Яна 13 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.
 
А перад сьвятым днём Пасхі Езус ведаючы, што надыйшла пара Яго, каб адыйсьці з гэтага сьвету да Айца, узлюбіўшы Сваіх, што былі на сьвеце, аж да канца іх умілаваў.

І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
 
А ў час вячэры, калі д'ябал улажыў у сэрца Юды Іскарыёта, сына Сымона, выдаць Яго (Езуса).

Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
 
Езус ведаючы, што Айцец аддаў усё ў Яго рукі, што ад Бога выйшаў і да Бога вяртаецца,

устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
 
падняўся ад стала вячэры, здымае сваё адзеньне, а ўзяўшы ручнік падпаясаваецца.

потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
 
Затым налівае вады ў місу і пачынае абмываць нагі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.

Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
 
Гэтак падыходзіць да Сымона Пятра. Дык кажа Яму Пётр: "Госпадзе, няўжо Ты мне ногі будзеш мыць?"

Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
 
У адказ кажа яму Езус: "Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш".

Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
 
Кажа Яму Пётр: "Ніколі ня будзеш мне мыць ног". Адказаў яму Езус: "Калі Я цябе не абмыю, ня будзеш мець удзелу са Мной".

Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
 
Кажа Яму Сымон Пётр: "Госпадзе, не толькі ногі мае, але рукі і галаву".

Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
 
Кажа яму Езус: "Хто памыты, патрабуе толькі ногі памыць, а ўвесь чысты. Вы таксама чыстыя, але не ўсе".

Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
 
Бо ведаў, хто гэта меў Яго выдаць, таму сказаў: "Не ўсе вы чыстыя".

А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
 
Калі затым памыў ногі іхнія і надзеў адзеньне сваё, сеў пры стале і казаў ім: "Ці разумееце, што Я вам зрабіў?"

Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
 
Вы Мяне называеце Вучыцелем і Госпадам і добра кажаце, бо Я Ім.

Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
 
А калі Я, Госпад і Вучыцель, памыў вам ногі, дык і павінны адзін другому мыць ногі.

бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
 
Вось жа даў вам прыклад, каб як Я вам зрабіў, каб так і вы рабілі.

Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы (важнейшы) за пана свайго, ані таксама пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў.

Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
 
Калі пра гэта ведаеце, шчасьлівыя будзеце гэтак робячы.

Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».
 
Не аб усіх вас гавару. Ведаю Я, каго выбраў, але споўнілася Пісаньне: "Той, хто есьць са мной хлеб, здраду плянуе проціў Мяне" (Пс. 40:10).

Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
 
Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсьць.

Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам. Хто прыме таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае Таго, Хто Мяне паслаў".

Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
 
Езус сказаўшы гэта разжаліўся ў духу і сказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".

Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
 
Дык вучні глядзелі адзін на аднаго неўпэўнены, аб кім Езус гаварыў.

А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
 
А адзін з вучняў, той, якога Езус любіў, седзячы з правага боку Езуса.

яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
 
Дык на яго сымон Пётр кіўнуў і спытаўся, аб кім ён гаворыць?"

Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?
 
А ён апіраючыся на грудзях Езуса пытаецца ў Езуса: "Госпадзе, а хто гэта?"

Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.
 
Адказаў Езус: "Гэта той, каму падам умочаны хлеб". І памачыўшы хлеб, падаў Юду, сыну Сымона з Карыёту.

І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.
 
А па зьядзеньні хлеба ўвайшоў у яго д'ябал. Затым сказаў яму Езус: "Што маеш рабіць, рабі чым хутчэй".

Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.
 
З седзячых разам ніхто не зразумеў, чаму так яму сказаў.

А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.
 
Некаторыя думалі, што як Юда мае купшук, што Езус даў яму паручэньне: "Купі чаго нам трэба на сьвята, або каб што раздаў убогім".

Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.
 
Юдаш жа, як хлеб з'еў адразу выйшаў. А была ноч.

Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;
 
Дык калі Юдаш выйшаў, Езус сказаў: "Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, а Бог праслаўлены ў Ім.

калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.
 
А калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў Сабе ды ўславіць небавам.

Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.
 
Сынкі (сыночкі)! Ня доўга ўжо буду з вамі. Будзеце Мяне шукаць, але як сказаў Юдэям: "Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце, так і вам цяпер кажу.

Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;
 
Прыказаньне новае даю вам, каб вы ўзамен любіліся, як і Я вас узьлюбіў, каб і вы адзін аднаго мілавалі.

Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
 
Па тым пазнаюць усе, што вы вучнямі Маімі, калі міласьць будзеце мець адзін да другога".

Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.
 
Кажа Яму Сымон Пётр: "Госпадзе, куды ідзеш?" Адказаў Езус: "Куды Я іду, ты цяпер ня можаш прыйсьці, але потым прыйдзеш за Мною".

Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.
 
Кажа Яму Пётр: "Чаму я цяпер не магу пайсьці за Табой? Жыцьцё сваё аддам за Цябе".

Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.
 
Адказаў яму Езус: "Жыцьцё ты за Мяне аддасі?" Сапраўды, сапраўды кажу табе: "Перш чым певень запяе, тры разы вырачэшся Мяне".