2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дык вось, малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе шырылася і праслаўлялася, як і ў вас,
На канец, браты, малецеся за нас, каб слова Божае пашыраласяі расслаўлялася, як і ў вас,
і каб нам пазбыцца падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх вера.
каб мы ўсьцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо не ўсе маюць веру.
Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і аслоніць ад ліхадзея.
Верных жа вас Госпад умацуе і ўхавае ад ліха.
Мы пэўныя за вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем.
Што да вас маем давер у Госпадзе, што вам мы загадаем, тое і рабіце, і будзеце рабіць.
А Гасподзь хай скіруе сэрцы вашыя ў любоў Божую і ў цярплівасьць Хрыстовую.
Хай жа Госпад кіруе сэрцамі вашымі да міласьці Божай і Хрыстовай цярплівасьці.
А наказваем вам, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, цурацца кожнага брата, які жыве гультаём, а не паводле паданьня, якое прынялі ад нас,
Паведамляем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Езуса Хрыстуса, высьцерагайцеся ўсякага брата, паступаючага не талкова і не паводле традыцыі, якую атрымалі вы ад нас.
бо вы самі ведаеце, як павінны вы пераймаць нас; бо мы не гультаявалі ў вас,
Самі бо ведаеце, як належыць насьледваць нас, мы пражывалі паміж вас спакойна
ні ў кога ня елі хлеба дарма, а займаліся працай і рабілі ноч і дзень, каб ня стацца цяжарам каму-небудзь з вас,
ды дарма нічыйго хлеба ня елі, але днём і ноччу працуючы, нікому з вас ня сталі цяжарам.
не таму, каб мы ня мелі ўлады, а каб сябе саміх даць вам у прыклад на перайманьне нас.
Не дзеля таго, што ня мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для насьлядоўніцтва нас.
Бо, калі мы былі ў вас, дык наказвалі вам вось што: калі хто ня хоча працаваць, той і ня еж.
Вось, калі мы былі ў вас, гэта вам і даказвалі: хто ня хоча працаваць, хай і ня есьць.
Але чуем, што некаторыя ў вас жывуць гультаямі, нічога ня робяць, а хітра абыходзяцца;
Чулі бо, што ёсьць некаторыя паміж вамі, што прахаджаюцца лодырамі, нічога не працуюць, толькі бадзяюцца.
такіх умаўляем і пераконваем Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб.
Такім вось, што так жывуць, прыказваем і запрысягаем у Госпадзе Езусе Хрыстусе, каб спакойна працуючы свой уласны хлеб елі.
А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро.
Вы ж, браты, не спыняйцеся дабро рабіць.
Калі ж хто не паслухае слова нашага ў гэтым пасланьні, таго майце на прыкмеце і не вадзецеся зь ім, каб даць яму сораму;
Калі хто часам не паслухае слоў пісьма нашага, такога прыкмецьце ды не сябруйце з такім для засарамленьня.
але ня лічэце яго за ворага, а стаўце на розум, як брата.
Алі не ўважайце яго за ворага, а сварыцеся як на брата.
А Сам Гасподзь міру няхай дасьць вам мір заўсёды ва ўсім; Гасподзь з усімі вамі!
Хай жа Сам Госпад супакою дасьць вам успакаеньне вечнае на ўсякім месцы. Успамагай іх, Госпадзе, усюды ўсіх.
Прывітаньне маёю рукою Паўлаваю, што служыць знакам у кожным пасланьні; пішу я так:
Прывітаньне маёю Паўлаваю рукою. Гэта знак у кожным пісьме; так пішу.
мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Ласка Госпада нашага Езуса Хрыстуса з усімі вамі. Аман.