Лукаша 1 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,
Многія ўжо прабавалі ўдакладніць падзеі якія ў нас адбыліся.
як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, —
Як пераказалі нам тыя, якія ад пачатку былі вочавідцамі (сьведкамі) і слугамі (вясьціцелямі слова) Эвангеліі.
дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,
Таксама і я старанна разгледзіўшы ўсё ад пачатку, рашыўся апісаць табе, дастойны Тэофілю, па парадку.
каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
Каб ты пераканаўся аб праўдзівасьці павучэньняў, у якіх ты быў узгадаваны.
У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Элізабэта.
У дні Гэрада, караля Юдэі жыў адзін сьвятар на імя Захар з чаргі Абія. Ён меў жонку, на імя Альжбета, з дачок Ааронавых.
Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
Яны абое былі справядлівымі перад Богам беззаганна спаўняючы ўсе прыказаньні і пастановы Госпадавы.
У іх ня было дзяцей, бо Элізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
Ды ня мелі сына, бо Альжбета няплоднай, а абое былі ўжо ў пажылым веку.
Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
Калі ён адбываў службу сьвятарскую перад Богам у сваёй чарзе,
па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
па жэрабю, як быў звычай у сьвятароў, выпала яму ўвайсьці ў Госпадаву сьвятыню для акаджэньня,
а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, —
а ўвесь натоўп народу ў час акаджэньня маліўся навонкі —
тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
з'явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правай старане акаджальнага аўтара,
і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
дык Захар стрывожыўся відзечы гэта ды вялікі страх паў на яго.
Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая Элізабэта народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
Тады анёл прамовіў да яго: "Ня бойся, Захар, бо выслухана маленьне тваё, вось жа жана твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян (Ёан).
і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
Ён будзе табе радасьцю і вясялосьцю ды многія будуць радавацца з яго нараджэньня.
бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
Ён будзе вялікім (важным) на віду Госпада: ня будзе піць віна, ані сіцэры (алькаголю) ды ад улоньня маці напоўнены Духам Сьвятым.
і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
Ён многіх сыноў Ізраеля наверне да Госпада Бога іхняга.
і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
Ён упярэдзіць Яго (Госпада) у духу і моцы Гальяша, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а няверучых у мудрасьць справядлівых, каб так прырыхтаваць Госпаду народ дасканалы".
І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
Затым сказаў Захар Анёлу: "З чаго я магу гэта ведаць? (Чым я магу пераканацца?). Я стары і жана мая ў старасьці".
Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
У адказ сказаў яму анёл: "Я Габрыель, каторы стаю перад Богам і пасланы Ім, сказаць табе і аб'явіць табе гэту радасную вестку.
і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
На знак станешся нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта збудзецца (здзейсьнецца), а таму, што ты не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час".
Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
А народ чакаў Захара і дзівіліся, што ён так доўга прабывае ў сьвятыні.
А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
Выйшаўшы ён ня мог да іх гаварыць. Дык дагадаліся, што ён меў візію ў сьвятыні. А ён даваў ім знакі і застаўся нямым.
А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
Калі кончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.
Пасьля гэтых дзён зачала Элізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
Па нейкім часе жана яго Альжбета нарадзіла (мела) дзіця і праз пяць месяцаў скрывалася, кажучы:
так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
"Гэта Госпад учыніў мне ў дні, у якія ўзглянуў на мяне, каб зьняць маё паніжэньне (ганьбу) на віду ў людзей".
А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
Затым у шосты месяц быў пасланы Богам анёл Габрыель у горад у Галілеі, званы Назарэт,
да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
да Дзевы, заручанай (маючай мужа) мужу, які меў імя Юзэф (Язэп), з дому (роду) Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
Явіўшыся да яе анёл прывітаў: "Вітай, поўная ласкі, Госпад з табою".
А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
А яна ж стрывожылася дзеля прывітаньня ягонага ды думала сабе, што гэта за прывітаньне?"
І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
Ён выясьніў ёй: "Ня бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
Вось жа пачнеш ва ўлоньні і народзіш сына, і дасі яму імя Езус.
Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
Ён будзе вялікім (магутным) і Сынам Узвышняга будзе названы. І дасьць Яму Госпад Бог сталіцу Давіда, бацькі Ягонага. Ён будзе валадарыць над домам Якуба вечна.
і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
Валадарству Ягонаму ня будзе канца".
А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
Марыя ж сказала (спытала) анёлу: "Як жа гэта можа стацца, калі я мужа ня знаю?"
Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
У адказ анёл сказаў ёй: "Дух Сьвяты сыйдзе на цябе і могаць Узвышняга асяніць Цябе. Таму, што з Цябе народзіцца сьвятым, Сынам Божым будзе названы.
вось, і Элізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
Ды Твая сваячка Альжбета і яна пачала дзіця ў сваёй старасьці і ўжо шосты месяц у той, каторую завуць бязплоднай.
бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
У Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.
Марыя ж сказала: "Вось жа я служанка Госпадава, хай мне станецца паводле Твайго слова". І анёл удаліўся ад Яе.
