2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык вось, малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе шырылася і праслаўлялася, як і ў вас,
Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас,
і каб нам пазбыцца падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх вера.
і каб мы ўсцерагліся ад крывадушных і ліхіх людзей, бо не ўсе маюць веру.
Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і аслоніць ад ліхадзея.
Верны ёсць Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога.
Мы пэўныя за вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем.
Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.
А Гасподзь хай скіруе сэрцы вашыя ў любоў Божую і ў цярплівасьць Хрыстовую.
Хай жа Пан скіруе сэрцы вашыя да Божай любові і Хрыстовай цярплівасці.
А наказваем вам, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, цурацца кожнага брата, які жыве гультаём, а не паводле паданьня, якое прынялі ад нас,
Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас.
бо вы самі ведаеце, як павінны вы пераймаць нас; бо мы не гультаявалі ў вас,
Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас
ні ў кога ня елі хлеба дарма, а займаліся працай і рабілі ноч і дзень, каб ня стацца цяжарам каму-небудзь з вас,
і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас.
не таму, каб мы ня мелі ўлады, а каб сябе саміх даць вам у прыклад на перайманьне нас.
Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання.
Бо, калі мы былі ў вас, дык наказвалі вам вось што: калі хто ня хоча працаваць, той і ня еж.
Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць.
Але чуем, што некаторыя ў вас жывуць гультаямі, нічога ня робяць, а хітра абыходзяцца;
Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі.
такіх умаўляем і пераконваем Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб.
Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.
А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро.
Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро.
Калі ж хто не паслухае слова нашага ў гэтым пасланьні, таго майце на прыкмеце і не вадзецеся зь ім, каб даць яму сораму;
Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены.
але ня лічэце яго за ворага, а стаўце на розум, як брата.
Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.
А Сам Гасподзь міру няхай дасьць вам мір заўсёды ва ўсім; Гасподзь з усімі вамі!
Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.
Прывітаньне маёю рукою Паўлаваю, што служыць знакам у кожным пасланьні; пішу я так:
Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.
мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.