2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Павал і Сілуан і Цімафей — Фесаланіцкай Царкве ў Богу Айцы нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
Павал і Сільван, і Тыматэй Тэсалонскаму Касьцёлу ў Богу Айцу нашым Езусе Хрыстусе Госпадзе нашым.
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Езуса Хрыстуса.
Заўсёды па справядлівасьці мы павінны дзякаваць Богу за вас, браты, бо ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага адно да аднаго паміж усімі вамі.
Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, так бо і належыцца, што вера ваша ўзрастае (паглыбляецца) ды што ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца.
так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасьцю вашай і вераю ва ўсіх ганеньнях і нягодах, якія вы пераносіце
Так, што мы самі хвалімся вамі ў касьцёлах Божых дзеля вашай цярплівасьці, для веры прасьледваньняў вас і напасьцяў, якія церпіце (пераносіце) ў
у доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога вы і пакутуеце.
доказ справядлівага Суда Божага, каб аказаліся вартымі валадарства Божага, дзеля якога і церпіце.
Бо праведна прад Богам — тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам,
Калі правільным ёсьць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,
а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьце Госпада Ісуса зь неба, з анёламі моцы Ягонай,
і вам, якія прыгнёт пераносіце, — супакоем з намі ў час з'яўленьня з неба Госпада нашага Езуса Хрыстуса з анёламі Магуты ягонай,
у полымным вагні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста,
у полымі агня несучы помсту (адплату) тым, што ня знаюць Бога і не слухаюць Эвангеліі Госпада нашага Езуса Хрыстуса.
якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай,
Яны вечнае загубы будуць пазбаўлены агляданьня аблічча Божага і хвалы моцы Ягонай,
калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню.
калі Ён прыйдзе праславіцца ў сваіх сьвятых ды аказацца ў той дзень дастойным дзіву ўсіх, якія паверылі, а паверылі вы на моцы нашага сьведчаньня вам.
На тое і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі пакліканьня і ўчыніў усякую добрую ласку даброці і справу веры ў моцы.
У гэтай інтэнцыі і молімся заўсёды за вас каб вялеў утрымаць вас Бог наш у гэта ласцы пакліканьня, каб абдзяліў вас ласкай добрай волі і жывою верай,
Няхай праславіцца імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па мілаце Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Езуса Хрыстуса, а вы ў Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Езуса Хрыстуса.