І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
У тыя дні Марыя сабраўшыся направілася з посьпехам у гарыстую мясцовасьць у горад Юды.
і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Элізабэту.
І калі ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету.
Калі Элізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Элізабэта напоўнілася Духам Сьвятым,
А калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, парухалася дзіцята ў ейным улоньні і Дух Сьвяты сыйшоў, напоўніў Альжбету
і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!
ды загаманіла яна моцным голасам, кажучы: "Багаслаўлены плод улоньня Твайго.
І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
А скуль жа мне гэта ласка, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.
Бо як толькі загучэў голас прывітаньня твайго (у вушах маіх), зварухнулася з радасьцю дзіцятка ў маім улоньні.
і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
Багаслаўлена (праслаўлена, шчасьлівая) Ты, бо ўверыла, што споўніцца тое, што паведаміў табе Госпад".
І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,
А Марыя сказала: "Хай славіць душа мая Госпада.
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,
І ўзрадаваўся дух мой у Богу Збаўцы маім.
што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,
Бо ўзглянуў Ён на паніжэньне служанкі сваёй. Бо адсюль багаслаўленай (шчасьлівай) называць будуць усе народы.
бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,
Бо даканаў мне вялікія рэчы Той, Хто магутны ды чыё імя сьвятое.
і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
А міласэрдзе Ягонае з пакаленьня (роду) ў пакаленьне тым, што баяцца Яго.
зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;
Выявіў магуту пляча свайго. Разагнаў пыхлівых у намерах іхніх сэрцаў.
скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;
Спіхнуў сілачоў з трону, а ўзвысіў пакорных.
галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;
Галодных насыціў багацьцем, а багацеяў адправіў з нічым.
прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;
Прытуліў (узяў) у апеку Ізраеля, слугу Свайго, помнячы на міласэрдзе Сваё.
як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.
Як прадсказаў бацькам нашым: Абрагаму і нашчадкам ягоным на век.
А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, а затым вярнулася ў свой дом.
А Элізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
А Альжбеце настаў час радзіць і яна нарадзіла сына.
І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.
Яе суседзі і сваякі пачуўшы, што Госпад аказаў ёй Сваё вялікае міласэрдзе, радаваліся разам з ёю.
На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.
У восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлапчука ды назваць яго імем бацькі ягонага — Захарам.
На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.
Але запутаная яго адказалі: "Ніякім чынам, але будзе названы Янам (Ёаннам)".
І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.
Сказалі ёй: "У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем".
І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
Ды знакамі ў бацькі яго, як ён захацеў бы назваць.
Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.
А ён тады запатрабаваў табліцы і напісаў словамі: "Імя яго Ян". Дык зьдзівіліся ўсе.
І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.
А ў гэты момант у яго разчыніліся вусны ды язык яго і стаў гаварыць, славячы Бога.
І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.
Дык паў страх на ўсіх іхніх суседзяў ды па ўсіх гарыстых мясцовасьцях Юдэі разнеслася вестка пра гэта здарэньня.
Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.
А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі гэта ў сэрцы сваім, кажучы: "Кім жа, думаеш, будзе гэта дзіцянё?" Бо рука Госпадава была з ім.
І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
Бацька яго Захар, напоўнены Духам Сьвятым праракаваў у гэтыя словы:
Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,
"Багаслаўлены (Праслаўлены) Госпад Бог Ізраеля, бо наведаў і адкупіў народ свой.
і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,
Ён узбудзіў (узгадаваў) нам у родзе (доме) Давіда, слугу свайго рог (магутнага збаўцу) збаўленьня.
як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,
Як прадсказаў гэта вуснамі сьвятых Прарокаў сваіх, якія жылі ў даўнасьці"
што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
ратунак (збаўленьне) ад ворагаў нашых, ды з рук тых, што ненавідзяць нас,
учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,
каб аказаць міласэрдзе бацькам нашым, помнячы на сьвятое Прымірэньне сваё,
прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
і на прысягу, якую склаў Абрагаму, бацьку нашаму,
каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,
што дасць нам жыць без страху, каб асвабоджаны з рук непрыяцеляў, служылі Яму ўсё жыцьцё
мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.
ў сьвятасьці і справядлівасьці перад Ім.
А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада — падрыхтаваць шляхі Яму,
І ты, юнача, названы будзеш Прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад воблікам Госпада, правячы дарогі Ягоныя,
каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,
каб даць народу Ягонаму навуку збаўленьня для адпушчаньня грахоў іхніх,
праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,
праз міласьцівасьць бязмежную Бога нашага, Каторы наведаў нас, сыходзячы з неба (высотаў),
прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.
асьвяціць тых (стацца сьвятлом, праўдай), што ў поцемках, ды што чэзнуць у цемры сьмерці, каб накіраваць ногі нашыя на шлях супакою (міру)".
А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.
А юнак рос і мужнеў у духу ды прабываў у пустыні аж да дня свайго паяўленьня ў Ізраелю.