2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Дык мале́цеся за нас, браты, каб слова Гасподняе пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
 
На-астатку, маліцеся, браты, аб нас, каб слова Гасподняе пашыралася і праслаўлялася, як і ў вас.

ды каб нам вызваліцца ад распусьнікаў і людзе́й крывадушных; бо не у ўсіх ве́ра.
 
І каб мы былі пазбаўлены ад нягодных і ліхіх людзей, бо вера — не ва ўсіх.

Ве́рны-ж Госпад, які ўмацуе вас і захавае ад крывадушніка.
 
Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і засцеражэ ад ліхога.

Мы пэўныя адносна да вас у Госпадзе, што вы выпаўняеце і будзеце выпаўняць тое, што́ мы вам загадваем.
 
Што да вас — мы ўпэўнены ў Госпадзе, што тое, што мы загадваем, вы і робіце, і будзеце рабіць.

А Госпад няхай пакіруе сэрцы вашыя на любоў Божую і цярплівасьць Хрыстову.
 
А Госпад няхай скіруе вашы сэрцы да Божай любові і вытрываласці Хрыстовай.

Загадываем жа вам, браты, іме́ньнем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, што ходзе ня ў лад і не па пераказу, які прыняў ад нас,
 
А мы загадваем вам, браты, імем [нашага] Госпада Ісуса Хрыста, каб вы ўхіляліся ад кожнага брата, які ходзіць гультаём, а не паводле падання, якое вы прынялі ад нас,

бо вы самі ве́даеце, як трэба насьлядава́ць нас, бо мы не рабілі ў вас нягожага,
 
бо вы самі ведаеце, як вам належыць наследаваць нам. Бо мы не марнавалі часу між вас

дый ні ў кога ня е́лі хле́ба дарма, але ў працы і ўтоме рабілі ўначы і ўдзе́нь, каб не абцяжыць каго з вас, —
 
і хлеба мы ні ў кога не елі дарэмна, але нястомна і напружана ўдзень і ўначы працавалі, каб не абцяжарваць каго-небудзь з вас;

не затым, што мы ня ме́лі ўлады, але каб сябе́ самых даць вам за прыклад дзеля насьлядава́ньня нам.
 
не таму, што мы не маем улады, а каб даць вам сябе як узор для пераймання.

Бо, калі мы былі ў вас, дык загадалі вам гэтак: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня е́сьць.
 
Бо калі мы былі ў вас, то гэта загадвалі вам: што калі хтосьці не хоча працаваць — няхай і не есць!

Але чуем, што некаторыя ў вас нягожа паступаюць, нічога ня робяць, але матаюцца;
 
Бо мы чуем, што некаторыя між вас жывуць бясчынна, нічога не робяць, а толькі ўдаюць, што робяць.

гэтакім загадываем і молім (іх) Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, працуючы моўчкі, е́лі свой хле́б.
 
А такім мы загадваем і заклікаем [нашым] Госпадам Ісусам Хрыстом, каб яны моўчкі працавалі і елі ўласны хлеб.

Вы-ж, браты, не ўпадайце на духу, калі робіце дабро.
 
А вы, браты, не маркоццеся, робячы дабро.

Калі-ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго адзначце і не сябруйце з ім, каб быў асаромлены;
 
Калі ж хто не паслухаецца нашага слова з гэтага ліста, таго адзначайце, каб не сходзіцца з ім, каб ён быў пасаромлены;

але ня лічэце яго за ворага, а навучайце, як брата.
 
ды не лічыце яго за ворага, а навучайце, як брата.

Сам жа Госпад міру няхай дасьць вам мір заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.
 
А Сам Госпад міру няхай дае вам мір заўсёды і ва ўсялякі спосаб. Госпад няхай будзе з усімі вамі.

Прывітаньне мае́ю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:
 
Вітанне — маёю ўласнай рукою, Паўлаваю; гэта знак у кожным лісце; так я пішу.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з усімі вамі. [Амін.]