Яна 1 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.
 
Напачатку было Слова, а Слова было ў Бога, і Богам было слова.

Яно было на пачатку ў Бога:
 
Яно было напачатку ў Бога.

усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.
 
Усё праз Яго сталася, і без Яго ня сталася нічога, што сталася.

У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
 
У Ім было жыцьцё, а жыцьцё было сьвятлом людзей.

І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
 
А сьвятло ў цемры сьвеціць, ды цемра яго не агарнула.

Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян;
 
Быў пасланы Богам чалавек, якому на імя было Ян.

Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго;
 
Ён прыйшоў на пасьведчаньне, каб даць пасьведчаньне аб сьвятле, каб усе верылі праз яго.

ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло.
 
Ня быў ён сьвятлом, але каб даў пасьведчаньне аб сьвятле.

Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
 
Было праўдзівае сьвятло, каторае асьвячае кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет.

У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;
 
На сьвеце быў, і сьвет праз Яго стаўся, але сьвет Яго не пазнаў.

прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;
 
Прыйшоў да ўласнасьці, але свае Яго не прынялі.

а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,
 
А каторыя Яго прынялі, даў ім моц стацца сынамі Божымі, тымі, што вераць у імя Яго,

якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся.
 
каторыя не з крыві, ані з волі цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся.

І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.
 
А слова сталася Целам і прабывала паміж намі, і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца — поўнае ласкі і праўды.

Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне.
 
Ян дае пасьведчаньне аб Ім і заклікае, кажучы: "Гэта той, аб каторым я казаў, каторы па мне мае прыйсьці. Ён перада мною стаўся, бо перш за мяне быў".

І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты;
 
З паўнаты Ягонай усе мы ўзялі, і ласку за ласкай.

бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста.
 
Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда праз Езуса Хрыста.

Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў.
 
Бога ніхто ніколі ня бачыў. Адзінародны Сын, Каторы ва ўлоньні Айца, Ён сам абвясьціў.

І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты?
 
А такое пасьведчаньне даў Ян, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго сьвятароў і Левітаў, каб у яго спыталіся: "Кім ты?"

Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос.
 
І прызнаўся і не запярэчыў і завявіў: "Я ня Хрыстус".

І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не.
 
Дык пыталіся ў яго зноў: "Дык што? Ты мо Гальяш? Ён адказаў: "Не". Дык ты Прарок? Ён адказаў: "Не".

Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
 
Затым спыталіся яны ў яго: "Дык кім жа ты, каб мы маглі адказаць тым, што нас паслалі, што можаш сказаць сам пра сябе?"

Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая.
 
Ён сказаў: "Я голас заклікаючага ў пустыні і прастуйце дарогу Госпаду, як казаў Прарок Ізаій (Із. 40:3).

А пасланцы былі з фарысэяў;
 
А пасланцы былі з фарызэяў,

і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок?
 
дык пыталіся ў яго: "Чаму тады хрысьціш, калі ты ня Хрыстус, не Гальяш, ані Прарок?"

Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце;
 
Дык у адказ сказаў ім Ян: Я хрышчу вадою, але пасярод вас зьявіўся той, каго вы ня знаеце.

Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным.
 
Гэта той, што па мне прыйдзе, а перада мной стаўся, якому я ня варт развязаць рамушка ў сандалях яго.

Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян.
 
Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.

На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету;
 
Назаўтра ўбачыў Ян прыходзячага Езуса і сказаў: "Гэта Ягнё Божае, гэта той, хто адпушчае грахі сьвету.

Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне;
 
Гэта той, пра якога гаварыў, што Ён па мне прыйдзе людзіна, які стаўся перада мной, бо быў раней чым я".

я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю.
 
Я яго, што праўда, Яго ня знаў, але дзеля таго прыйшоў я, хрысьцячы вадой, каб мог ён аб'явіцца Ізраелю".

І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім;
 
Ды даў Ян пасьведчаньне, кажучы: "Відзеў я Духа сыходзячага з неба як галубку, які асеў на Ім.

я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць — Хто хрысьціць Духам Сьвятым;
 
А яго ня знаў, але той, хто мяне паслаў хрысьціць вадою, сказаў мне: "На каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта той, хто хрысьціць Духам Сьвятым.

і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
 
Гэта я сам бачыў і пасьведчыў, што Ён — Сын Божы".

На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;
 
На другі дзень зноў стаяў Ян і два ягоныя вучні.

і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.
 
Гледзячы на праходзячага Езуса Ян сказаў: "Во Ягнё Божае".

Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
 
Дык калі пачулі гэта два вучні, як ён гэта казаў, пайшлі за Езусам.

А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, — што азначае: настаўнік, — дзе жывеш?
 
Езус адвярнуўшыся, убачыў іх, як ішлі за Ім спытаўся ў іх: "Што шукаеце?" Яны сказалі яму: "Раббі значыць: Вучыцелю, дзе жывеш?

Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны.
 
Кажа ім: "Хадзіце і паглядзіце". Дык пайшлі і паглядзелі дзе жыў, і засталіся тога дня з Ім, а была блізу гадзіна дзесятая.

Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
 
А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім — быў Андрэй, брат Сымона Пятра.

Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос.
 
Андрэй спаткаўшы перш брата свайго Сымона, сказаў яму: "Знайшлі мы Мэсію (значыць — Хрыстуса).

І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азначае: камень (Пётр).
 
І прывёў ён Сымона да Езуса. А Езус глянуўшы на яго, сказаў яму: "Ты Сымон, сын Ёны, будзеш называцца Керас, што значыць Пётр".

На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною.
 
А назаўтра Езус маніўся ісьці ў Галілею ды напаткаў Філіпа, і сказаў яму Езус: "Ідзі за Мною".

А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром.
 
А Філіп быў з Бэтсаіды, горада Андрэя і Пятра.

Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта.
 
Філіп жа напаткаў Натанаеля і сказаў яму: "Знайшлі мы Таго, аб кім пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Езуса, сына Юзэфа з Назарэту".

Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі.
 
Сказаў яму Натанаель: "Ці можа быць што добрага з Назарэту?" Кажа яму Філіп: "Хадзі і паглядзі?"

Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці.
 
Убачыў Езус, што Натанель ідзе да Яго, сказаў пра яго: "Гэта праўдзівы ізраелец, у якім няма абману".

Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
 
Натанаель спытаўся ў Езуса: "А скуль жа мяне знаеш?" У адказ сказаў яму Езус: "Бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Філіп, калі ты быў пад фігай".

Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты — Сын Божы. Ты — Цар Ізраілеў.
 
Адказаў яму Натанаель: "Раббі — Настаўнік, Ты — Сын Божы, Ты — кароль ізраеліцкі".

Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта.
 
Адказаў яму Езус: "За тое, што Я табе сказаў, што Я цябе бачыў пад фігай, уверыў ты: але болей за гэта ўвідзіш.

І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.
 
І дабавіў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: увідзіце неба адкрытае і Божых анёлаў, узыходзячых і сыходзячых на Сына Чалавечага".