2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
 
Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас,

і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо вера ёсць не ва ўсіх.
 
і каб мы ўсцерагліся ад крывадушных і ліхіх людзей, бо не ўсе маюць веру.

Але верны Госпад, Які і ўмацуе вас і ўсцеражэ ад ліхога.
 
Верны ёсць Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога.

Мы маем упэўненасць наконт вас у Госпадзе, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам.
 
Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.

Хай жа Госпад накіруе сэрцы вашы да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.
 
Хай жа Пан скіруе сэрцы вашыя да Божай любові і Хрыстовай цярплівасці.

Загадваем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб высцерагаліся вы ўсякага брата, які жыве нягодна і не паводле пераданаму, што вы атрымалі ад нас.
 
Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас.

Бо самі ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна
 
Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас

ды дарма чужога хлеба не елі, але ў рабоце і стоме, уночы і днём працуючы, нікому з вас не былі цяжарам.
 
і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас.

Не дзеля таго, што не мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для наследавання нам.
 
Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання.

Дык, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто не хоча працаваць, хай і не есць.
 
Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць.

Бо чуем мы, што ёсць некаторыя між вамі, што нягодна жывуць, нічога не робяць, а толькі мітусяцца.
 
Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі.

Такім, вось, што так жывуць, загадваем і заклікаем, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб, спакойна працуючы, елі свой уласны хлеб.
 
Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.

Вы ж, браты, не падайце духам, робячы дабро.
 
Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро.

Калі хто часам не паслухае слова нашага з ліста гэтага, такога майце на прыкмеце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены.
 
Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены.

Але не ўважайце яго за ворага, а ўшчувайце як брата.
 
Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.

Сам жа Госпад супакою няхай дасць вам супакой заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.
 
Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.

Прывітанне маёю рукою, Паўлавай, што ёсць знак у кожным лісце; так я пішу.
 
Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.