Яна 14 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.
Хай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце.
У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам.
У доме Айца Майго жытла многа. Калі б было інакш, сказаў бы Я вам, бо іду прыгатаваць вам месца.
І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.
А калі адыйду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я буду.
А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.
А ведаеце, куды Я іду і дарогу знаеце".
Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?
Сказаў Яму Тамаш: "Госпадзе, ня ведаем, куды ідзеш, а як жа можам знаць дарогу?"
Ісус сказаў яму: Я — і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне.
Кажа яму Езус: "Я — дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне.
Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.
Калі б вы Мяне былі пазнаўшы, ды напэўна зналі б і Айца Майго, але ўжо незадоўга пазнаеце Яго, а нават ужо Яго бачылі.
Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам.
Кажа Яму Філіп: "Госпадзе, пакажы нам Айца, а хопіць нам".
Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»?
Кажа яму Езус: "Ужо так доўга з вамі, а вы не пазналі Мяне? Філіпе, хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа за тым можна казаць: "Пакажы нам Айца?"
Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.
Ня верыце, што Я ў Айцу, а Айцец ува Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе самога кажу, але Айцец, Які ўва Мне, Ён дзейнічыць.
Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.
Не верыце, што Я ў Айцу, а Айцец ува Мне. Дык дзеля самых учынкаў верце.
Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.
Сапраўды, сапраўды, кажу вам, хто верыць у Мяне, той будзе чыніць рэчы, якія Я чыню, а нават большых рачэй даканае,
І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;
бо Я іду да Айца. Аб што толькі прасіць будзеце Айца ў імя Маё, споўню гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне.
калі чаго папросіце ў імя Маё, Я тое зраблю.
Калі Мяне аб што прасіць будзеце ў імя Маё, дык зраблю гэта.
Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,
Калі Мяне мілуеце, беражыце Мае прыказаньні.
і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,
А Я буду прасіць Айца да іншага Пацяшыцеля дасьць вам, каб заставаўся заўсёды з вамі.
Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.
Дам Духа праўды, якога сьвет ня можа прыняць, бо Яго ня бачыць і ня знае. Але вы Яго пазнаеце, бо ў вас застанецца ды ў вас будзе прабываць.
Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.
Яшчэ небавам, а сьвет Мяне ўжо ня ўбачыць. Але вы Мяне бачыце, бо Я жыву і вы будзеце жыць.
У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
Вось у той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім а вы ўва Мне, а Я ў вас.
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
Хто мае прыказаньні Мае і беражэ іх, той вось Мяне мілуе. А хто Мяне мілуе, таго ўмілуе Айцец Мой і яго буду мілаваць і Самога Сябе яму аб'яўлю".
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?
Сказаў Яму Юда, але не той з Карыёты: "Чаму гэта маеш аб'явіцца нам, але ня сьвету?"
Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.
У адказ сказаў яму Езус: "Калі хто Мяне мілуе, будзе берагчы навуку Маю, а Айцец умілуе яго ды мы прыйдзем да яго і будзем прабываць у яго.
Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.
Хто Мяне ня мілуе, не беражэ навукі Маёй. А навука, каторую чулі, не Мая, але Таго, Хто Мяне паслаў, Айца.
Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі;
Гэта вам сказаў, між вас прыбываючы.
А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам.
Але Пацяшыцель, Дух Сьвяты, Якога Ацец пашле ў імя Маё, Ён вас усяго навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам аб'явіў.
Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца.
Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам, не як дае сьвет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае, а ніхай не баіцца.
Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне.
Чулі, што Я вам сказаў: "Адыходжу і прыходжу да вас. Калі б вы Мяне мілавалі, сапраўды цешыліся б, што Я іду да Айца. Бо Айцец большы чым Я.
І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца.
Ды цяпер сказаў Я вам, чым споўніцца тое, каб калі споўніцца, паверылі.
Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною.
Шмат ужо ня буду вам гаварыць. Надыходзіць вось князь гэтага сьвету, але ён ня мае нічога ўва Мне.
Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.
Але каб сьвет пазнаў, што мілую Айца ды як Айцец Мне загадаў, так раблю. Падыміцеся, ідзёмце адсюль.