Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Сярод фарысэяў быў нехта, імем Мікадым, адзін з начальнікаў Юдэйскіх;
Між фарызэяў быў адзін фарызэй, імем Мікода, князь Юдэйскі.
ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равьві! мы ведаем, што Ты — Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты творыш, ніхто ня можа тварыць, калі ня будзе зь ім Бога.
Ноччу прыйшоў ён і сказаў Яму: "Вучыцелю, ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто ня можа чыніць такіх цудаў, як Ты чыніш, калі б Бог ня быў з Табой".
Ісус сказаў яму ў адказ: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа ўбачыць Царства Божага.
А Езус у адказ сказаў яму: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца знанава, ня можа аглядаць Каралеўства Божага".
Мікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? няўжо ён можа другі раз увайсьці ў лона маці сваёй і нарадзіцца?
Сказаў яму Мікода: "Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсьці ва ўлоньне сваёй маці дый зноў нарадзіцца?"
Ісус адказваў: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае:
Выясьняе Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца з вады і з Духа Сьвятога, той ня можа ўвайсьці ў Каралеўства Божае.
народжанае ад плоці ёсьць плоць, а народжанае ад Духа ёсьць дух.
Тое, што нарадзілася з цела — целам ёсьць, а што нарадзілася з духа — духам ёсьць.
Ня зьдзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца згары.
Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: што мусіш нарадзіцца зноў.
Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа.
Вецер, куды хоча, дзьме і шум яго чуеш, але ня ведаеш, скуль паходзіць і куды выходзіць. Таксама адбываецца з кожным, хто з духа нарадзіўся.
Мікадым сказаў Яму ў адказ: як гэта можа быць?
Дык спытаўся Мікода: "Як можа гэта стацца?"
Ісус адказваў і сказаў яму: ты — настаўнік Ізраілеў, і няўжо гэтага ня ведаеш?
Сказаў яму Езус у адказ: "Ты вучыцелем у Ізраеля і ня ведаеш гэтага?
Праўду, праўду кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, а вы сьведчаньня нашага ня прыймаеце;
Сапраўды, сапраўды кажу табе, што мы кажам тое, што ведаем і сьведчым пра тое, што мы бачылі, але пасьведчаньня нашага ня хочаце прымаць.
Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, — як паверыце, калі буду казаць вам пра нябеснае?
Калі казаў вам пра зямныя рэчы і вы ня верыце, дык як уверыце, калі вам буду гаварыць пра справы нябесныя?
Ніхто ня ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах;
Ніхто не ўвайшоў у неба, толькі той, хто сыйшоў з неба, Сын Чалавечы, Каторы ў небе.
і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы,
І як Майсей падняў гужа на пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
каб кожны, хто верыць у Яго, не прапаў, але меў жыцьцё вечнае.
Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
Бо Бог так умілаваў сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыцьцё вечнае.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго на сьвет судзіць сьвет, але каб сьвет быў Ім збаўлены.
Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Хто верыць у Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, ужо асуджаны, што не ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
А суд у тым, што сьвятло прыйшло ў сьвет; але людзі больш палюбілі цемру, чым сьвятло, бо ўчынкі іхнія былі ліхія.
А прысуд грунтуецца на тым, што сьвятло прыйшло на сьвет, але людзі болей узьлюбілі цемру, чым сьвятло, бо ліхімі былі іх учынкі.
Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія;
Бо кожны, хто блага паступае, ненавідзіць сьвятла і не ідзе да сьвятла, каб не асудзілі яго ўчынкаў.
а хто робіць па праўдзе, ідзе да сьвятла, каб яўныя былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены.
Але кожны, хто спачынае праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо ў Богу (па Божаму) былі ўчынены.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую і там жыў зь імі і хрысьціў.
Затым прыйшоў Езус разам з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэю і там прабываючы з імі — хрысьціў.
А Ян таксама хрысьціў у Яноне паблізу Саліма, бо там было многа вады; і прыходзілі туды і хрысьціліся;
І Ян таксама хрысьціў у Эном блізка Салім, бо там было шмат вады, а людзі прыходзілі і прыймалі хрост.
бо Ян яшчэ ня быў увязьнены ў цямніцу.
Бо Ян ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.
Тады ў Янавых вучняў адбылася спрэчка зь Юдэямі пра ачышчэньне.
Затым узьнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі ў справе ачышчэньня.
І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Равьві! Той, Які быў з табою пры Ярдане, і пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць і ўсе ідуць да Яго.
Дык прыйшлі затым яны і сказалі яму: "Вучыцелю, вось жа той, што з табой быў за Ярданам і аб якім сьведчыў ты, удзяляе хросту ды ўсе ідуць да Яго".
Ян сказаў у адказ: ня можа чалавек нічога прымаць на сябе, калі ня будзе дадзена яму зь неба.
А Ян адказаў ім: "Нічога ня можа атрымаць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.
Вы самі мне сьведкі ў тым, што я сказаў: ня я Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
Вы самі можаце пасьведчыць, што я вам сказаў: "Я не Хрыстус, але пасланы перад Ім.
Хто мае нявесту, той жаніх; а жаніхоў сябра, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца, чуючы голас жаніха: вось гэтая радасьць мая спраўдзілася.
Хто мае маладую (маладзіцу), той малады, а прыяцель маладога, які побач стаіць і чуе, цешыцца з усяго сэрца (з) голасам маладога. Гэтай маёй радасьці цяпер ужо нічога не бракуе (радасьць споўнілася).
Ён мае расьці, а я — малець.
Ён мае расьці — а я ўменшацца.
Хто прыходзіць з вышыні, той і ёсьць вышэйшы за ўсіх; а сутны ад зямлі зямны і ёсьць і гаворыць як сутны ад зямлі; Хто прыходзіць зь нябёсаў, ёсьць вышэйшы за ўсіх,
Хто прыходзіць з высока (з неба), Той усіх перавышае, а хто з зямлі паходзіць, зямным ёсьць і пра зямныя гаворыць справы. А хто паходзіць з неба, ён над усім.
І што Ён бачыў і чуў, пра тое і сьведчыць; і ніхто ня прымае сьведчаньня Ягонага.
Ён сьведчыць аб тым, што чуў і відзеў, а пасьведчаньня Яго ніхто ня хоча прызнаваць.
Хто прыняў Ягонае сьведчаньне, гэтым і пацьвердзіў, што Бог праўдзівы.
А хто прыняў Яго пасьведчаньне, той даказаў, што Бог праўдамоўны.
Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя; бо ня мераю дае Бог Духа.
Бо Той, каго Бог паслаў, вясьціць слова Божае, бо не па мерцы Бог удзяляе духа.
Айцец любіць Сына і ўсё даў у руку Ягоную.
Айцец мілуе Сына і ўсё аддаў у Ягоныя рукі.
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць у Сына, ня ўбачыць жыцьця, а гнеў Божы застаецца на ім.
Хто верыць у Сына мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць Сыну, ня будзе аглядаць жыцьця, але гнеў Божы вісіць над ім.