоўныя жывёлы, якіх водзіць іхняя прырода, народжаныя на ўпаляваньне і вынішчэньне, ліхасловячы тое, чаго не разумеюць, у разбэшчанасьці сваёй вынішчацца;
Яны як неразумныя жывёлы, прызначаны з натуры сваёй на ўлоў і наўбой, паганяць тое, што не разумеюць бы ў бестямстве сваім пагінуць.
яны атрымаюць помсту за беззаконьне: бо яны бачаць асалоду ў штодзённай распусьце; паганьбенцы і паскуднікі, яны цешацца з ашукаў сваіх, банкетуючы з вамі;
Атрымаюць кару як заплату за несправядлівасьць. За асалоду ўважаюць што дзённую распусту, як закалы і агіднікі насаладжаюцца ў сваіх брудных расколах, калі з вамі пры стале.
вочы ў іх поўныя юру і няспыннага грэху; яны вабяць нямоцныя душы; сэрца ў іх прывучана да любазьдзірства: гэта — сыны пракляцьця;
Вочы іхнія поўныя чужаложства, вочы ненасытныя граха, зводзяць яны душы хісткія. Сэрцы іхнія апанаваныя хцівасьцю — сыны пракляцьця
пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзіліся і пайшлі па сьлядах Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату несправядлівую,
сыйшоўшы з простага шляху — зблудзілі дый пайшлі дарогай Балаама, сына Босора, які ўзьлюбіў плату за несправядлівасьці,
але быў выкрыты ў сваім беззаконьні: нямая асьліца, загаварыўшы чалавечым голасам, спыніла безгалоўе прарока.
але быў пакараны за свае злачынства, ярмовая жывёла, нямая, прамовіўшы людзкім голасам устрымала дурасьць прарока.
Гэта — бязводныя крыніцы, хмары і туманы, гнаныя бураю: ім падрыхтаваны морак вечнай цемрадзі.
яны крыніцаю без вады ды воблакамі віхрам гнаныя, каторых чакае туман цемры.
Бо, прамаўляючы пыхлівае пустаслоўе, яны надзяць пажадаю цела і распустаю тых, што ледзьве ўцяклі ад замарочаных аблудаю;
Напышліва і пуста гаворачы зводзяць страсьцямі цялеснымі і распустай тых, што замала іх высьцерагаюцца ды ў блудзе пражываючых.
абяцаюць ім свабоду, а самыя рабы тленьня; бо, хто кім пераможаны, той таму і раб.
Абвяшчаюць ім свабоду, а самі нявольнікамі сапсуцьця. Бо хто кім пераможаны — стае яго нявольнікам.
Бо, калі, унікнуўшы нечысьці сьвету праз спазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, зноў заблытваюцца ў іх і перамагаюцца імі, дык апошняе для такіх бывае горш за першае.
Таму, хто ўцёк ад марнасьцяў сьвету праз пазнаньне Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста, а затым зноў захаплівацца імі — дык апошнія іх рэчы горшыя за папярэднія (пачатковыя).
Лепей бы ім не спазнаць дарогі праўды, чым, спазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім сьвятой запаведзі.
Лепш было б ім дарогі справядлівасьці ня ведаеце, нячым пазнаўшы адвярнуцца назад ад пададзенага ім сьвятога прыказаньня.
Бо здараецца зь імі як у той праўдзівай прымаўцы: сабака вяртаецца на ваніты свае, і: памытая сьвіньня ідзе качацца ў балоце.
Споўнілася на іх тое, аб чым слушна кажа пагаворка: "Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіньня памыта ў сваё балота".