Да Ціта 1 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,
Павал, слуга Божы, Апостал жа Езуса Хрыстуса, па веры выбраньнікаў Божых і пазнаньню праўды, вядучай да пабожнасьці
у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,
у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог праўдамоуны.
а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога, —
Аб'явіў жа мне ў свой час сваё слова, паручаючы вясьціць яго па наказу Бога Збаўцы нашага.
Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
Тыту, умілаванаму сыну ў супольнай веры. Ласка і мір ад Бога Айца і Езуса Хрыстуса, Збаўцы нашага.
На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб устанавіў у гарадах прэзьбітэраў-духоўнікаў, як я табе наказаў.
калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
Калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючыя дзеці, не ў віне распусты або бяскарнасьці.
Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п’яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
Належыцца бо, каб біскуп быў беззаганы як распарадзіцель Божы, ня горды, не гняўлівы, не п'яніца, не авантурнік не сквапны да нажывы,
а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
але гасьцінны, ласкавы, чэсны, справядлівы, сьвяты, старанны,
павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
трымаючыся праўдзівае навукі, згоднай з навучаньнем, каб здатны быў ён скланяць да праўдзівай навукі і нават тых, якія выступаюць супроць доказаў.
Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
Бо ёсьць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды звадыяшаў, асабліва з абрэзаных (жыдоў),
якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
каторым трэба зачыняць рот, бо яны ўсе дамы разладжваюць, навучаючы тому, што не належыцца, дзеля ліхога нажытку.
Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».
Сказаў жа адзін з іх самых, іхні вяшчун /прарок/: "Крытчане заўжды ілгуны, злыя зьвяры, гультайскія жываты."
Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
Пасьведчаньне такое праўдзівае. Таму сварыся на іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,
ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
не зьвяртаючы ўвагі на жыдоўскія байкі ці на выказваньні людзей, якія адварочваюцца ад веры.
У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
Для чыстых усё з'яўляецца чыстым. Спаганеным жа і ня веруючым нішто ня ёсьць чыстым, і забруджаны іх думкі і сумленьне.
Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
Быццам вераць у Бога, а на справе дзейнасьцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і няверныя, да ніякай добрай дзейнасьці не здатныя.