Яна 16 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся:
 
Гэта вам прадсказаў, каб вы ня горшыліся (бянтэжыліся).

прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.
 
Выключаць вас з сынагогаў, нават надыходзіць час, што кожны, хто забіваць вас будзе, будзе думаць, што прыслугу Богу робіць.

Так будуць рабіць, бо ня зьведалі ні Айца, ні Мяне.
 
А гэтак з вамі паступаць будуць, бо ня знаюць Айца, ані Мяне.

Але Я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе той час, успомнілі, што Я казаў вам пра тое; не казаў жа гэтага вам раней, таму што быў з вамі.
 
А гэта вам прадсказаў, калі надыйдзе іхняя пара, успомнілі на тое, што Я ім прадсказаў.

А цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?
 
Не гаварыў Я вам гэтага спачатку, бо Я сярод вас знаходзіўся. А цяпер іду да Таго, Хто Мяне паслаў. А ніхто з вас не пытае Мяне, куды ідеш?

Але таму, што Я сказаў вам гэта, жальбай напоўнілася сэрца ваша.
 
Але, каб Я вам сказаў гэта, сум (смутак) напоўніў бы вашыя сэрцы.

Але Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас,
 
Але Я вам кажу праўду, бо лепей для вас, каб Я пакінуў вас, бо калі не пакіну, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас. А калі адыйду, пакіну вас, сашлю Яго да вас.

і Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе і ў судзе.
 
А калі Ён прыйдзе, пераканае сьвет што гэта грэх, што справядлівасьць і што суд.

У грэху, — што ня вераць у Мяне;
 
Чаму грэх, кажу, бо ня вераць у Мяне,

у праўдзе, — што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне;
 
пра справядлівасьць, бо іду да Айца ды ўжо Мяне ня ўбачыце.

а ў судзе, — што князь сьвету гэтага асуджаны.
 
Што да суду, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.

Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце спасьцігнуць.
 
Многа яшчэ маю вас вучыць, але цяпер ня можаце ўцяміць.

Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам;
 
Але калі прыйдзе той Дух праўды, Ён навучыць вас усякай праўды. Бо не ад Сябе будзе гаварыць, але што толькі пачуе, тое скажа, ды што мае быць, вам аб'явіць.

Ён праславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесьціць вам.
 
Ён Мяне праславіць, бо з Майго возьме і вам аб'явіць.

Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; бо Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.
 
Усё, што мае Айцец — Маім ёсьць. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам аб'явіць.

Неўзабаве вы ня ўбачыце Мяне, і зноў неўзабаве ўбачыце Мяне; бо Я іду да Айца.
 
Ужо незадоўга ня будзеце Мяне відзець і зноў небавам будзеце Мяне аглядаць, бо іду да Айца.

Тут некаторыя вучні Ягоныя сказалі адзін аднаму: што гэта Ён кажа нам: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне», і зноў «неўзабаве ўбачыце Мяне», і: «Я іду да Айца»?
 
Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: "Што гэта значыць, што Ён нам кажа: "За незадоўга відзець Мяне ня будзеце ды зноў незадоўга, а ўвідзеце Мяне і што значыць: іду да Айца".

І вось яны гаварылі: што гэта кажа Ён: «неўзабаве»? ня ведаем, што кажа.
 
Дык пыталіся: "Што значыць "незадоўга"? Ня ведаем, што гаворыць?"

Ісус, зразумеўшы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: ці пра тое распытваецеся вы, што Я сказаў: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне»?
 
Пазнаў Езус, што пытацца Яго хочуць, дык сказаў ім: "Пытаецеся між сабой, што Я сказаў: "Незадоўга" відзець Мяне будзеце ды зноў "незадоўга" увідзеце Мяне.

Праўду, праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы засмучаныя будзеце, але смутак ваш радасьцю абернецца.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і наракаць, а сьвет будзе весяліцца. А вы сумаваць будзеце, але смутак заменіцца ў радасьць.

Жанчына, калі раджае, трывае цярпеньні, бо прыйшоў час яе; а як толькі народзіць дзіцятка, ужо не памятае цярпеньняў ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
 
Жанчына, калі родзіць, боль церпіць, калі надыходзіць яе пара, а калі дзіця народзіць, ня помніць свайго болю з радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся.

Так і вы цяпер маеце смутак; але Я вас угледжу зноў, і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
 
Так і вы, цяпер праўда сумуеце, але Я вас зноў увіджу ды будзе радавацца сэрца вашае, а радасьці вашай ніхто ўжо не адбярэ.

І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам.
 
Ад тога дня аб нішто ня будзеце пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: "Калі аб што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасьць вам".

Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная.
 
Дасюль аб нішто не прасілі ў імя Маё, прасіце, а атрымаеце, каб радасьць ваша была поўнай (дасканалай).

Дагэтуль Я гаварыў вам прытчамі; але настае часіна, калі ня буду гаварыць вам прытчамі, а проста абвяшчу вам пра Айца.
 
Гэта ўсё разказваў вам у прыповесьцях. Прыходзіць пара, што ўжо не ў прыповесьцях разказваць (вучыць) буду, але яўна аб'яўлю аб Айцу.

У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас;
 
У той дзень у імя Маё прасіць будзеце ды не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас.

бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверавалі, што Я зыйшоў ад Бога.
 
Бо Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне ўмілавалі ды ўверылі, што Я ад Бога прыйшоў.

Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет; і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца.
 
Выйшаў ад Айца і прыйшоў на сьвет, зноў пакідаю сьвет і іду да Айца.

Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось цяпер Ты проста гаворыш і прытчы ня кажаш ніякай;
 
Сказалі Яму вучні Ягоныя: "Цяпер то адкрыта гаворыш ды ніякай прыповесьці не прыводзіш.

цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе; таму веруем, што Ты ад Бога зыйшоў.
 
Цяпер мы ведаем, што ўсё знаеш і не патрабуеш, каб хто б Цябе пытаўся. Дзеля таго верым, што Ты ад Бога прыйшоў".

Ісус адказваў ім: цяпер веруеце?
 
Адказаў ім Езус: "Цяпер верыце?"

Вось, настае гадзіна, і настала ўжо, што вы расьсеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец Мой са Мною.
 
Вось жа надыходзіць час, а нават ужо надыйшоў, што разсыпецеся кожны да сваіх, а Мяне аднаго пакінеце. Аднак жа Я не адзін, бо Айцец са Мной.

Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет.
 
Гэта Я вам сказаў, каб вы ў Мяне знаходзілі ўспакаеньне (супакой, мір), бо на сьвеце сустрэнеце прыгнёт, але мейце давер, веру — Я перамог сьвет".