2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,
 
Просім вось вас, браты, праз прыйсьце Госпада нашага Езуса Хрыстуса і нашае спатканьне з Ім (сабраньне).

не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.
 
Каб вы не палохаліся ў сваім уяўленьні ці то ад духа, ці то празапавяданьне, ці то праз пісьмо, моў праз нас пасланае, што быццам надыходзіць дзень Госпадаў (канец сьвету).

Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,
 
Няхай ніхто вас не зводзіць ніякім спосабам. Бо пакуль не прыйдзе перш "абязбожнасьць"-дысцэсія-адпад ад Бога ды пакуль не паявіцца "чалавек грэху" (Антыхрыст), сын загубы,

які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.
 
які будзе працівіцца і выносіцца над усё, што называецца Богам, і якому аддасца спахвала так, што ў сьвятыні Божай засядзе, выдаючы сябе за Бога.

Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?
 
Ці ж не помніце, што яго калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў?

І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.
 
А ведаеце, што яго трымае ад з'яўлення ў свой час.

Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, —
 
Таямніца бязбожжа ўжо дзейнічае (пачалася). Хай толькі той, хто яго трымае, уступіць месца.

і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,
 
Тады ж і аб'явіцца той загубнік. Яго Госпад Езус заб'е духам вуснаў сваіх і зьнішчыць яго магутнаю прыходу свайго.

таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,
 
З'яўленьне бо яго на волі дзейнасьці шатана акажацца сілаю, знакамі, абманымі цудамі і

і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.
 
ўсякімі нягоднымі ашуканствамі для зману тых, якім ісьці на згубу. Яны бо ня мелі міласьці праўды, каб збавіцца.

І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,
 
Дзеля таго пасылае ім Бог з'явы маны, каб верылі няпраўдзе.

хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.
 
Так будуць асуджаны ўсе, што ня верылі праўдзе , а ўзьлюбілі няпраўду (фальш).

А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне,
 
Нам жа належыцца заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Богам дарагія браты, Бог бо вас выбраў як першынцаў для збаўленьня, да духовай сьвятасьці і веры ў праўду.

да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Ён і паклікаў вас праз Эвангелію нашу на атрыманьне хвалы Езуса Хрыстуса, Госпада нашага.

Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым.
 
Дык вось, браты, стойце моцна і трымайцеся традыцыі, якой навучыліся ці то праз словы, ці то праз нашы пісьмы.

А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце,
 
Хай жа Сам Госпад наш Езус Хрыстус і Бог і Айцец наш, які ўзьлюбіў нас і даў вечную уцеху і добрую надзею з ласкі сваёй, заахвочвае сэрцы вашы і ўзмацняе ў ва ўсякай добрай дзейнасьці і слове.

няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.