1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,
Пра час і пару (канца сьвету), браты, няма патрэбы вам пісаць.
бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.
Самі добра ведаеце, што дзень Госпадаў прыйдзе, як злодзей уночы, так і ён прыйдзе.
Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.
Калі бо скажуць: мір і бясьпека, тады раптам прыйдзе на іх загуба, як боль на цяжарную і не міне.
Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;
Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень той схапіў вас, як злодзей,
бо ўсе вы — сыны сьвятла і сыны дня: мы — ня сыны ночы, ні цемры.
усе бо вы з'яўляецеся сынамі сьвятла, дзецьмі дня; мы не належым ані ночы, ані цемры.
Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.
Дык ня сьпім жа, як іншыя, а будзьма пільнымі і цьвярозымі.
Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.
Тыя бо, што сьпяць — ноччу сьпяць, а тыя, што п'юць-ноччу п'яныя.
Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,
Мы ж , якія дню належым, цьвярозымі будзьма, адзетыя ў панцыр веры і міласьці і адначасова ў шлем надзеі збаўленьня.
таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Бо не прызначыў нас Бог на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Езуса Хрыстуса,
Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім.
памёршага за нас, каб мы ці вартуем, ці сьпім, жылі з Ім заўсёды.
Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце.
Таму пацяшайце адзін аднаго і падтрымоўвайцеся ўзаемна, так,як і робіце.
Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць,
Просім вас, браты, паважайце тых, якія працуюць у вас і кіруюць вамі ў Госпадзе і напамінаюць вам,
і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою.
больш любіце іх дзеля працы іх, захавайце з імі згоду.
Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.
Просім вас, браты, прыпыняйце неспакойных, падбадзёрвайце маладушных, апякуйцеся хворымі, цярплівымі будзьце з усімі.
Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.
Старайцеся нікому ліхам за ліха не адгожваць, рабіць заўсёды адзін аднаму тое, што добрае, здатнае для ўсіх.
Заўсёды радуйцеся.
Заўжды (будзьце) вясёлыя!
Бесьперастанку малецеся.
Усьцяж малецеся. За ўсё дзякуйце.
За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.
Такая бо ёсьць воля Божая ў Езусе Хрыстусе для вас усіх.
Духа не гасеце.
Не падайце духам.
Прароцтваў не прыніжайце.
Не ганьбуйце прароцтвамі.
Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.
Усё праверце; што добрае, — трымайце.
Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе.
Высьцерагайцеся ўсяго, што выглядае на ліхасьць.
Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Хай жа сам Бог супакою ўсьвячае вас у ва ўсім, каб увесь дух ваш і душа і цела захаваліся безаганнымі на прыход Госпада нашага Езуса Хрыстуса.
Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта.
Верны Той, Каторы паклікаў вас, які і даканае.
Браты! малецеся за нас.
Браты, малецеся за нас.
Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым.
Вітайце ўсіх братоў цалункам сьвятым.
Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам.
Прысягаю вас Госпадам, хай гэта пісьмо будзе прачытана ўсім братам сьвятым.
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
Ласка Госпада нашага Езуса Хрыстуса з усімі вамі. Аман.