Лукаша 15 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
 
Прыходзілі да Езуса мытнікі і грэшнікі паслухаць Яго навук.

А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.
 
А фарызэі і вучоныя шэмралі (марматалі) кажучы: "Ён прымае (дружыць) грэшнікаў і есьць з імі".

Але Ён сказаў ім наступную прытчу:
 
Сказаў ім тады Езус гэткую прыповесьць:

хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?
 
Ці ёсьць між вамі нехта, хто маючы сто авец, калі б згубіў адну з іх, ці не пакідае дзевяцьдзесят дзевець у пустыні і ці не ідзе за тою, што згублена, пакуль яе ня знойдзе?

А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
 
А калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.

і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.
 
І вярнуўшыся дамоў, склікае прыяцеляў і суседзяў кажучы ім: цешцеся разам са мной, бо адшукаў авечку сваю згубленую.

Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.
 
Кажу вам, што такая будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка пакутуючага, больш чым дзевяцідзесяцьцю дзевяцьцю справядлівых, не патрабуючых пакуты.

Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
 
Або якая жанчына, маючыя дзесяць драгмаў, калі згубіць адну драгму, ці ня паліць сьвечкі, ці ня мяце падлогі ды не шукае рупліва, аж пакуль ня знойдзе.

А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,
 
А калі знойдзе, склікае прыяцелок і суседак, кажучы ім: "Цешцеся са мною, бо я знайшла драгму згубленаю.

Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
 
Так, кажу вам, будзе радасьць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, каторы пакутуе (каіцца).

Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
 
Езус разказваў далей: "Адзін чалавек меў двух сыноў.

і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
 
Маладзейшы з іх сказаў бацьку: "Баця, дай маю частку маёмасьці, што мне належыцца. Бацька разьдзяліў паміж іх маёмасьць.

Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
 
Небавам маладзейшы сын забраўшы ўсё сваё выбраўся ў далёкую краіну. Прагайдачыў там сваю маёмасьць, жывучы распусна.

А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
 
А калі змарнаваў усё, настаў вялікі голад у той старане, ды і сам стаў адчуваць недастатак.

і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
 
Дык пайшоў і наняўся ў аднаго жыхара таго краю, ды той паслаў яго ў сваё сяленьне пасьвіць сьвіньней.

і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
 
І ён рад быў напоўніць жывот свой мяккінай, якую елі сьвіньні, але ніхто яму не даваў.

Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
 
Разважыўшы гэта тады сказаў: "Сколькі ж парабкаў (наймітаў) у бацькі майго ўдоваль маюць хлеба, а я тут з голаду ўміраю.

Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
 
Устану і вярнуся да бацькі свайго ды скажу яму: "Баця, саграшыў я адносна неба і проціў цябе.

і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
 
Я ўжо ня варт называцца тваім сынам, вазьмі мяне быццам адным з парабкаў сваіх".

Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
 
І сабраўшыся пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька ягоны ўбачыў яго і пашкадаваў яго. Пераняў яго, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго.

А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
 
Сын жа сказаў яму: "Баця, саграшыў перад небам і проціў цябе, так што ўжо ня варты называцца сынам тваім.

А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
 
Аднак бацька загадаў слугам сваім: "Быстра прынясіце найлепшы адзетак і адзеньце яго, дайце яму такжа персьцень на палец яго і сандалы яму на ногі.

і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
 
Выбярыце кормнае цялё і забіце. Будзем есьці і весяліцца:

бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
 
Бо сын мой гэты быў памёршы, але аджыў, быў прапаўшы, — але аднайшоўся. Дый пачалі весяліцца.

А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
 
А старэйшы сын яго быў на полі, а калі вяртаўся і падыйшоў пад дом, пачуў музыку і танцы.

і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
 
Пазваў тады аднаго слугу ды спытаўся, што гэта здарылася.

Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
 
А той кажа яму: "Брат твой вярнуўся, дык бацька твой забіў кормнае цялё, бо вярнуўся ён жывым.

Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
 
Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіцца. Але бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрашаць.

Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
 
А ён у адказ сказаў бацьку свайму: "Я толькі гадоў служу табе і ніколі не нарушыў загаду твайго, а ты мне ніколі ня даў казьляці, каб я пабалаваў з сябрамі сваімі.

а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
 
А як паявіўся гэты сын твой, што пралайдачыў з распусьніцамі сваю маёмасьць, дык забіў ты яму клустае цялё.

А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
 
Але бацька ўгаварыў яго: "Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё.

а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
 
Трэба ж аднак радавацца і банкетаваць, бо брат твой быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і аднашоўся".