2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Дык вось, малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе шырылася і праслаўлялася, як і ў вас,
 
На-астатку, маліцеся, браты, аб нас, каб слова Гасподняе пашыралася і праслаўлялася, як і ў вас.

і каб нам пазбыцца падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх вера.
 
І каб мы былі пазбаўлены ад нягодных і ліхіх людзей, бо вера — не ва ўсіх.

Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і аслоніць ад ліхадзея.
 
Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і засцеражэ ад ліхога.

Мы пэўныя за вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем.
 
Што да вас — мы ўпэўнены ў Госпадзе, што тое, што мы загадваем, вы і робіце, і будзеце рабіць.

А Гасподзь хай скіруе сэрцы вашыя ў любоў Божую і ў цярплівасьць Хрыстовую.
 
А Госпад няхай скіруе вашы сэрцы да Божай любові і вытрываласці Хрыстовай.

А наказваем вам, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, цурацца кожнага брата, які жыве гультаём, а не паводле паданьня, якое прынялі ад нас,
 
А мы загадваем вам, браты, імем [нашага] Госпада Ісуса Хрыста, каб вы ўхіляліся ад кожнага брата, які ходзіць гультаём, а не паводле падання, якое вы прынялі ад нас,

бо вы самі ведаеце, як павінны вы пераймаць нас; бо мы не гультаявалі ў вас,
 
бо вы самі ведаеце, як вам належыць наследаваць нам. Бо мы не марнавалі часу між вас

ні ў кога ня елі хлеба дарма, а займаліся працай і рабілі ноч і дзень, каб ня стацца цяжарам каму-небудзь з вас,
 
і хлеба мы ні ў кога не елі дарэмна, але нястомна і напружана ўдзень і ўначы працавалі, каб не абцяжарваць каго-небудзь з вас;

не таму, каб мы ня мелі ўлады, а каб сябе саміх даць вам у прыклад на перайманьне нас.
 
не таму, што мы не маем улады, а каб даць вам сябе як узор для пераймання.

Бо, калі мы былі ў вас, дык наказвалі вам вось што: калі хто ня хоча працаваць, той і ня еж.
 
Бо калі мы былі ў вас, то гэта загадвалі вам: што калі хтосьці не хоча працаваць — няхай і не есць!

Але чуем, што некаторыя ў вас жывуць гультаямі, нічога ня робяць, а хітра абыходзяцца;
 
Бо мы чуем, што некаторыя між вас жывуць бясчынна, нічога не робяць, а толькі ўдаюць, што робяць.

такіх умаўляем і пераконваем Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб.
 
А такім мы загадваем і заклікаем [нашым] Госпадам Ісусам Хрыстом, каб яны моўчкі працавалі і елі ўласны хлеб.

А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро.
 
А вы, браты, не маркоццеся, робячы дабро.

Калі ж хто не паслухае слова нашага ў гэтым пасланьні, таго майце на прыкмеце і не вадзецеся зь ім, каб даць яму сораму;
 
Калі ж хто не паслухаецца нашага слова з гэтага ліста, таго адзначайце, каб не сходзіцца з ім, каб ён быў пасаромлены;

але ня лічэце яго за ворага, а стаўце на розум, як брата.
 
ды не лічыце яго за ворага, а навучайце, як брата.

А Сам Гасподзь міру няхай дасьць вам мір заўсёды ва ўсім; Гасподзь з усімі вамі!
 
А Сам Госпад міру няхай дае вам мір заўсёды і ва ўсялякі спосаб. Госпад няхай будзе з усімі вамі.

Прывітаньне маёю рукою Паўлаваю, што служыць знакам у кожным пасланьні; пішу я так:
 
Вітанне — маёю ўласнай рукою, Паўлаваю; гэта знак у кожным лісце; так я пішу.

мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з усімі вамі. [Амін.]